Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

<p>Разьдзел шаснаццаты. У якім магістр Паўль разьвівае праведны план навароту зацятых жыдоў і дадаткова паказваецца, якую вялікую долю ў каханьні мае фантазія</p>

Доктар Марцінус Лютэр сказаў аднойчы: добра, што Бог увёў шлюб, інакш бацькі ня мелі б клопату за дзяцей, хатняя гаспадарка запусьцелася б, развалілася; тое самае й з паліцыяй і сьвецкімі ўладамі, падобна занядбалася б і рэлігія; такім чынам усё пайшло б на глум, і ў сьвеце настала б пустэча й дзікасьць.

Гэтае выказваньне зноў і зноў прыходзіць у галаву магістру фон Айцэну, калі ён глядзіць на дзеву Барбару Штэдэр, якая так верна чакала яго, гэтаксама й іншыя выслоўі таго ж самага зьместу й сэнсу; і гэтак жа яму мог спатрэбіцца й пасаг, які тата Штэдэр, карабельны маклер і падрадчык, адпісвае за дачкою, бо яго доля спадчыны свайго роднага бацькі пакуль што закладзена ў гешэфт і мала чаго дае, а ў спадзяванай парафіі адмаўляе гер галоўны пастар Эпінус, усё яшчэ напалоханы жыдам каля сьмяротнага ложка; канечне, пры выпадку ён можа заскочыць у сьв. Якава альбо Марыю Магдалену ў якасьці падсобнага прапаведніка, але гэта не напаўняе ні кашалька, ні сэрца, якое імкнецца да вышэйшага.

— Ах, Ганс, — кажа ён свайму прыяцелю Лёйхтэнтрагеру, калі яны ўвечары заселі ў «Залатым якары», — дзева Барбара будзе то бялець, то чырванець, убачыўшы мяне, і хацела б за мяне й толькі чакае, калі я закіну слова маці й бацьку, яно й грошай не бракавацьме, я пэўны, стары тысячы каштуе ў золаце, амаль без даўгоў і мае долю ў многіх караблях у гандлі з Расеяй; але чым больш думаю, што ўсё сваё жыцьцё я мушу ляжаць каля яе, мацаць яе й шпокаць, тым больш мне здаецца, што не патраплю ўздатніцца на тое, што павінен рабіць мужчына з даверанай яму жонкай, бо ўсе мае помыслы зусім з другою, але яна з тым зачуханым жыдком і для мяне прапала.

— Ведаю, ведаю, — кажа прыяцель, бавячыся сваім ножыкам, ставячы яго кончыкам ляза на стол і падушачкай указальнага пальца лёгка націскаючы на канец тронкі, прымушаючы каралавую бабку павольна паварочвацца вакол сябе, пакуль магістру ў галаве не закруціла. — Але адкуль ты ведаеш, што дзева Барбара ня дасьць рады твайму клопату, не разьвее яго? Бог стварыў жанчын, будзь яны высокія ці нізкія, тоўстыя ці кашчавыя, гладкія ці вісласкурыя, усіх з аднолькавай дзіркай і для аднолькавых мэт.

— Ах, Ганс, — кажа Айцэн і зноў зьдзіўляецца, што Лёйхтэнтрагер ўсё яшчэ ўпраўляецца ў Гамбургу хто яго ведае зь якімі гешэфтамі, — я ж зьняў пробу, па ўсёй сумленнасьці, зразумела, але дзева была сухая і пляскатая, як дошка, і халодная, як крыга, і ўсё толькі стагнала, быццам ад страху, і шчаміла задніцу, быццам баялася, каб я не запусьціў туды тузін мышэй; і тое нямногае, што я меў на яе, зусім прайшло, і такі ў яе быў востры нос, і такія былі сухія губы, а ў самой, дзе ў іншае цыцкі — як грыфельная табліца. І я мусіў сказаць бацькам, што хацеў бы крыху счакаць, занадта ж нядоўга прайшло, як памёр бацька, і сэрца маё пры ўсім каханьні да дзевы, яшчэ поўнае скрухі й жалю.

Лёйхтэнтаргер задумліва пачэсвае гарбок.

— Нічога, прыйдзе час, і пойдзеш пад чапец, Паўль, — кажа, — бо ва ўсім павінен быць свой лад і парадак, а сьвятар бяз бабы гэта як пастух бяз кія, самага галоўнага бракуе; а як што ты пакліканы на вялікае, сьпярша ў тваім родным горадзе, а пасьля вышэй і далей, дык мы павінны будзем памазгаваць, як табе й тваёй дзеве ў гэтых штуках нейкай рады даць.

Такія прадказаньні з вуснаў прыяцеля радуюць дух і асьвяжаюць душу, асабліва ж таму, што Айцэн прыгадвае, як тады ў Вітэнбэргу Лёйхтэнтрагер напрарочыў, што яго будуць экзаменаваць па анёлах, і ўсё спраўдзілася. Тут ужо толькі згаджайся, калі сябар прапануе: сустрэцца ў нядзелю папалудні, калі надвор'е паспрыяе, на сумесным шпацыры ўздоўж Райхенштрас і Альстэра, дзе сябар Лёйхтэнтрагер учыніць дзеве агледзіны й, можа, нават зробіць на яе ўплыў на карысьць сябру Айцэну, натуральна, і бяз жоднай іншай мэты; магчыма, кажа Лёйхтэнтрагер, ён прыхопіць каго-небудзь яшчэ з сабою, скажам, даму, якая сваёй істотай і вопытам уздольніцца даць дзеве сякія-такія парады й расклеіць ёй рот.

Перейти на страницу:

Похожие книги