Марудна цягнецца дзень. А Зоя сёння, каб магла, то падагнала б яго. На восем гадзін назначана спатканне з Жэнем. I сёння гэтага спаткання Зоя чакае, як ніколі. Нешта ўжо вельмі сумна было ёй. Яна нават злавіла сябе на адчуванні, нібы зноў сядзіць за канвеерам, трымае ў ляўцыркулі баланс з валаском і яны не такія ўжо і праціўныя. Зоя вельмі здзівілася сама сабе і нават раззлавалася. Яна знарок пачала ўспамінаць, як блыталіся тыя валаскі, як нельга было ўставіць баланс у ляўцыркуль, як балелі ад напружання вочы, ныла спіна. Яна хацела заглушыць ледзь прыкметнае пачуццё жалю, якое заварушылася ў ёй.
«Усё роўна пра тое, каб вярнуцца на завод, і думаць няма чаго. Ніхто мяне назад не возьме»,— сказала яна сама сабе.
Але з Жэнем сёння асабліва хацелася сустрэцца. Хай бы расказаў што — пра завод, пра дзяўчат. Мусіць, на яе месцы ўжо сядзіць новая вучаніца. Думаць пра гэта было непрыемна.
Зоя, можа, выбегла б з хаты на якую гадзіну раней, чым было назначана спатканне, але стрымала сябе. Прыйсці на спатканне раней за Жэню ёй не дазваляў дзявочы гонар. I яна цярпліва чакала.
Апусціўшы рукі ў кішэні паліто, звонка стукаючы абцасамі чаравікаў па тратуары, ішла Зоя па вуліцы. Падзьмуў вецер і сыпануў у твар жменьку дробненькіх сняжынак. Першы нясмелы снег. Ад яго Зоі зрабілася весялей. Скора зіма… канькі, лыжы… А зараз яна паверне за рог і ўбачыць знаёмую постаць Жэні. Ён будзе стаяць з паднятым каўняром, без шапкі. Хоць і холадна ўжо, мароз бярэцца, а Жэня ўсё ходзіць без шапкі. Смешны… Харошы… Ад тугі, якая тачыла Зою цэлы дзень, не засталося і следу.
Зоя звычайна здалёк пазнавала Жэню. I ён здалёк пазнаваў яе і кіраваўся насустрач. Але сёння на ўмоўленым месцы Жэні не было. Зоя ішла да прыпынку аўтобуса, да шчыта з рэкламамі, каля якога звычайна стаяў ён, чакаючы яе, і азіралася, ці не пакажацца зараз і ён. А яго не было. «Ох, і дам жа, як з’явіцца,— злавалася Зоя.— Як гэта ён можа пазніцца, прымушаць мяне чакаць…»
Стаяць на адным месцы было нязручна. Ёй здавалася, што ўсе людзі ведаюць, чаго яна стаіць тут, і яна пайшла ў той бок, адкуль мог паказацца Жэня. Час ад часу яна азіралася на шчыт з рэкламамі, ці не чакае ўжо ён там.
Яна прайшла да канца вуліцы. Вярнулася назад. Думала, што цяпер-то ён ужо напэўна там. Аднак яшчэ здалёк убачыла, што каля шчыта, як і раней, нікога няма.
Снег пасыпаў спарней, тоненькім пластом пакрываючы тратуар, і прахожыя пакідалі на ім, бялюткім і свежым, чорныя сляды. Павольна кружачыся, апускаліся сняжынкі на Зоіна паліто, збіраліся ля манжэтаў, на каўняры, на плячах.
Мінула ўжо больш паўгадзіны. У яе змерзлі рукі, пачалі стыць ногі. Але пайсці адсюль яна не магла, бо гэта значыла б згадзіцца з тым, што Жэні яна сёння не ўбачыць. I Зоя зноў хадзіла па адным баку вуліцы, па другім. Вось ужо і дзевяць. Надзеі, што Жэня яшчэ з’явіцца, у яе ўжо амаль няма. Ёй вельмі горка. Яна ўжо не саромеецца і стаіць на адным месцы ля прыпынку аўтобуса. У яе стаміліся вочы ўзірацца ў слаба асветленую вуліцу. Нават кружыцца галава. Самае вялікае жаданне ў яе цяпер — убачыць Жэню. Яна ўжо не злуецца на яго, яна гатова ўсё дараваць яму, абы ўбачыць. Але дзе ён? Чаму яго няма? Можа, ён дома, у інтэрнаце?
Яна і не заўважыла, як ногі самі прывялі яе сюды. Вось ён, новы чатырохпавярховы будынак. Ярка свецяцца вокны.
Зоя вельмі баіцца, каб не сустрэць тут каго знаёмага. Яны ж адразу здагадаюцца, чаго яна тут. I Зоя шпарка ідзе па тратуары паўз будынак. Амаль дабегла да канца вуліцы. Ну, што ж рабіць далей? Вярнуцца дахаты? Але інтэрнат, як магніт, цягне яе да сябе. «Ну, яшчэ раз… яшчэ раз прайду»,— думае Зоя. Яна ўжо нібы забылася, чаго тут. Надзеі сустрэць Жэню амаль няма.
I раптам убачыла яго. Жэня шпарка крочыў ён насустрач. У руках у яго былі нейкія пакункі, кішэні паліто адтапыраны. Ён не бачыў Зоі, а яна яшчэ здалёк пазнала яго і застыла. Сэрца ў яе калацілася моцна-моцна. Ногі зрабіліся нейкія зусім бяссільныя.
Жэня нешта насвістваў ідучы. У яго быў бесклапотны і нават вясёлы твар. Але калі ён убачыў Зою, нешта падобнае на спалох мільганула ў яго вачах.
— Зойка? — прашаптаў ён і азірнуўся.— Ты чаго тут? Хадзі сюды,— і ён узяў яе за локаць, адвёў далей ад святла.
— Я… я чакала цябе… Чаму ты не прыйшоў? — шаптала, нібы апраўдваючыся, Зоя.
— Ты разумееш,— Жэня вёў усё далей ад святла Зою.— Жонка прыехала. Я ніяк не мог… Не мог нават выбегчы папярэдзіць…
Усё перадумала Зоя, чаму не мог прыйсці Жэня, а пра жонку нават і не ўспомніла. А яно вось што! 3 нейкаю крыўдаю разглядала Зоя пакункі, якія нёс Жэня. 3 кішэняў тырчалі рылцы бутэлек. У руках з паперы вытыркалася колца каўбасы, у нязграбна загорнутым пакунку быў відаць бохан хлеба.