Калі б ні прыпаў я да струн Тваіх кніг,Поруч бацька сядае, што пайшоў назаўсёды,— Твой зямляк, з тых жа самых краёў Наднямоння...Там, пад цёплым любові таўром, дом мой родны:Маці (ведае кнігі Твае ўсе на памяць),Брат задумны, сястра, закаханая ў Нёман...Калі месяц кідаў на касцёл навагрудскі Цень ад замка ў руінах — пілою зубатай,—Як Ты колісь,— блукаў тут і я, закаханыУ дзяўчо-вузкавочку з завулкаў татарскіх.Па слядах маладосці Тваёй вандраваў я,Як цябе, калыхала з дзяўчатамі Свіцязь,I былі закаханыя ўсе мы ў той томік,На якім Тваё імя стаяла, Адаме.Твае словы я ў гуках вышукваў і ў фарбах,У абліччах людскіх, зорным небе й сінечы,—Ты ж іх шчодра, як зерне, рассыпаў усюды,Каб цвілі маладосцю яны векавечнай.Воза скрып на распаленай, сыпкай дарозе,Млосць ядлоўцу, дзядоўніку сінія кветкі,Бурштыновая — з коўзкім арэхам — вавёрка,Ручаінка пад клямкай крывою масточка;Як замовы — млыны, курганы — як паданні,Цэрквы, могілак жудасць бяззорнаю ноччу,Стрэхі ў моху, свіронкі, грэблі, копанкі чорныя,Смех крынічак — і спеў «жураўлёў» даўгашыіх;Перавозы, брады, чаек тлум над чаўнамі,Шчары шызай дарога, блакітны тракт Нёмна...О, Адаме! Паўсюль, скрозь у гэтых малюнках —Твая постаць, і вусны, і вочы, і сэрца!..Ўзіму,— воўчыя зрэнкі, ашклёныя сцюжай, Далягляд абніжаюць лядзяным мігценнем,—Я з Дзярэчына браўся, страляючы пугайНад трывожнымі коньмі і брычкай пявучай.Увесну, едучы ў Слонім хрыбетнікам грэбліПаўз асколкі люстэрак на поплаве росным, Думаў я: ці калі Ты блукаў тут, Адаме?Грэбля ж, як ксілафон, Тваім ладам звінела.Летам — зелень, блакіт і дзявочыя вочы, Працінае гармонік вечаровую цішу,А панураю восенню — вёска ў панцыры ночы Залатым пульсам вокан цямнечу калыша.На пясчаным гарбе — волат дуб-раскарака, Варта гонкіх таполяў наўкол гаспадарак,—З кніг Тваіх знаў я гэта ўсё лепш і дакладней, Чым пасля мне наяве пабачыць прыйшлося. Паўтараў Твае вёсны ў тых самых мясцінах, Між людзей гэткіх самых з засценкаў і вёсак. О, каб мог я патрапіць расказаць пра ўсё гэта З Тваёй сілай любові, з радкоў Тваіх звонам! Дзе, калі б ні прыпаў я да струн Тваіх кніг,— Поруч бацька сядае, што пайшоў назаўсёды, Маці (ведае кнігі Твае ўсе на памяць),Брат задумны, сястра, закаханая ў Нёман...