Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

І даўшыся далей у дарогу і ўжо пад'язджаючы другога дня да горада Шлезьвіга, ён бачыць шмат ваеннага людзтва табарамі ўздоўж ракі Шляй і каля гарадзкое брамы й на вуліцах, цэлы полк Пуфэндорфа, але й тут жа дацкія алебардысты, паднятыя ў паход; гэтыя бурчаць, вурчаць, крывяць мызы — лепей, бач, ім дома было б застацца каля свайго быдла, замест каб у нейкай далёкай Фландрыі праліваць марна кроў. А каля герцагскага замка Гаторп гвалт, гармідар, штурхатня, у двары самога замка бегатня і шнураваньне, туды-сюды, сюды-туды, радцы й афіцэры, слугі й пісары, пастаўшчыкі, падрадчыкі расьпіхваюць усіх, праціскаюцца, крычаць і камандуюць; пра яго, супэрінтэндэнта Паўлюса фон Айцэна, які памаленьку вылазіць са сваёй карэты, каб хоць які там клопат, нікому нічога не наўме.

Калі раптам чуе сьмех, нейкі такі знаёмы сьмех; паварочваецца, гля! — аж гэта яго прыяцель Ганс. Прыяцель вышыкаваны дыхтоўна, на дарагім поясе кароткая шпага, і цяпер ён, як Айцэн неўзабаве даведваецца, тайны герцагскі радца Ёган Лёйхтэнтрагер; крышку, праўда, здаў, зблажэў, пастарэў, бародка й скроні пасівелі; але хто ж з нас маладзее, думае Айцэн, і сам бо ўжо даўно ня той малады кундаль, як тады там, у Лейпцыгу, у «Лебедзях». І крыху знобіць тут, хоць на замкавым двары яшчэ досыць цёпла ад позьняга сонца, ён сьцепваецца нават, калі Лёйхтэнтрагер кранае яго сваімі сухімі пальцамі й кажа яму, што Іх герцагская мосьць даўно ўжо чакаюць яго. Што да астатняга, дык усё ўжо падрыхтавана з усімі выгодамі ў адным пакоі.

Тады пазьней, калі яны сядзяць каля агню ў пакоі Лёйхтэнтрагера й Айцэн ужо прыклаўся да віна пад смажаную аленіну, абодва зноў робяцца тымі, кім былі раней, Гансам і Паўлем, і Ганс ляпае Паўля па сьцягне, і Паўль па колішнім звычаі паляпвае Ганса па горбіку; толькі час ад часу Айцэн шлёпае губамі, калі заўважае, як чыста ўсё пра яго ведае прыяцель, нават да самых драбніц пра гамбургскія клопаты й пра яго тайны гандаль з Агасфэрам, і яму ня церпіцца, яму карціць расказаць — і як яму язык сьвярбіць за Маргрэт, якая зьяўляецца яму начамі то як сама ў сабе, то як прынцэса Трапезундзкая, а то зноў жа як лэдзі, і як яна разьдзяваецца й ляжыць перад ім, раскінуўшы шэнкелі, аж яму здаецца, вось-вось глуздамі скруціцца ад плоцкай пажады; Айцэн ужо амаль верыць, што сябра ўвесь час быў вакол яго, як колісь у Вітэнбэргу, калі геры professores выспытвалі яго па анёлах. Калі ж Айцэн сваёй чаргою хоча даведацца пра сябе, якога ляду яго вывалаклі ў Гаторп, тайны герцагскі радца толькі пасьміхаецца і маўчыць; самае большае намякае, ат, ёсьць тут нешта такое, што ў самы акурат такому рызыканту, як ягоны сябар Паўль, і што давай лепей пагамонім пра фраў Барбару, пра дзетак, а найперш пра малютку Маргарэту. І калі Айцэн кажа яму, што тая, хоць ужо файненька падрасла й разумная-разумная такая, а вось жа часта зь яе сьмяюцца на рынку й на вуліцах, а колькі ўжо разоў нават распытваліся ў маці, чаму менавіта яна так зубожана-скалечана, а іншыя не, сябар выцірае з вачэй сьлёзку й чмыхае, быццам тое няшчасьце малюткі чуліць яго да самага сэрца. Але хутка бярэ сябе ў рукі й кажа:

— Бог стварыў чалавека паводле вобразу свайго, гаротная плоць. — І як што Айцэн, спалоханы блюзьнерствам, падымае руку, кажа: — Нічога, уладзіцца жыць, загартуецца, навучыцца й адбівацца, і гора таму, хто ёй кінецца напярэймы.

Пасьля ўстае ад агню і кажа, што пара ісьці, герцаг чакае. Айцэн лічыў, што атрымае аўдыенцыю пасьлязаўтра, ну, заўтра, і цяпер ледзь ня стогне, што добра прыклаўся да віна; дым ідзе з мазгоў, нагаворыць рознага глупства перад самымі Яго герцагскай мосьцю. Але Ганс хапае яго за каўнер і вядзе празь цёмную анфіладу памяшканьняў, якія адчыняюцца адно ў адным, толькі зрэдзь мільгане на сьцяне паходня, аж туды да багата разьбёных дзьвярэй, якія нібыта самі сабою расхінаюцца перад ім і адкрываюць карціну княскага гера.

Той, нядбала адкінуўшыся на падушках у ці то крэсьле, ці то на лежаку, кашуля расшпіленая на горле, магутная машня штаноў прадбачліва расшнураваная, на плечы накінуты яркі халат; у адной руцэ трымае срэбны кубак, зь якога піў, другою адганяе ўбакі дам, якія, больш-менш адзетыя, бавілі зь ім спакушальныя бавы, і знакам падклікае Айцэна да сябе.

— Так, так, — кажа ацяжэлым языком, спрабуючы падвесьціся, — вы, значыцца, той самы вучоны доктар фон Айцэн з Гамбурга, так горача рэкамендаваны мне маім тайным радцам?

Лёйхтэнтрагер дае Айцэну ў бок штурхаля, на які той сьпешна кланяецца й адказвае:

— Той самы, Ваша герцагская мосьць.

А Лёйхтэнтагер дадае:

— Гер супэрінтэндэнт палка абараняе вучэньне Лютэра ва ўсіх справах і верна прапаведуе супроць усялякай ерасі й супроць тых, якія ўхіляюцца ад сапраўднага Эвангельля; у яго таксама выдатны тонкі нюх на такога роду шэльмаў, аж ня ўмыкнецца ад яго аніводзін з тых, хто сее паняверку, падкопвае парадак і начальствы, будзь тое духоўны, будзь сьвецкі.

Перейти на страницу:

Похожие книги