Позна ўвечары рушылі да чыгункі, да якой было яшчэ кіламетраў шэсць ці сем. Самая вялікая штурмавая група з Ермаковым пайшла ў кірунку паўстанка, што быў умацаваны дзотамі. Ермакоў забраў з сабою i абедзве гарматы.
Разам з партызанамі папрасіўся ісці на дарогу i касец.
— Што ж я маю сядзець тут, як арыштант? Вазьміце i мяне, я пакажу ўсё. Я ж там, сказаць, кожную сцежачку ведаю.
Яго ўзялі з сабой. Дождж перастаў, хмары падняліся вышэй, нібы палягчэўшы раптам, i навокал змрок змяніўся прывіднай шэранню.
— Зараз выгляне дзе-небудзь месяц, — прарочыў Шашура. — Калі я іду на чыгунку, ён заўсёды высоўваецца, каб мне трэба было паўзці цішэй.
Калі, абмінаючы гарнізоны, атрады ціха наблізіліся да чыгункі, Дрозд паклікаў Крайко i сказаў:
— Вася, давай! Ды асцярожней.
Крайко, прыгнуўшыся, адбег да сваіх хлопцаў. Праз хвіліну хлопцы паўзком падбіраліся да агарожанага дзота каля насыпу. Дзот быў на правым флангу таго ўчастка дарогі, які павінен быў узарваць Дрозд. Iм трэба было непрыкметна падабрацца і, калі Ермакоў пачне штурм паўстанка, закідаць дзот гранатамі, прымусіць яго сціхнуць.
Туравец з Драздом, камандзірам атрада i Шашурам, выбраўшыся наперад усіх, ляжалі непадалёк ад чыгуначнага насыпу на ўскрайку лесу. Ад палатна ix аддзяляла цяпер толькі высека, якую зрабілі немцы абапал дарогі. У цемры чарнелі пні.
Па насыпу прайшлі, перагаварваючыся, патрульныя. У цішыні Туравец пачуў, як шоргаюць па шпалах ды па жарстве боты. Патрульныя то адзін, то другі часам прыпыняліся i азіраліся. Прайшоўшы крокаў сорак, пастаялі на месцы, потым маўкліва павярнулі назад.
Шашура ціха, але ўзварушана прашаптаў:
— Круцяцца тут на сваю пагібель!..
Туравец мімаволі ўявіў, колькі вачэй у гэтую хвіліну сочыць за патрульнымі.
Ён прыслухаўся. Там, куды пайшла штурмавая трупа, што павінна пачаць бой першая, было па-ранейшаму ціха. Туравец падумаў занепакоена: чаму яны позняцца?
— Трэба было б пачынаць, — варухнуўся нецярпліва Шашура. — Чаго яны, каліна-маліна, там?
— Нейкая замінка, мабыць...
Ціхая, спакойная ноч. У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка i сціхла. Галаву дурманіць густы пах лесу. Уночы, калі паветра напаўняецца вільгаццю, пахі мацнеюць. Пахне застаялай сырасцю, асіннікам, балотнымі травамі.
У галаве Тураўца заварушыліся думкі: «Якую безліч дрэваў высеклі каля чыгункі. I ці даўно, здаецца, было гэта. А вунь ужо на высецы такі хмызняк прэ»...
Яго развагі перабіла радасная думка: сёння павінна вярнуцца Ніна, — можа, нават яна ўжо дома...
Злева прагучалі два разложыстыя гарматныя стрэлы, узляцела малінавая ракета.
Услед закіпела страляніна бліжэй, дзе быў Крайко. Туравец адразу ўстрапянуўся: пачалося!
Па гуках бою ён чытаў пра тое, што робіцца на паўстанку. Бой быў зацяты: важка бухалі гарматы, амаль няспынна трашчалі аўтаматы i кулямёты. Пакуль нельга было сказаць, што немцы паддаюцца...
Між тым каля дзота пачуліся выбухі гранат. Значыцца, узвод Крайко падышоў блізка. Сячэ кароткімі частымі чэргамі кулямёт. Чаму раптам прыціхла ўсё? Не, не прыціхла. Здаецца, толькі кулямёт змоўк.
Цераз бязладную страляніну прарваліся напорныя ўрачыстыя воклічы. На дапамогу Васю пайшла ўся рота.
Яшчэ злева, дзе быў Ермакоў, кіпеў бой, а Туравец рашуча ўзняўся:
— Час пачынаць.
Дрозд услед паўтарыў:
— Час.
Павярнуўшыся тварам да лесу, Дрозд спакойна, але моцна крыкнуў:
— Наперад, хлопцы! На жалезку!
— На жале-е-е-зку-у!— як бы шматгалосае водгулле пакацілася па ўзлессю.
Відаць, там толькі i чакалі гэтага жаданага слова, бо яго адразу прагна падхапілі. Маўклівае, вільготнае ўзлессе адразу ажыло, заварушылася, зашумела нястрымна, як ад навальнічнага ветру.
Першымі рушылі партызаны ca штурмавой групы. З пагрозным крыкам, аббягаючы пні, сыходзячыся, яны прабеглі, пратупалі паўз Тураўца, запоўніўшы пустую датуль высеку цёмнымі рухомымі постацямі.
Пры насыпу партызаны пачалі разыходзіцца ў абодва бакі, ачышчаючы чыгунку. Ix націск быў такі моцны i дружны, што нямецкая ахова зрабіла толькі некалькі бязладных стрэлаў, як была змецена.
Дачакаўшыся, нарэшце, сваёй пары, на насып узняліся падрыўнікі Шашуры. Некалькі чалавек падкладвалі шашкі, другія запальвалі шнуры, — неспакойныя агеньчыкі множыліся, мігцелі, варушыліся, разыходзячыся ўсё шырэй у абодва бакі.
Над адным агеньчыкам імпэтна кінулася белае зыркае полымя, здрыганулася зямля, i адразу рэзка, з металічным скрыгатам, ноч ірвануў моцны выбух.
Яшчэ не сціх пошчак, які пайшоў па наваколлі, як на насыпе грымнула ў другі раз, асвятліўшы на міг дарогу i высеку зыркім прагным полымем.
Выбухі ўскідваліся адзін за адным, бегучы ўправа i ўлева.
У Тураўца ў сэрцы ўсё заспявала, яму таксама хацелася кінуцца падкладваць шашкі. Ён успомніў, як у мінулы год з сялянамі выварочваў рэйкі ломам. Вось i цяпер у яго было сілы якраз для такой працы!
Туравец не перакінуўся ні з кім i словам, бо грукат глушыў усё. Ды i не да гаворкі было!
Раптам ззаду, у лесе, сталі ірвацца снарады. Білі, відаць, гітлераўцы з далёкай вёскі. Стралялі яны наўздагад, i снарады звычайна рабілі пералёт, але некалькі са скрыгатам лягло непадалёк на высеку.