Читаем Фаўст полностью

Што мне хвалі, што муры мне,Я ж упэўнены ў сабе!Сіла, моц мая абрынеПерашкоды ў барацьбе.Меч скую са сталі звонкай,Каб не сеў на горб тыран.Будзь, жанчына, амазонкай,А дзіця будзь, як тытан!

Хор

Слава паэзіі,Дзіўнай кудзесіі!Зоркай янаЗзяе з цямна,Грудзі лагодзіць,Дух наш малодзіць —Сэрцаў вясна!

Эўфарыён

Не, я не хлопчык кучаравы —Юнак узброены ідзе.На бой святы, на бой крывавыЁн за сабой братоў вядзе.На бой,Герой!Там слава і трыумф надзей!

Алена і Фаўст

Толькі да жыцця прызваны,Толькі ўбачыў ты святло,Як цябе на подзвіг бранны,На пакуты павяло.Ты наш адзін,Адзіны сын!Хіба саюз наш — сон і тло?

Эўфарыён

Вы з мора чуеце грымоты,Вам з поля бітвы гром чуваць —Там на апошнія аплотыНа сечу йдзе за раццю раць!Я прызнаюУ баі смерць сваю,Інакш навошта паміраць!

Алена, Фаўст, хор

Жудасць! Жах! Так прагнуць смерці?Хіба ж ты для смерці ўзрос?

Эўфарыён

Не на тое ўзрос я, верце,Каб такі спалохаў лёс!

Алена, Фаўст, хор

Там прорвішча жуды,Пагібель там!

Эўфарыён

Няхай! Лячу туды!Лячу к братам!Лячу да іхняй раціНа крылах мар!

Кідаецца ў паветра, нейкі момант адзенне нясе юнака, яго галава ззяе, за ім цягнецца светлы след.

Хор

Канец! Канец дзіцяці!Ікар! Ікар!

Прыгожы юнак падае да ног бацькоў; у ім нібы пазнаецца іншы знаёмы вобраз; аднак цялеснае адразу знікае, німб каметаю ўзносіцца ў неба, застаюцца толькі туніка, плашч і ліра.

Алена і Фаўст

Радасці нашай на змену —Гора, адчай.

Эўфарыён (голас з глыбіні)

Мяне ў царстве тлену,Маці, не пакідай!

Паўза.

Хор (жалобны спеў)

Не пакінем! — дзе б ні быў ты,Не парушым нашай згоды;Расстаёмся мы без крыўды,Сэрцам бо з табой заўсёды.Не патрэбен плач хаўтурны!Нам бы гэткі слаўны лёс:Ты ў жыцці быў светлы, бурны,Песню з мужнасцю пранёс.Слаўны родам, непагрэшны,Шчасце ты ў жыцці любіў.Толькі, мужны і мяцежны,Рана ты жыццё згубіў.Быў з людзьмі заўсёды шчыры,Востры, ясны меў пагляд,Ты спяваў, іграў на лірыІ кахаў красунь дзяўчат.Ты памчаў, як утрапёны,Прагнучы вялікіх спраў,Нашы звычаі й законыТы міжволі занядбаў.Сцвердзіў мужнасць і адвагуЧыстым розумам юнак.Найвышэйшага ты прагнуў,Ды здабыць не змог ніяк.Хто ж здабудзе? Хто закрыеБраму гора і пакут? —Акрываўлены тут ныеПад ярмом уціску люд.Песня, ў сэрцы зноў ўваскрэсні! —Годзе скрушліва рыдаць!Як зямля раджала песні,Так і будзе іх раджаць!

Доўгая паўза. Музыка заціхае.

Алена (Фаўсту)

На мне стары прысуд якраз збываецца:Што не жыве з красою шчасце доўгае.Кахання і жыцця слабеюць повязі.Даруй мне, я кажу, свой лёс аплакаўшы,І абдыму цябе яшчэ — на жаль! — апошні раз.Прымі ж мяне, о Персефона, з дзіцеткам.
Перейти на страницу:

Похожие книги