Туравец амаль усю дарогу думаў над словамі Малініна. Сапраўды, можа так здарыцца, што праз які месяц — другі ён вернецца ў горад. Ад гэтай думкі на душы ў Тураўца было весела i па-святочнаму легка. Яму неяк мала ў той час даходзіла, што горад разбураны, што многае там будзе выклікаць горкія ўспаміны. Балюча было прыгадваць першыя дні вайны, смерць жонкі... Але радасць, якая яго захапіла, была такой хвалюючай, чаканай, што прыглушыла, прыцішыла ўсё.
З учарашняга дня, ад размовы з Малініным, у Тураўца ў настроі, у думках, ва ўсёй душы шмат што змянілася, перайначылася. Адно, што было раней, хоць i любым, але далёкім, наблізілася, памацнела, а другое, дасюль звыклае, неяк паглушэла i адышло. Тое, што ўлілося ўчора, цяпер амаль адно займала яго, хвалявала, рабіла Тураўца як бы памаладзелым, нецярплівым.
Туравец у думках хадзіў па заваленых вуліцах горада, аглядваў анямелы, спустошаны цэх станкабудаўнічага завода. Ён накіроўваў камуністаў на хлебазавод, каб у першы дзень даць гораду хлеб. Трэба ўлічыць настаўнікаў, пазнаёміцца з імі. Школы трэба аднавіць... Думаў камісар пра ўсе свае будучыя клопаты з такой ахвотай i цікавасцю, што амаль не прыкмячаў, як ідзе час.
Між тым яны ўжо набліжаліся да лагера. Сівы, у яблыках, неспакойны конь Тураўца, пачуўшы блізкасць лагера, заспяшаўся i галасіста заіржаў. Дарога спусцілася ў неглыбокую лагчыну, пасярэдзіне якой, ахінутая высокай вільготнай травой, цякла ціхая празрыстая ручаіна. Конь, ступіўшы ў яе, пацягнуўся да вады.
Далей дарога ўзбівалася на невялікі, але круты ўзгорак, Туравец раскілзаў каня i, пакуль ён піў, моўчкі назіраў, як разыходзіцца, круціцца каля конскай мызы вада. Спатоліўшыся, конь ускінуў галаву, матнуў ёю i фыркнуў: у паветры весела бліснулі кроплі вады...
На ўзгорку Туравец аддаў каня ардзінарцу i да лагера ішоў пеша. Саскочыў з каня i Ермакоў. Ісці пасля доўгай язды, ад якой занямелі ногі i адзервянела спіна, было лёгка i прыемна.
— Каго нам паслаць у Мінск? — загаварыў Ермакоў.
Ім у штабе загадалі паслаць разведчыка ў Мінск. Патрэбны былі новыя падрабязныя весткі аб размяшчэнні ваенных аб'ектаў у горадзе.
Ермакоў i Туравец сталі меркаваць, каму можна даручыць такое заданне. Абодва лічылі, што паслаць трэба каго-небудзь такога, хто быў у Мінску i добра ведае горад.
Прыпомнілі некалькі чалавек, якія маглі б падысці для такой справы, нарэшце, камбрыг згадаў Лагуновіч Ніну. Яна, на думку Ермакова, магла б справіцца лепш за іншых.
Туравец задумаўся.
— Лепш то, можа, лепш... Але...
— Што яшчэ?
— Разумееш, маці ж яна. Дзіця ў яе. У Мінску... Маці, разумееш?
— Ну, дык што?
— A калі там здарыцца што-небудзь?..
— З кожным можа здарыцца. Ніхто не засцярожан ад гэтага.
— Ну, вось, я да таго i кажу... небяспечна...
— Ну, a другія што — не такія людзі?
— I такія, i не такія. Яна ж — маці, разумееш?
— Ведаеш што, Нічыпар: адна — маці, другая — сястра, у таго — брат, — Ермакоў гаварыў рэзка i рашуча. — Па-мойму, яна падыходзіць. I няма чаго тут думаць i выдумляць...
— Што ж, Ніну, дык Ніну.
Туравец уздыхнуў.
— Займіся ты разведкаю, Нічыпар Паўлавіч, — папрасіў мякчэй камбрыг. — Бо мне з «рэйкамі» будзе клопату, аж залішне.
Яны гаварылі ціха. Ардзінарцы вялі коней ззаду i таксама аб нечым размаўлялі.
З-за кустоў вышлі, прывіталі ix вартавыя партызаны, якія стаялі пры дарозе. Слухаючы з лагера людскія галасы, што станавіліся ўсё больш чутнымі, Ермакоў i Туравец мімаволі паскорылі хаду.
Абодва адразу падаліся ў штаб, каб даведацца, што тут здарылася, калі яны адсутнічалі. Ермакову здавалася, што ён даўно ўжо не быў у брыгадзе, i таму камбрыг чакаў нейкіх асаблівых навін. Ён адчуваў сябе так, нібы вярнуўся ў родную сям'ю з далёкага падарожжа. Брыгада, i сапраўды, даўно стала яму i домам i сям'ёй.
Габдулін быў акурат у штабе. Ад яго Ермакоў i даведаўся, што адбылося за апошнія дні.
Пасля гэтага камбрыг падаўся ў свой будан, пераапрануцца з дарогі, a камісар застаўся, загадаў дзяжурнаму, каб паклікалі Лагуновіч.
Хвілін праз дзесяць дзяжурны вярнуўся.
— Яна была ўночы на аперацыі. Цяпер недзе спіць, у будане няма. Знайсці яе?
— Не трэба. Калі прыдзе, няхай зойдзе да мяне.
Раздзел V
1...
Раніцай група, у якой была Ніна, вярнулася з разведкі. Калі Ніна ўвайшла ў свой будан, там ужо ўставалі.
— Ты ведаеш, Ніна, — падбегла да яе Валя, — мне сніўся твой Аляксей. Такі ён вясёлы ды прыгожы. На кані ўсё ехаў, a ў каня таго ў грыву заплецены розныя шаўковыя істужкі. Як убачыў мяне, пад'ехаў на кані, пра цябе спытаўся: «Дзе, кажа, мая Ніна, правядзіце да яе». Потым нешта пачаў расказваць пра сябе, дзе ён быў i што рабіў, але я нічога не помню. Хоць забі тут, — не прыпомню!..
— A камісар наш, такі праўда, — закахаўся, — загаварыла гарэзна, бліснуўшы чорнымі прыгожымі вачыма, жанчына, якая латала кофту. — Праўду кажу! У Марыю Андрэеўну.
— Што ж, яна жанчына харошая, — сказала Ніна.
— А я вось не веру, — запярэчыла Валя.