Падуладнасць Полацка доўжылася да наступнага года, пакуль вялікі кіеўскі князь Мсціслаў не прыслаў крывічам загаду ісці ў паход на полаўцаў Усяславічы не проста адмовіліся, а яшчэ і пакпілі з Мсціслава: «Ты с Боняком Шелудяком (зняважлівая мянушка палавецкага хана) здравствуйте оба й управляйтесь самй, а мы ймеем дома что делать». Кіеўскі гаспадар «вельмй оскорбяся» і адразу пасля вайны з качэўнікамі кінуў супроць нашчадкаў Чарадзея дружыны ўсіх паўднёварускіх земляў Пяцярых полацкіх князёў ворагам удалося захапіць у палон і завезці ў Кіеў Пасля паказальнага суда іх з жонкамі і дзецьмі адправілі ў Візантыю. Тады і нарадзілася беларуская прымаўка «Мсціслаў не аднаго сціснуў».
Візантыйскі кесар Іаан, да якога ў 1129 годзе прыбылі выгнаннікі, даводзіўся Рагвалодавічам сваяком, таму высылка была ганаровая. Крывіцкія князі не марнелі ў турмах, а займаліся звыклаю справай. Кесар паслаў іх на вайну з сарацынамі (арабамі), дзе палачане хутка вызначыліся вайсковым майстэрствам і атрымалі ўзнагароды.
Некаторыя сучасныя аўтары, спасылаючыся на неназваныя, на жаль, візантыйскія крыніцы, падаюць непасрэдна звязаную з высылкаю Рагвалодавічаў найцікавейшую гісторыю.
Калі ёй верыць, разам са сваякамі ў Візантыю трапіла ў 1129 годзе і народжаная ў апошнія гады жыцця Усяслава яго дачка Дабрадзея, у хрышчэнні Зоя. МужчыныРагвалодавічы ваявалі, а жанчыны і дзеці засталіся пры імператарскім двары, дзе і адбылася сустрэча Зоі з пляменнікам кесара і спадкаемцам трону Аляксеем. Ён быў на чатыры гады маладзейшы за Усяслаўну, але так захапіўся прыгажосцю і розумам палачанкі, што ўжо праз месяц пасля з’яўлення той у Канстанцінопалі павёў яе пад вянец.
Зоя нарадзіла дачку і, увайшоўшы ў імператарскую сям’ю, выславілася як выдатная лекарка, што ўратавала тттмат безнадзейных хворых. Зайздрослівыя калегі і сёйтой з прыдворных спрабавалі абвясціць палачанку «чарадзейкаю», але тая знаходзілася пад надзейнай абаронаю мужа, дзякуючы якому па часе магла стаць імператрыцаю. Ды Аляксей Камнін памёр малады, Усяслаўна не паспела нарадзіць ад яго хлопчыка і ў выніку, паводде тагачасных візантыйскіх законаў была выключаная са спісу прэтэндэнтаў на імператарскі трон. Аплакаўшы мужа, яна не пайшла ў манастыр, а працягвала сваю лекарскую практыку і пакінула пасля сябе кнігу пад назваю «Мазі». Гэта быў першы ў Еўропе медыцынскі трактат, напісаны жанчынай. У ім досвед усходнеславянскай медыцыны спалучаўся з вучэннем вядомага ў тыя часы лекара Феафракта. 3 пяці частак кнігі чытач апрача рэцэптаў мазяў меў магчымасць атрымаць звесткі пра чатыры тыпы чалавечага тэмпераменту, пра лекавы масаж, гігіену шлюбу, догляд за немаўлятамі. Цяпер трактат асвечанай палачанкі нібыта захоўваецца ў бібліятэцы Медычы ў Фларэнцыі.
Пакуль Рагвалодавічы ваявалі з ворагамі Візантыі, кіеўскія намеснікі рабавалі Полацкую зямлю, хадзілі паходамі на яе мірных даннікаў секлі галовы гуслярам, што адважваліся спяваць пра подзвігі Чарадзея.
Трэці раз у гісторыі рабілася спроба звесці полацкую дынастыю са свету. I зноў — марна. Калі праз дзесяцігоддзе двое братоў Рагвалодавічаў вернуцца з высылкі на Бацькаўшчыну, тая ўжо будзе вызваленая ад захопнікаў Полацкае веча ў 1132 годзе выганіць з горада кіеўскага стаўленіка Святаполка і абвесціць князем Усяслававага ўнука Васільку, якому нейкім чынам удалося пазбегнуць выгнання.
Спадкаемцы князя-вешчуна ўзбагацілі радавод Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі.
Князёўна Сафія, дачка князя менскага і полацкага Валадара, у 1157 годзе ўзяла шлюб з каралём Даніі Вальдэмарам I. Яе дзеці сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.
Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увойдзе ў гісторыю. Але найболыпую славу прынясе Полацку пасля Усяслава яго ўнучка Еўфрасіння. Яна стане нябеснаю апякункаю Беларусі, а ў зямным жыцці будзе найадукаванейшай жанчынаю свайго часу ва ўсёй Еўропе, выдатнай асветніцай, якую параўнаюць з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».
АСВЕТНІЦА 3 РОДУ УСЯСЛАВА
Дзяўчынцы, што нарадзілася ў сям’і князя СвятаславаГеоргія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Так звалі яшчэ бабулю ганарлівай Рагнеды. Паводде тагачаснага звычаю, атрыманае адразу па нараджэнні імя пасля хрышчэння магло змянідца, але маленькая князёўна засталася Прадславаю.
Яна з маленства чула паданні пра дзеда, пра РагнедуГа-рыславу ды іншых славутых продкаў чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці Полацку. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі — адукаваныя манахі, якія хутка навучылі Усяслававу ўнучку чытаць і пісаць. Падручнікамі служылі Святое Пісанне, жыццяпісы святых…
Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю жыція — апісання зямнога шляху і духоўных подзвігаў святой. Створыць яго ў канцы XII стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў.
Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей як у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.