Рабі, сказаў я, недасканаласьць людзей ёсьць адгаворка любой рэвалюцыі, якая не асягнула сваёй мэты. А ты ж патрабаваў: Любеце ворагаў сваіх. І ты ж сам сказаў: Шукайце сьпярша царства Бога й яго справядлівасьці. І ты ж верыў у тое, чаго патрабаваў і што сказаў. Але для сотняў тысяч, якія падушылі адзін аднаго, калі ты прапаведаваў з гары, цяпер іх сотні разоў па сотні тысяч. Яны прагнуць багацьця і жонкі суседа, распусьнічаюць і апіваюцца й жаруць сваіх дзетак, ушчапляюць сабе ў вены атруту й апаганьваюць усё, што ёсьць высакароднага ў чалавеку. І кожны зь іх кожнаму іншаму вораг, яны цікуюць адзін за адным і прадаюць адзін аднаго, замыкаюць адзін аднаго ў лагеры, дзе тыя мруць масамі, альбо ў камеры, дзе яны душаць, б'юць і катуюць адзін аднаго да сьмерці, і ў кожным месцы абвяшчаюць валадары, што ўсё гэта робіцца ў імя любові й дзеля дабра народам. Яны нікчэмняць і зьнішчаюць скарбы зямлі, ператвараюць шчодраплодную зямлю ў пустыню, ваду ў сьмярдзючую жыжку, і многія мусяць пляжыцца дзеля нямногіх і таму паміраюць раней часу. Ніводзін меч, насуперак прадказаньню прарока, ня быў перакаваны на арала, ніводная дзіда не ператварылася ў серп; яны бяруць таемныя сілы сусьвету й робяць зь іх да самага неба грыбы з агню і дыму, у якіх усё жывое робіцца попелам і ценем на сьцяне.
Калі я закончыў, ён сядзеў глуха й не варушыўся, быццам быў вычасаны з дрэва й пафарбаваны; і была вялікая цемра вакол нас, і толькі на ім пакоіўся маленькі праменьчык сьвятла.
Рабі, сказаў я, ты чуў мяне?
І тады быў голас, які прамовіў: Сын чалавечы вернецца, бо ён назначаны Богам судзіць жывых і мёртвых, і ён пашле сваіх весьнікаў-анёлаў, і яны зьбяруць са свайго царства ўсё зло й беззаконьне; і тады будзе лямант і скрыгат зубоў, а праведнікі будуць сьвяціцца, як сонца, перад Госпадам.
І калі гэта будзе? хацелася мне ведаць.
Рабі, здавалася, пракінуўся са свайго здранцьвеньня. Мой Бацька назначыў дзень, сказаў ён.
Я нічога не перастаўляў бы датуль, сказаў я.
Разьдзел дваццаць першы. У якім герцаг Адальф закладвае падмурак царства божага ў Шлезьвігу, а супэрінтэндэнт ня можа пад'ехаць да графіні Эрэнтрой, а Агасфэр зь песьняй выпраўляецца на вайну
За плячыма абрысы Гамбурга, у кішэні герцагава запрашэньне ў замак Гаторп — Айцэн едзе па вясёлай зямлі Шлезьвіг, справа пасьвяцца кароўкі, зьлева кароўкі, авечкі й сьвінкі; гэта новы Ханаан, крыху, праўда, забалочаны, дый якое дзіва — уклінены ж паміж Балтыкай і Паўночным морам, але герцаг зьбіраецца адгарадзіцца дамбамі, — даведваецца ён у бравага пробашча Форстыуса ў Іцэгу, зрабіўшы там прывал, каб адпачылі коні, каб перакусіць самому падсмажанай рыбкай-сухабочыцай — камбалой. Герцаг Адальф, кажа Форстыус, сапраўдны бацька краіны, добра таксама абазнаны ў боскіх справах; не хапае там толькі царкоўнага інспэктара, каб навесьці парадак у запушчанай кірсе, дзе й сам ня ведаеш, ці наогул рукапалажаны там прапаведнік, як яно сьлед таму быць, і якую квяцістую бздуру са сваёй катэдры ён будзе плявузгаць наступнага разу.
Пра гэта Айцэн можа пасьпяваць песьню сам: нічога, апрача прыкрасьці ў родным горадзе, дзе геры pastores потайкам закідаюць адзін аднаму ерась, а яму тым болей, за яго вернасьць Лютэраваму слову, ня кажучы ўжо пра тых, што адкрыта выстаўляюць яго за ворага, тырана й фарысея, сьмяюцца зь яго, бо ён, бач, хоча перавучыць цьвёрдахрыбетных жыдоў сваёй дыспутацыяй; а сэнат Гамбурга, які павінен умяшацца ў гэтыя справы з жалезнай мятлой, сэнат той нават ня рыпаецца. Ах вось, сказаў бравы Форстыус, усюды пахіснуўся духоўны парадак; а край тым часам аж кішыць ўсякімі фанатыкамі й мяцежнымі духамі, пасьлядоўнікамі тых, якія драпанулі зь Мюнстэра, калі гэты грахоўны Вавілон, дзе нават баб качаюць калегіяльна, быў нарэшце выкураны; Бог і начальствы — жах, разносілі праклятае перахрышчэнскае вучэньне зь месца ў месца, ад Галандыі да герцагства Шлезьвіг, а на сваіх таемных сходнях чыталі кніжыцы Мэна Сіманса й іншых псэўдапрапаведнікаў.
Пасьля Форстыус гаворыць пра вайну, на якую зьбіраецца герцаг Адальф — дапамагаць іспанцу Альбу й імпэрцам душыць мяцежную Галандыю: ён, Форстыус, мае свой погляд у гэтай справе, менавіта — людзі ў Нідэрландах, нават прыхіляючыся да жэнеўца Кальвіна, усё-такі сумленныя пратэстанты, як і тут у Шлезьвігу, а імпэратар ён архіпапіст і ў хаўрусе з самім сатаной. Але гэта ня дужа падкупляе Айцэна, які павучае, што герцаг Адальф цу Гаторп, Гаторпскі, хоць і прыстойны лютэранін, як імпэрскі князь мусіць дапамагаць імпэратару, і тым больш ён учыніць хрысьціянскі чын, калі дасьць па мазгавешцы мяцежнікам; яшчэ сам Гасподзь Хрыстос сказаў: аддайце цэсару цэсарава, і наш доктар Лютэр пацьвердіў, што ніякі бунт ня бывае справядлівы, якія б справядлівасьці ён ні дакляраваў, і ён забаронены Богам, і што начальствы на тое й пастаўлены зь мечам, каб прадухіляць закалоты.