Апоўначы ён разбудзіў яе, каб развітацца. Шашура быў, як звычайна, вясёлы, з Аксінняй размаўляў па-прыяцельску, жартаваў.
За тое, што было ўночы, ён не адчуваў ні сораму, ні каяння. Дарэчы, Шашура, здаецца, наогул ніколі не раскайваўся.
Ён цяпер думаў пра Аксінню з вялікай павагай. Строгая жанчына! Цвёрды чалавек, надзейны. На такую жонку можна было б спадзявацца.
«Я, здаецца, магу неўзабаве перастаць цаніць сваю халасцяцкую волю!» — падумаў здзіўлена падрыўнік.
Шашура быў да вайны жанаты, але няўдала. Жонка яго аказалася прыдзірлівай i страшэнна раўнівай жанчынай, у сям'і часта ўзгараліся спрэчкі, i, урэшце, Шашура не вытрымаў — развёўся з ёю.
З той пары ён вельмі скептычна адносіўся да кахання i да сямейнага шчасця. Таму ён i думаў пра сваю прыхільнасць да Аксінні са здзіўленнем. Гаворачы жанчыне ўночы, што любіць яе, падрыўнік сам мала верыў у свае словы.
Аксіння, здавалася, забыла пра нядаўняе здарэнне. Яна лагодна развіталася i нават папрасіла, каб ён не забываў дарогу да яе, заязджаў у госці.
— Ты што гэта? Так, для жарту?
— Сказаў! Якія тут могуць жарты.
— Сур'ёзна, значыцца.
— Сур'ёзна.
— Ну, што ж, трэба будзе падумаць... строгая ты надта!..
— А ты вельмі скоры!..
— Скоры? Гэта — праўда, ты гэта правільна!
Шашура зарагатаў.
— Значыцца заехаць?— Ён нахмурыўся, заклапочана пацікавіўся: — A біцца не будзеш?
Яна ўсміхнулася.
— Не буду, калі ты будзеш... разумнейшы... i хлусіць перастанеш!
— Хлусіць? Век не хлусіў...
— Кажы мне. Ну ідзі ўжо.
— Іду. Ну, што ж, бывай, сонейка мае строгае!
Ён паслаў ёй «пацалунак» i хутка, весела падаўся з двара.
4...
Шашура паявіўся на месцы збору амаль адначасова з усімі. Адчуваючы сябе крыху вінаватым i стараючыся ўтаіць затрымку ў дарозе, ён, насцярожаны, паспяшаўся далажыць Ермакову аб сваім прыбыцці.
Шашура заўважыў, што Ермакоў у добрым настроі, i ў яго адлягло на душы. Калі i даведаўся, то, напэўна, не стане вельмі прыдзірацца. Але камбрыг не ведаў: ён спаткаў дабрадушна, ні словам не крануўся той тэмы, якой асцерагаўся падрыўнік.
— Ну, пахавальных спраў майстар, рыхтуйся! Хутка пойдзем! — па-прыяцельску ляпнуўшы Шашуру па плячы, сказаў Ермакоў.
— Ды я гатоў, таварыш камбрыг, як піянер — заўсёды!
— Ну, ну — піянер, сказаў!.. Вагой дзевяноста кілаграмаў! З цябе магарыч трэба б: імяніннік сёння.
— Ды ўжо ж, свята маё!
Шашура сапраўды адчуваў сябе імяніннікам. Уся брыгада сёння будзе на «жалезцы». Гэты факт як бы пацвярджаў аўтарытэт яго падрыўной справы. Шашура быў бязмерна захоплены сваёй прафесіяй, таму такая павага да яе была яму найлепшай хвалой.
Ён славіўся ў брыгадзе як выдатны падрыўнік. Яго не выпадкова называлі — «пахавальных спраў майстар». Шашура пахаваў вельмі многа ахвотнікаў да чужых зямель i багаццяў.
Быў ён чалавекам вельмі дзейным i вялікім выдумшчыкам. Яго міны ірваліся не толькі на дарогах, але i ў кабінетах гестапа, i ў аўтамабілях гітлераўскага начальства. Шашура сам прыдумаў некалькі мін з «сюрпрызамі», якія ніхто не мог размініраваць. Ён умеў падрываць нямецкія саставы бомбамі, якія выкопваў у полі.
Багата чаго ўмеў ён.
Званне «пахавальных спраў майстар» далі яму недарма. Праўда, трэба сказаць, спачатку гэтае званне мела іншае значэнне, — аб чым цяпер у брыгадзе мала хто ведаў.
Вайна застала Шашуру ў ціхім беларускім гарадку. Гарадок захапілі немцы хутка, i Шашура не змог уступіць у армію. Першыя дні ён адседжваўся, не бачачы іншага выхаду са свайго становішча. Сядзець без справы ён не мог, але ісці працаваць лічыў ганьбаю для сябе. Ісці працаваць азначала — дапамагаць гітлераўцам, — а ён бярог сваю годнасць...
Між тым працаваць трэба было, ён не меў ні хаты сваёй, ні хлеба. I Шашура стаў думаць, чым бы пры такім становішчы заняцца? Пошукі-развагі яго доўга не давалі нічога добрага: усё выходзіла — працаваць на захопнікаў. Нарэшце, яго захапіла ідэя, якую ён назваў геніяльнай. Што гэта за ідэя, можна меркаваць з таго, што на другі ж дзень каля яго каморкі з'явілася шыльда: «Пахавальнае бюро. Майстар Шашура. Робіць труны, крыжы i г. д.».
Ён павесялеў: так можна працаваць на няпрошаных чужынцаў! Абы-толькі пабольш ix на той свет адпраўлялі.
Яго прадпрыемства некаторы час было без заказаў. Але неяк восенню гітлераўцы запатрабавалі адразу паўтара дзесятка трун, i майстар аддаў ім заляжалы тавар.
Шашура, аднак, не адчуў палёгкі. Па-першае, хацелася нейкай, як ён казаў, «весялейшай працы», па-другое, робячы труны, ён усё-ткі нібы працаваў на ворагаў. Няхай бы гэтая поскудзь ляжала i гніла непрыбраная!
I Шашура стаў упарта падумваць, што трэба ісці ў лес, партызаніць. Ён перабыў зіму, a ўвесну з сваімі памочнікамі, ix было ўсяго тры чалавекі, са зброяй, накіраваўся ў лес. Сталі называцца дыверсійнай групай.
Праз месяц — паўтара «група» яго ўлілася ў даволі вялікі атрад Тураўца.
Але мянушка «пахавальных спраў майстар» засталася за Шашурам па-ранейшаму. Праўда, цяпер яе многія разумелі вобразна: сапраўды па-майстэрску адпраўляў фашыстаў на той свет падрыўнік!
5...