Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew University

Jerusalem

Israel

24 сакавіка 1980

Шматшаноўны гер калега!

Тое, што сёння, ужо праз некалькі дзён пасля майго пісьма Вам ад 17 г.м., я пішу другі раз, мае сваю прычыну ў маіх апасеннях, што сваю думку, якая стаіць у цеснай сувязі з усім Агасфер-комплексам, я да гэтага часу асвятліў недастаткова. Мае папярэднія ўяўленні на гэты конт падзяляюцца, зрэшты, калектывам майго інстытута, які ўзяў на сябе абавязацельства да 1 Мая, міжнароднага свята працоўных, звесці матэрыял у эсэ пра рэакцыйны характар міфаў пра вандраванне душ.

Разглядаць Агасфера, які нібыта ў розны час і ў розных мясцінах зноў і зноў усплывае як канкрэтны прыклад вандравання душ, пры чым канкрэтная праклятая душа заўсёды ўвасабляецца ва ўсё новай, праўда, заўсёды падобнай постаці, блізкая мне, і мною, як Вы можаце прачытаць, у раздзеле «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда» ў маёй працы «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання», таксама адзначана; пры далейшым разважанні пра нашу двухбаковую карэспандэнцыю па гэтай тэме гэты момант здаецца мне дадаткова важкім, так што цяпер я лічу неабходным ўдацца ў яго больш дэталёва, асабліва таму, што я падазраю, што і Вам такія ідэі ў кантэксце з праблемай Агасфера павінны былі прыходзіць на думку.

Загадзя прымаю, і Вы мне, спадзяюся, ласкава дазволіце, Вашую згоду з маім тэзісам, што паняцце «вандраванне душ» патрабуе, прынамсі, наяўнасці душы. Але ці ёсць яна наогул, чалавечая душа, і, лагічна следуючы гэтаму пытанню, ці ёсць яно, жыццё чалавека пасля смерці?

Але калі ласка, скажуць, у нас ёсць цэлая навука пра душу — псіхалогія, і пра хваробы душы — псіхіятрыя, з адпаведнымі спецыялістамі, менавіта ж — псіхолагамі, псіхіятрамі, псіхааналітыкамі, псіхатэрапеўтамі, з адпаведнымі кафедрамі, клінічнымі ўстановамі, часопісамі, медыкаментамі і т. д. і да т. п.; значыцца павінна быць псіхіка, якою ўсё гэта займаецца. Шырока, добра, правільна. Але гэты від душы можа разглядацца толькі ў аспекце адзінства цела і духу; сепаратнай жа душы, якая магла б весці ўласнае жыццё да, у час альбо пасля псіхічнага існавання адпаведных людзей, як выявілі сукупныя прыродазнаўчыя даследаванні ў гэтым кірунку, няма; звыш таго, тое, што мы азначаем як душа альбо псіхея, ёсць проста функцыя чалавечай нервовай сістэмы, уключна з мозгам, выкліканая аб'ектыўнымі працэсамі ў прыродзе і ў грамадстве, якія, са свайго боку, праз органы адчуванняў чалавека ўздзейнічаюць на яго нервовы апарат і запускаюць яго ў рух. Адны з гэтых пераменных уздзеянняў, якія адлюстроўваюцца ў свядомасці альбо ў несвядомасці, у мысленні, адчуванні і снах чалавека, ужо даследаваны і растлумачаны, другія — не; але гэта толькі пытанне часу, сваім часам мы атрымаем поўную яснасць. Аднак абсалютна пэўна, што псіхіка чалавека, інакш яго душа, перастае існаваць у той момант, калі знаходзіць свой канец псіхічная функцыя мозгу, з чаго, дарэчы, урачы і адлічваюць момант клінічнай смерці, г. зн. з моманту згасання апошніх электрычных імпульсаў у мозгу.

Усё гэта банальныя ісціны, і я ведаю, што з імі, паважаны гер прафесар, я рвуся да Вас у адчыненыя дзверы. Я і паўтараю іх толькі ў магчымай мне сцісласці і даступнай сутнасці выключна дзеля ўразумення феномена Агасфера, якога Вы ўсё яшчэ маеце за рэальнасць, на што ў нас усё яшчэ адсутнічае якое б там ні было дастатковае навукова прымальнае тлумачэнне. Вандраваннем душы ў кожным разе гэта быць не можа, бо ўвогуле няма ніякай аўтаномна лунаючай у прасторы душы, якая магла б на працягу стагоддзяў трансмігрыраваць з аднаго Агасфера ў другога. Тут я хацеў бы ў Вас ласкава папрасіць адмысловай увагі; гэта — кардынальнае пытанне, што Вы на гэта скажаце?

Натуральна, і я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лічыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызваліцца ад сваёй цялеснай абалонкі, не існуе. Што няма такога тонкага інструмента, здольнага радасць і боль, любоў і нянавісць і да таго падобныя эмоцыі больш чым адчуваць, мяняючы іх у долі секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якія абавязаны служыць аб'ектыўнасці, павінны мірыцца з гэтым фактам, як і з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькі грудачкай, праўда, высокаарганізаванай, матэрыі, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу.

Пры гэтым разглядзе не трэба таксама забываць, што насамрэч неіснуючая бессмяротная душа з даўняга часу была выпрабаваным сродкам суцяшаць людзей за пот і кроў, якія на гэтым свеце пралівалі з разлікам на лепшы лёс на тым свеце. Так, напрыклад, пакепвае колішні таксама яўрэйскі паэт Гайнрых Гайнэ «Баю-баюшкі-баю з неба, так закалыхваюць, як дзіця, калі яно тхімкае, народ, вялікі зброд», і Карл Маркс піша ў сваёй крытыцы гегелеўскай філасофіі права: «Рэлігійная галеча ёсць, з аднаго боку, выяўленне сапраўднай галечы і, з другога, пратэст супроць сапраўднай галечы. Рэлігія — гэта стогн прыгнечанай істоты, гэта душа бессардэчнага свету як яна ёсць і дух бездухоўных абставінаў. Яна — опіум для народу.»

Гэта ёсць асноўныя прынцыпы і шматразова пацверджаныя асновы, з якіх мы зыходзім у нашым інстытуце, і таму нам феномен Агасфера, які Вы апісалі, проста здаецца фактарам, кампаненты якога выяўлены яшчэ недастаткова поўна, на які мы з Вашым ласкавым садзеяннем, шаноўны гер калега, спадзяёмся праліць святло.

З сяброўскім прывітаннем

Ваш адданы

(праф. д-р Dr. h. c.)

Зігфрыд Байфус

Інстытут навуковага атэізму

Берлін, сталіца ГДР

Перейти на страницу:

Похожие книги