я радуюся ад таго што
ходзіш дзеля мяне ты
ідзеш насустрач прыгодзе
якая была
альбо не была
а магла і адбыцца
з трыма галубятнікамі
п’янымі
у пустым гразкім завулку
што сыра імгліцца
і нічога ты не разумееш
ні таго што са мной ідзеш поруч
але
для мяне цёмнай ноччу
твае міны нязграбныя жэсты
і не баючыся нічога ідзеш ты
не тое што ты — а не хтосьці
важна што йдзеш
дзеля мяне такі моцны
што
дзеля мяне такі важны і ўзнёслы
што
дзеля мяне такі ўжо дарослы
мой гладыятар са школьнага балю
ПЕРШЫ ПРЫХОД
спярша было па-дурному
чаму — здагадайся
ты ўсміхалася кветкам
кветкі мне
я табе ўсміхаўся
за акном стаяў шэры дзень
хату
дождж здаецца ахутваў
а ў пакоі трывожна напята
як у баладах
усё было яўнае дома
нашто сваё першае ўкладваць
у сказ у якім усё сцёрта вядома
паглядзела на маятнік
магніціцца ціша замшавым ценем
вагаешся
ісці — не ісці
ужо — ці яшчэ не...
падае падае слова
і чыесь вершы
а потым клавіш першы
абудзіў піяніна
кветкі прапалі
гадзіннік спыніўся
і не было ўжо нічога ў пакоі
я зноў паўтараю іграю
пласціпку светлых мелодый
і дзякую
дзякую
за першы прыход твой
ВЫПУСКНІЦА
калі маладосць калышацца
і напінаецца
пад звон каруселі
калі плыве пад ветразем
надзьмутым пругка
ружа вятроў у валасах
і ружа вуснаў
параўноўваю
археалогію ікаравай тугі
з галоўкай касмічнай ракеты
ведаю
напачатку былі птушкі
а сёння лячу ў блакіт
напачатку былі птушкі
напачатку была младосць
напачатку было каханне
калышу калышу
вачамі свет
зоркі сцягваю ўніз
кіўком галавы
і касу з кручком
ізумруднай какарды
закідваю ў плынь юнакоў
пад вербамі і каштанамі
сябе адкрываю
у выбухах свядомасці
тварам да твару
у абстрэле паглядаў позіркаў слоў
раздваеннях свядомасці
у падабенствах
са спалохам у запытанні
ці гэта Я учарашняя
адкажы
якая ўсё-ткі Я
аднак іду ў ваду
якая ўсё глыбее
божа дай мне малю
пясчанае дно
і празрыстую плынь
і блакіт
у якім ты цяпер
я з атэстатам сталасці
іду насустрач смутку
іду ў няволю вольнасці
веру ў верны выбар свету
што будзе люстэркам
маёй усмешкі
БЫЛО ТОЕ ДАЎНО I НЯПРАЎДА
раўнадушна
з холадам вонкавым абмінаючы
абмацваеш мяне ты вачыма
нават не скажаш мне:
дзень добры
нават не скажаш:
да пабачэння
рэдка пырхне слова
між табою і мной
на кажановых крылах
а зданяў іглістых ядловец
раніць заўсёды даткліва
мая панурая
пятнаццацігадовая
а бурклівая
адно як заснеш
калі мяне няма для цябе
і ты перапоўнена
снамі
углядваюся я ў цябе потайкам
і знаю
а я
перш чым прачнуся
перш чым сны растварацца
рана
рана
чую як туркочуць маторы
не казалі сабе мы: дабранач
не скажам сабе: дзень добры
ашукваем мы прахожых
вуліца
дом
бакавушка
кажуць: якія чужыя якія варожыя
толькі сябе ашукаць не можам
дачушка
.........................
у назве гэтага верша
найбольшы боль і скарга
паслухай:
было тое даўно і няпраўда
САМОТА
часам надарыцца гэтакі дзень
абвяшчэння самоты
калі насуперак самой сабе
хочацца выйсці
пачаставацца цішай
ды дзе знайсці
такую сцяжыну
якую б хтосьці не пратаптаў
і каб нават уласны мой след
мяне даганяючы
не грукатаў за плячыма
дзе адшукаць такую глуш
і такую пустыню
каб не цягнуўся за мной
нават мой цень
маё рэха
маё імя
дзе знайсці мне месца на зямлі
у якім адно сябе пачую
вызваліўшыся
з зелені і архітэктуры
так бы хацела прысесці
сама ля сябе
у непарушнай цішы
распусціць валасы
мовіць адно пра сябе
і толькі сябе слухаць
нават ты
адыдзеш тады ад мяне
будзь жа мной
ува мне.
ДУБ НАТХНЕННЯ
Хто выдумаў так той дуб
I хто апланаваў
Далягляд, у які
Ён упісаўся, кампактна стаў?
Карэнне, як жылы, пусціў
На пясчаных, гарбатых узгорках,
А шумлівым лісцём
Нырае ў блакітнае мора.
Хто выдумаў гэткі дуб,
З такой лірычнай высновай,
Што ў кроне, нібы ў галаве,
Трымае гняздо буслова?
Адгэтуль вёска відаць —
Платы, цэркаўка, хаты
I нізка схілены крыж —
Плён жыцця небагаты.
Ясна — калі б не дуб,
Вятры узгорак разнеслі б
I збяднеў краявід
Вёскі, што просіцца ў песню.
Вёскі гэтай маёй
З хатаю, кузняй, ставам,
З крыжам на стыку дарог,
З рэчкай, з мостам дзіравым.
Не было б і гнязда,
Дзе абжываецца бусел,
I найперш не было б
Радкоў гэтых самых, мусіць.
СЦЕЖКІ
Праф. Стафаніі Скварчынскай
Сцежак не плануюць,
Не пракладаюць.
Сцежак няма на карце.
Але яны існуюць.
Злучаюць вёску з вёскай,
Хату з хатай суседа,
З крамай і з школай,
З карчмой і з касцёлам,
З кузняй і з млынам,
Лес — з ракой,
Хлопца — з дзяўчынай.
Іх пясведама людзі пракладваюць —
За годам год,
Кожны дзень, кожную ноч,
Басанож, у лапцях, у ботах,
Па мурагу, пяску, сумётах,
У маршы і ў бегу —
Мудра і лагічна звязваючы
У супольнасць і залежнасць,
Сяброўства і міласць.
Гляджу ў далячынь я вачамі цыганкі
На сцежкі, дарожкі,
Нібы на барозны далоні,
Раскрытай для варажбы.
Колькі сцежак вядзе да цябе?
Колькі сцежак вядзе ад цябе?
Я пагляджу. I скажу табе,
Хто ты.
КАБ ЯШЧЭ РАЗ
Каб яшчэ раз
прывітаць шчэбет
і сонцаўсход
на лясной дарозе.
Каб яшчэ раз
заснуць на хаду
у страі
ці ў духмяным стозе.
Каб яшчэ раз
з месца ў галоп
і ў Нёмане выкупаць коней.
Каб яшчэ раз
ноч згубіць,
заўтрашні дзень дагнаць
на перагоне.
Каб яшчэ раз
паскакаць цыганачку
на вяселлі ў вясковай хаце...
Каб яшчэ раз...
мой трыццаць гадоў
як прыяцель.
ВЫРАЙ
Янку Брылю
Калі набліжаецца восень
Дубы адлятаюць у вырай
Пакідаючы гнёзды з карэння
З пісклянятамі жалудоў
I тады
Грэюць косці свае