— А то хто ж яшчэ? Ці ж бы йшоў я да Вас, каб ня быў той, хто я ёсьць? Каб я так жыў, каб я так стаяў, як стаю перад Вамі, гер Айцэн, як я ня гутарыў з рабі, калі ён у дарозе на Галгофу з крыжам на плячах спыніўся каля дзьвярэй майго дома.
Гэта здаецца хвораму вельмі слушным і ўсяляе давер, так што ён дабрадушна заяўляе:
— Мяне мучыць страх перад Нічым. Скажыце мне, прашу Вас, гер Агасфэр, ці ёсьць несьмяротная душа, і калі яна ёсьць, празь якую дзірку яна пакідае чалавечую стаць і куды выпраўляецца?
Гэтага ўжо геру Эпінусу задосыць, і ён крычыць хвораму:
— Вы не павінны мучыцца плягамі праз такія страхі й думкі; усё вызначана найлепшым чынам і ўрэгулявана сьвятымі таемнасьцямі, якіх Вы прычасьціліся.
Хворы заплюшчвае вочы; боль у грудзях перацінае яму дыханьне, і ён зь цяжкасьцю кажа:
— За вамі яшчэ адказ, гер Агасфэр, на маё пытаньне.
Яўрэй сьмяецца.
— Я ўсюды іх судашаю, асірацелыя душачкі; над зямлёю і паміж нябёсамі лунаюць яны, празрыстыя як подых зімою, і зьнікаюць зь ветрам бясконцасьці, і я часта пытаюся ў сябе, а ці ня было б мілажальнай ласкай Бога, каб ён даў ім нарэшце цалкам растаць.
Хвораму робіцца зусім няўцешна, і ён пачынае жаласна плакаць. Пасьля чмыхае, ускідае ўгору нос і пытаецца:
— І няма ратаваньня ў Хрысьце?
Яўрэй вагаецца. І зноў успамінае рабі, і як той угнуўся пад крыжам і як ішоў далей, і ён кажа:
— Рабі любіў людзей.
І тут хвораму зрабілася так, быццам той абруч, які сьціскаў яму горла, парваўся, і ён стогне ўголас, і ўздыхае глыбока й шчасьліва, апошні раз, і тады жыд праводзіць яму далоняй па павеках.
Ніхто ня ведае, колькі доўжыцца ціша, пакуль гер галоўны пастар не спахапляецца й не пачынае ўголас маліцца:
— О ты Божае ягнятка, што нясеш на сабе грэх сьвету, зьлітуйся і ўмілажалься з нас. О ты Божае ягнятка, што нясеш на сабе грэх сьвету, дай нам мір. Хрысьце, пачуй нас. Kyrie eleison. Christe eleison. Kyrie eleison.
Пасьля чаго жонка Ганна й дочкі Марта й Магдалена выбухаюць гучным галасам, а сын Дзітрых думае, што ён вось павінен разаслаць пісьмы ўсім гандлёвым партнёрам і карэспандэнтам таго зьместу, што дом Райнгарда Айцэна, палатно й шэрсьць, з гэтага часу будзе ўзначальвацца ім, і што дом будзе пастаянна верна сьледаваць сваім абавязанасьцям, што, думае ён далей, пры сёньняшніх завышаных цэнах і таму што ён павінен будзе выплаціць брату, магістру, і сваім сёстрам Марце й Магдалене іхнюю долю, яму патрэбная божая дапамога, альбо што ён павінен будзе залезьці ў боргі да жыдоў.
Пры гэтай подумцы на вочы яму зноў трапляе жыд, зь якім толькі што гаварыў яго спадар бацька, і вось ён стаіць, крыху разгублены, і ўжо больш зусім ня ўзьнёслы, а як звычайны жыдок, і таму ён хапае яго за каўнер зашмальцаванага лапсердака й штурхае ў дзьверы прэч. Крыху пазьней ён і ўся сям'я зводзяць уніз па лесьвіцы гера Эпінуса й праз шырокія сені да дзьвярэй дома, пры чым магістр Паўль асабліва рупліва лістам сьцелецца перад герам галоўным пастарам; застаецца толькі нябожчык, склаўшы рукі на грудзях, вусны ўміратвораныя, і цяпер, нябось, ведае ўжо, зь якое ягонае дзіркі вышмульнула несьмяротная душа й куды памкнулася.
Разьдзел пятнаццаты. У якой прафэсара Лёйхтэнтрагера павучаюць, што душа выконвае функцыю чалавечай нэрвовай сістэмы, а богабаязныя варшаўскія яўрэі сумняваюцца ў Бозе, і Агасфэр спальвае сам сябе