Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

І вось ён узвышае голас і пачынае: што герцаг, наш літасьцівы князь і валадар, надзеў свае баявыя дасьпехі, каб з дапамогай Божай вывесьці Нідэрланды зь іх цяперашняга бунту зноў да міру, згоды й добрага кіраваньня, а зусім ня дзеля таго, каб перасьледаваць сьвятую хрысьціянскую царкву там, дзе яна вызнае чыстае вучэньне адзінашчасьцедайнага Эвангельля, а больш за тое дзеля ўмацаваньня і абароны чыстага, сапраўднага вучэньня; таму ўсе мы як Яго герцагскай мосьці верныя падданцы павінны заклікаць усёмагутнага, любаснага, мілажальнага Бога ў імя яго народжанага Сына Ісуса Хрыста й прасіць, каб ён быў прыхільны да нашага ласкавага князя і валадара разам зь яго высакамудрай ваеннай радай, камандуючымі, слугамі і ўсім жаўнерствам і каб літасьціва ахаваў іх сваімі сьвятымі анёламі ад усялякіх нягодаў і бедаў, асланіў ад ворага й даў ім шчасьце, перамогу й здабычу.

Айцэн набірае дыханьня. Герцаг, бачыць ён, стаіць тупа й глуха і, відаць, не зразумеў, як новы суперінтэндэнт уладзіў яго ў нідэрландскія веравызнаўчыя implicite, альбо ня хоча ведаць, бо вайна ёсьць вайна, і тут у цябе ніхто ня пытаецца, не сьперазаўшы папярэдне па чэрапе, прымаеш ты сьвятое прычасьце паводле папскага віду альбо добрага пратэстанцкага. І працягвае:

— Мы павінны таксама рупліва прасіць, каб усемагутны, літасьцівы й мілажальны Бог у імя свайго любаснага Сына Ісуса Хрыста асланіў гэтыя княствы й землі ад ўсялякага зла, шкоды й няшчасьця і каб ласкава даў удачу нашаму літасьціваму князю і валадару, а яго сардэчна любую жонку, нашу літасьцівую княгіню і жанчыну, і маладое патомства, і ўсіх нас, яго верных падданых, парадаваў шчасьлівым вяртаньнем, чаго мы роўным чынам просім і для яго высокамудрай ваеннай рады, камандуючых, слуг і жаўнераў, каб усе яны таксама шчасьліва і ў здаровым целе вярнуліся дамоў.

І калі Айцэну пасьля такой доўгай пераканаўчай прамовы зноў не хапіла паветра, ён яшчэ раз спыняецца й бачыць, падымаючы вочы ад паперы, як шмат хто з жаўнераў сморкаецца, каб не пабеглі яму па барадзе сьліні й соплі; і, сам крануты сваімі ўзьнёслымі словамі, падводзіць слова да канца й кажа:

— Каб дасягнуць усяго гэтага, мы павінны з глыбіні нашага сэрца і ў поўнай надзеі ўчыніць нашу малітву й скажам усе: «Войча наш, які ёсьць на небе…»

І ўсё войска як адзін апускаецца на калені, герцаг, які мае свой клопат утрымаць раўнавагу, на чале, і на лузе паўстае звон і ляскат; пасьля Айцэн чуе хор тысячаў жаўнераў, якія ў адзін голас паўтараюць: «Хай сьвяціцца імя Тваё. Хай прыйдзе царства Тваё. Хай будзе воля Твая…» І ён адчувае моц Божага слова, якое цяпер вось ужо ёсьць і ягонае слова й ягоная моц; і адначасова бачыць абок сябе гера тайнага радцу, свайго прыяцеля Лёйхтэнтрагера, які крыва выскаляецца яму, і тут ужо ён ведае, чуючы «Тваё ёсьць царства й сіла й слава навекі. Аман», што ён якраз і ёсьць той, хто кіруе ягонымі крокамі, а не, як яно павінна быць, наш Гасподзь Ісус, і што ён, доктар боскай вучонасьці й будучы дойлід царства божага ў Шлезьвігу, прылада ў руках, якія ніколі яго ня выпусьцяць.

Тым часам, з лаянкай і крыкамі афіцэры войска й ротныя камандзіры падрыхтавалі сваіх да маршу, кавалерыя ў сёдлах, і герцаг сеў на шыраказадага сівака, баявога каня, упрыгожанага залатой гунькай і такой самай збруяй; а Айцэн узводзіць угору рукі на пастарскае дабраславеньне, якое ён учыніць герцагу й яго харалужнаму войску, штандарам і сьцягам; так, падобны на чорнага гругана, які марна спрабуе ўзьляцець, прапускае ён перад сабою дэфіле войска, герцаг і вайсковая рада наперадзе, за імі лейбгвардыя, пасьля пешыя дацкія алебардысты, пасьля, струнка ў сядле, герцагская лёгкая і цяжкая кавалерыя, і нарэшце цьвёрда чаканячы крок полк Пуфэндорфа, пад вясёлую песеньку-марш:

Таму сьмялей наперад,Саратнікі, камрады,Сячыце, рыцары,Варожыя грамады.Хай кожны памазгуе,Як заслужыцца славы,Парыцарску памерці,Прыняўшы бой крывавы.Калі ж ня сьмерць, а рана,Дык ня дрыжы ад страху,Прыймі яе дастойнаУ грудзі, а ня ў сраку.

І пасьля кожнага куплета задзірыстае «Валеры, валеры, валера!» толькі яшчэ больш напаўняе Айцэна, які пакорна дабраслаўляе ўсіх, духам радаснай мужнасьці, так што, здаецца, вось-вось ён сам пойдзе на бітву. Але з заключным куплетам —

Хто толькі сьмерці прагне,Хто сьмела ў бой ідзе,Той перамогу знойдзеІ той не прападзе —
Перейти на страницу:

Похожие книги