Калі Зоя часам старалася ўявіць сабе Жэневу жонку, тая паўставала перад ёю непрыгожаю, злоснаю жанчынаю. Нездарма Жэня пакахаў яе, Зою. А з тою ён ажаніўся проста выпадкова і цяпер каецца. Так разважала Зоя. I як здзівілася яна, калі ўбачыла вельмі мілы, вельмі харошы твар. Крыху кірпаты невялічкі нос і круглыя шчокі рабілі гэты твар амаль што дзіцячым. I ўвесь ён свяціўся нейкай шчырасцю, быў поўны нейкага бязмежнага давер’я. Вялікія вочы з наіўнай радасцю пазіралі на Жэню. Вось там, за сталом, паднялі чаркі. Жэня выпіў і пачаў накладаць закуску ў сваю талерку, у жончыну. Яна смяялася, спыняла яго руку сваёю. Валодзя нахіліўся да іх і нешта расказваў. I ўсе зноў смяяліся, а Зоя, як загіпнатызаваная, не магла адарваць вачэй ад твару маладой жанчыны. А тая нешта пачала расказвань Жэню, а пасля ўстала з-за стала і пайшла да дзвярэй, дзе стаяў яе чамаданчык і чырвоная сумачка. Калі яна павярнулася спіною да акна, Зоя ўбачыла доўгую светлую касу. Але чаму Жэнева жонка такая тоўстая? — падумала Зоя, глянуўшы на фігуру жанчыны, калі тая стала бокам да акна. І раптам здагадка, як агнём, апаліла яе. «Ды яна ж… Яна... У яе дзіця скора будзе…» — ледзь не крыкнула Зоя. А тая стаяла ў шырокай белай блузцы, адзетай навыпуск на спадніцу, і нешта шукала ў чырвонай сумачцы. Час ад часу яна паварочвалася да Жэні, нешта гаварыла яму і весела смяялася. Нарэшце, яна знайшла канверт, дастала з яго ліст, разгарнула і, на хаду чытаючы, зноў пайшла да стала. Валодзя ўскочыў і падставіў ей крэсла. А жанчына чытала ліст, пазірала на Жэню і смяялася, ён слухаў яе, таксама смяяўся, а пасля нахіліўся да яе і некалькі разоў пацалаваў у шчаку.
Зоі захацелася сесці або прыхіліцца да чаго-небудзь. Яна адышла ад акна і пабегла з двара.
Ён пацалаваў яе, значыцца, ён яе кахае… I яна кахае яго, бо вунь якімі вачыма на яго пазірала… I цяжарная… У яе скора будзе дзіця… I як жа мог ён, Жэня, гаварыць Зоі, каб яна яго пачакала… Яна, Зоя, не ведала, што яго жонка цяжарная, а ён жа ведаў!
I раптам Зоя адчула агіду да сябе. Нібы ўвесь час яна рабіла нешта вельмі брыдкае.
Змучаная, разбітая прыйшла яна дахаты. Антаніна Іванаўна ўжо спала. Міхал Паўлавіч хадзіў узад-уперад па пакоі і курыў. Ён нічога не сказаў Зоі, і яна хутчэй прайшла ў другі пакой, распранулася, кінула адзежу абы-дзе і лягла ў ложак. Толькі тут дала яна волю свайму жалю. Плакала ціха, каб не пачуў бацька, каб не прачнулася маці.
17
— Дачушка, ну што ж ты ўсё ў хаце сядзіш, ты ж бы хоць на вуліцу пайшла пагуляла,—угаварвала Антаніна Іванаўна Зою, якая ляжала на канапе і, паклаўшы рукі пад галаву, пазірала некуды перад сабою. Антаніна Іванаўна села ля яе. Зоя глянула на маці, і сэрца Антаніны Іванаўны сціснулася — столькі суму ўбачыла яна ў доччыных вачах.
Зоя нічога не адказала.
— I што гэта робіцца ў хаце? — сашчапіла рукі Антаніна Іванаўна.— I бацька нейкі сам не свой. Вунь, зноў пайшоў недзе. I цябе нешта точыць. Ні з яго, ні з цябе слова не выцягнеш. Ці я вам чужая, што вы мне нічога не гаворыце? Не шкадуеце вы мяне зусім,— уздыхнула Антаніна Іванаўна.
— Мамачка, я не ведаю, што ў таты, а ў мяне нічога не здарылася,— адказала Зоя.
— Ну як жа нічога не здарылася, калі ты вунь як змізарнела… Я думала, кінеш работу, дык адразу паправішся, папаўнееш, а ты яшчэ больш высахла.
— Гэта табе здаецца, мамачка, я такая, як і была.
— Ох, дачушка, не абманеш ты матку. Але не хочаш гаварыць, не трэба,— і Антаніна Іванаўна цяжка паднялася, пайшла ў кухню. Зоя чула, як застукала яна там пасудаю.
Зоя заплюшчыла вочы. Яна гнала ад сябе думкі пра Жэню. Хацела выкрэсліць яго з свайго сэрца назаўсёды. Старалася больш нават не ўспамінаць яго. Але гэта было не так проста. Туга тачыла яе, і часам Зоі здавалася, што яна нават хоча сустрэцца з Жэнем, каб усё сказаць яму, каб хоць чым аблегчыць душу. Яна сказала б яму, што ён нядобры чалавек, сказала б, што і яна была дурная. Ды Жэня знік, і Зоя цяпер зусім адна. Каму раскажаш пра ўсё гэта? 3 кім параішся? 3 мамаю? Толькі расхвалюеш яе, напалохаеш.
Няхай бы дзяўчаты прыйшлі. Пабыць з кім-небудзь, пагаварыць абы пра што, каб толькі ўвесь час не думаць пра адно і тое ж. Ды ніхто да яе не прыходзіць. I Рэня больш не паказваецца. Праўда, у Рэні скора сесія, Рэні няма часу. А Валя з Любаю?
Зоя ўстала, пахадзіла па кватэры, падышла да акна. Ёй раптам захацелася на вуліцу, на сонца, на мароз. Яна апранула паліто, завязала пуховую шэрую хустку і выйшла на двор.
У двары гулялі дзеці. Бегалі, крычалі, даганялі адно аднаго. Па прымерзлай зямлі, мала дзе прысыпанай снегам, хлопчык цягаў санкі. Двое другіх валтузіліся пасярод двара, адбіраючы адзін у другога ржавае кола. Каля іх стаяла дзяўчынка ў белым футры, падвязанай чырвоным паскам. Пад футрам у дзяўчынкі, мусіць, было апранута яшчэ многа адзежын, бо яна была тоўстая, як кулёк.