— Пахвальна, — кажа герцаг Адальф, — такі нам якраз і патрэбен, — і як што яму нарэшце ўдалося сесьці роўна, кажа далей: — Бо мы надумалі пабудаваць у Шлезьвігу царства божае, у якім кожны хрысьціянін павінен трымацца запаведзяў, як тое наказвае Лютэр; і павінны ў ім, царстве божым, дзе Мы — найвышэйшы царкоўны ўпраўца, усе быць аднаго духу, і з катэдры павінна абвяшчацца адно, а ня другое, пра што вы мне рупіцца мецьмеце, гер доктар, і дзеля чаго Мы вас яшчэ сёньняшняй ночы назначаем супэрінтэндэнтам і найвышэйшым царкоўным інспэктарам у маім герцагстве, каб лад і спакой панавалі ў народзе, асабліва цяпер, калі я іду вайною на мяцежныя Нідэрланды.
Гаворыць, а сам чакае, поўны гонару за такую складную і ўдалую прамову, што скажа вучоны госьць пра магутнасьць герцагскага інтэлекту; але той стаіць, як нямы, і толькі лупіць бельмы, быццам здань угледзеўшы: але гэта яго забаўніцы, як адразу здагадваецца герцаг, аж так скавалі позірк пабожнага чалавека, ці правільней, адна зь іх, і ён глядзіць і дзівіцца, як застылы, пакуль гер тайны радца ня штурхае яго ў бок. Тут толькі Айцэн схамянаецца, глыбока кланяецца, як гэта зрабіў першым разам, і кажа, ах, як ён уражаны веліччу герцагавых намераў і тым даверам, якім Яго герцагская мосьць ахінаюць яго, зь якой вось прычыны яму аж на так доўга язык адняло й як ён ні пра што так ня марыць, як толькі каб мерай сваіх сьціплых сіл узяць удзел у пабудове царства божага ў Шлезьвігу; але хай Яго герцагская мосьць не абмінуць увагай, што ён мае жонку й дзяцей і што, як яно гаворыцца, комін дыміцца мусіць.
На што герцаг загадвае свайму тайнаму радцу, каб той паклаў на стол, на якім быў поўны беспарадак з кубкаў і келіхаў і дарагіх недаедзеных талерак, папяровы скрутак са стужкай і пячаткай і даў геру супэрінтэндэнту: гер супэрінтэндэнт ужо будзе задаволены; а ў якасьці свайго першага службовага абавязку гер супэрінтэндэнт павінен напісаць талковую малітву за ўдачу фландрскага паходу, якая ўжо заўтра раніцай будзе прамоўлена перад войскам, а пасьля ва ўсіх кірхах герцагства. Аддаўшы такім чынам належнае ўрадавым справам, Адальф робіць доўгі глыток, адкідваецца на падушкі й знакам кліча да сябе другую даму справа, якая дагэтуль стаяла наўскос ад герцагскага крэсла за ім у цьмяным сьвятле сьвечак, вельмі панадна абапершыся на статую грэцкага бога Прыапа.
— Графіня Эрэнтрой, — кажа ён, — вы, як мне здаецца, знайшлі шанавальніка ў асобе нашага новага царкоўнага інспэктара; вы пэўна заўважылі, як ён глядзеў на вас так не пахрысьціянску; альбо, магчыма, вы сустракаліся дзе-небудзь раней?
Графіня нахіляецца да герцага, пры гэтым формы яе грудзей, з выгодай для іх, адкрываюцца больш выразна, і завостранымі губкамі прыпячатвае пацалунак на Яго герцагскай мосьці прыпацелы лоб і кажа:
— У кожнага сваё мінулае, Ваша мосьць, калі не на гэтым, дык на тым сьвеце, і гер супэрінтэндэнт, можа, якраз са мною быў мілым анёлкам і, седзячы высока на воблаку, у хоры са мною сьпяваў богаспадобную песеньку, перш чым апусьціўся на зямлю дзеля добрых чынаў.
Герцаг звонка рагоча, уявіўшы сабе маленькага, сухога Айцэна зь непаслухмянымі валасамі й зацятай мінай у белай кашульцы, з крылцамі за плячыма й пышнацелую графіню, убраную такім самым манерам, якая рассылае ручкай пацалункі з воблака на воблака; а Айцэну, якому павабны графінін галасок вой які знаёмы, робіцца горача пры яе словах, і яму здаецца, што цяпер ён разумее, чаму так чартоўскі прывязаны да Маргрыт: ён, можа быць, там у завоблачных высях, мабыць аднак у іншым, цямнейшым месцы, быў нават прыкаваны да яе; а яна, што самае горшае, ведае пра праклятыя ланцугі й будзе мучыць яго да канца. І як што рогат герцага ня спыняецца, ён шукае дапамогі ў свайго сябра Лёйхтэнтрагера; той таксама заўважае гэта, гарбаценька нагінаецца да герцага й просіць, ці Яго герцагская мосьць ня зробяць ласкі літасьціва адпусьціць яго й гера супэрінтэндэнта; сёньня ноччу яшчэ так многа трэба ўсяго паспець, а пісаньне малітвы — штука нялёгкая, калі, канечне, словы павінны дайсьці да вушэй у правільны момант.
Ледзь толькі яны ўваходзяць у Айцэнаў пакой, як той хапае гэтага за рукаў і ўсклікае:
— Гэта была яна! Маргрыт! Прынцэса Трапезундзкая! Лэдзі! А цяпер графіня Эрэнтрой!
Але Лёйхтэнтрагер атрасае яго й кажа:
— Калі ты так будзеш далей, Паўль, дык неўзабаве ўбачыш Маргрыт у кожнай бабе. Але я дам-такі рады так усё зладзіць, што твая Эрэнтроіха, абслужыўшы герцага, прыйдзе да цябе й будзе табе да паслуг ва ўсім, чаго ты захочаш.
І заўважыўшы, як у Айцэна задрыжалі рукі і ў куточках вуснаў паявіўся шум, дадае, што Бог устанавіў трымацца далей ад пажады праз намогу, а ад задавальненьня яе — праз малітву, і што прыйдзе, прыйдзе яшчэ ягоная хвіліна, перш чым ён дастанецца да садка, у якім ёсьць брамка ў рай, і ён спакойна можа прыняць сваё назначэньне на пасаду, перш чым возьмецца за пісаньне малітвы.