Верш датаваны 1812 годам. Паэт распавёў выпадак, які адбыўся ў маёнтку полацкага шляхціча Маліноўскага ў Шнітаўках. Гаваркі Мінка, што «першы сеў за стол», служыў у пана лёкаем і на загад гаспадара потым быў павешаны.
Дачыненні сялянаў з «пранцузам» хутка змяніліся. Па вёсках, пакідаючы за сабой пустыя хлявы і адрыны, гойсалі рэквізітары. Пад выглядам ахвяраванняў жаўнеры забіралі з кожнага двара па два пуды сена і саломы і па пяць — жыта і аўса. У жніўні Напалеон падпісаў новы ўказ аб рэквізіцыях, паводде якога з пяці заваяваных губерняў Вялікая армія павінна была атрымаць 528 тысяч тон збожжа, 100 тысяч тон аўса і 53 тысячы кароў.
Сяляне браліся за косы і сякеры. Барацьбой з французамі ў Полацкім павеце выславіліся жыхары вёсак Варонькі і Жарцы. У навакольных лясах дзейнічалі аддзелы з некалькіх дзесяткаў партызанаў, узброеных адбітымі ў непрыяцеля стрэльбамі.
Не ведаю, ці памятае хто ў сённяшніх Жарцах пра Максіма Маркава, што ў 1812-м стаў на чале тутэйшйх мсціўцаў Пасля вайны царскі ўрад узнагародзіў жарцаўскіх партызанаў крыжамі і медалямі. Героі палічылі сябе за вольных людзей і адмовіліся ісці на паншчыну. Іх пан Жаброўскі меў на гэты конт іншую думку. У дадатак да медалёў ён загадаў усыпаць кожнаму ніштаватую колькасць бізуноў і сам назіраў за экзекуцыяй, прыгаворваючы: «Вось табе вольнасць, вось табе крыж».
Вызначылася падчас напалеонаўскага нашэсця і сялянка з вёскі Пагуршчына (цяпер у межах горада) Фядора Міронава. Паклаўшы ў кошык сёетое на продаж, яна колькі разоў хадзіла ў Полацк, прыносячы адтуль у расійскі штаб звесткі пра размяшчэнне войскаў і сховішчаў Фядора таксама спадзявалася вырвацца з няволі, аднак пан не ўлічыў баявых заслуг сваёй рабыні і пасля вайны прадаў яе ў іншы павет. Колішняя выведніца выправілася шукаць праўды ў СанктПецярбург. Былы камандзір вітгенштэйнаўскага авангарда генерал Упастаў узяўся хадайнічаць, і ў выніку Фядора вызваліла з прыгону і сябе, і ўсю сям’ю. Апрача таго, наша прадпрымальная зямлячка атрымала срэбны медаль і пяцьсот рублёў — фантастычнае для тагачаснага селяніна багацце.