Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Такі закід яму, магістру Паўлю, пасьля таго, што ён прапаведаваў на апошняй ютрані ў Вітэнбэргу ў тамтэйшай замкавай кірсе! Гер Паўль робіцца белы ў твары, вусны яго сьціскаюцца як пасьля кіслага віна; як ахвотна праэкспанаваў бы ён геру галоўнаму пастару, што ён думае пра жыдоў, іхні род і сутнасьць; але тут над душой стаіць жыд Агасфэр, які яму яшчэ патрэбны дзеля спадара таты, і наставіў вушы; і таму гер Паўль уздатніўся толькі на нейкае мармытаньне, пакуль, пасьля, зь яго грудзей ня вырываецца:

— Певень, певень, певень тры разы закукарэкаў!

І азіраецца, шукаючы дапамогі, на жыда, які лепей расказаў бы пра цуд у Гэльмштэце, але той ані-ані, толькі ўсё яшчэ маўчыць.

А геру галоўнаму пастару Эпінусу, наадварот, ад слоў і паводзінаў юнага магістра — халадок па вантробах.

— Певень-шмевень! — кажа ён. — Тут ня курыны катух, дзе мы знаходзімся, гер магістр, а прыстойны пакой, дзе канае сумленны хрысьціянін, і калі певень сваім часам і крычаў апосталу Пятру, дык яму ўжо даўным-даўно галаву скруцілі.

На гэтых словах ён нарэшце ўспамінае, што хворы ўсё яшчэ ляжыць на ложку, неаболены духоўна й цялесна, і што, мусіць, цяпер сама-сама крайні час, каб узбадзёрыць яго сьвятым прычасьцем і з тым прыйсьці да шчасьлівага канца. І ён ідзе да абцягнутай скурай прыгожа аздобленай скрынкі, якую прынёс з сабою і паставіў каля ложка, і адчыняе яе й дастае зь яе пудэлачка з тоненькай скібачкай хлебца, а таксама флакончык зь цёмным віном і срэбраны кубачак.

Хворы варушыцца. Усім на жах, і ня толькі жыду, са страшэнным крактаньнем хворы падымаецца, аж вочы ледзьве ня лезуць з чэрапа, і застаецца, абапершыся на худыя локці, у пазыцыі седзячы.

— Я хачу жыда, — кажа ён выразна і ўсім чутна, — хачу гаварыць з жыдам.

У гера Эпінуса расхлябеньваецца рот, ён думае, няйначай тут чорт уплішчыўся, і апэлюе да мінулых часоў, калі чорта выганялі з гвалтам і малітвай; таксама й сыну Дзітрыху й сёстрам Марце й Магдалене, і найперш жонцы Ганьне робіцца ня тое каб добра, застылі як Лотава жонка, якая акінулася зіркам на Садому, калі ёй гэта было забаронена, за што й ператварылася ў саляны слуп. А жыд папраўляе на рыжых валасах ярмолку й выцягвае з рукава лапсердака нітку й кажа хвораму:

— У нас яшчэ шмат часу ў абодвух, гер Айцэн, — і геру галоўнаму пастару Эпінусу: — Я перашкодзіў Вам у адправе Вашай трэбы, дык жа працягвайце, калі й не дапаможа ў Богу, дык хоць суцешыць чалавека.

Галоўны пастар страляе зьедлівым позіркам у магістра, які прывалок яму бессаромнага жыда, кідае такі самы позірк на жыда, які так велікадушна паказаў і адначасова выказаў такое абвінавачаньне; але яму не застаецца нічога іншага, як толькі адпраўляць трэбу абсалютна так, як і параіў яму жыд. І ён бярэ аплатку ў пальцы й кажа:

— Гасподзь наш Ісус, уночы, калі быў прададзены, узяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў сваім вучням, кажучы, прымеце і ежце, гэта цела маё, якое за вас аддаецца.

Пасьля чаго ён кладзе хвораму танюсенькую скібачку на дрыготкую губу, каб той праглынуў; а жыд усё гэта чуе й бачыць і ўспамінае рабі, як той прыхіліў яго да сваіх грудзей і шаптаў яму, што ўсё-такі любоў мацнейшая за меч, і ўспамінае, як мігацелі лампадкі на вечаровым ветры, што пранікаў праз вокны, і як сьвятло й цені адкідаліся на твары вучняў, на твар Юды Іскарыёта таксама, і ўсё гэта было даўным-даўно, а й што з таго сталася, думае ён, — абракадабра.

— Таксама й чару, — кажа гер галоўны пастар далей і крышачку накапвае з флакончыка ў кубачак, — і даў ім яе, кажучы: прымеце, гэта кроў мая, за вас праліваная на дараваньне грахоў.

Пры гэтым падносіць кубачак хвораму да вуснаў; але больш віна пабегла па падбародку на ложак, афарбаваўшы прасьціну ў чырвонае, чыста кроў жывая. А тады інтануе гер галоўны пастар пацеры, да якіх магістр Паўль рупліва далучаецца, як і рэшта сям'і, пасьля якіх, пацераў, можа ўжо й сьмерць нарэшце прыходзіць. Але ня сьмерць падступае да ложка хворага, а жыд, які раптам здаецца як бы на цэлую галаву вышэйшы, чым раней, а ягоны лапсярдак як бы робіцца сьвятарскаю рызаю. І ён кладзе сваю руку, як калісьці зрабіў гэтак рабі, на руку хворага й кажа яму:

— Я прыйшоў, як Вы пажадалі, гер Айцэн, і гатовы да паслуг на любыя даведкі.

Тым часам да хворага праціснуліся ўсе астатнія, у першую чаргу магістр Паўль, які лічыць, што мае першае права на жыда, але й брат Дзітрых і сёстры Марта й Магдалена, а таксама жонка Ганна й сам гер галоўны пастар Эпінус, бо побач з пахапнасьцю да грошай і прагай да пацехі цікаўнасьць ёсьць самы моцны пацяг і паганяты. Але хворы больш не глядзіць ні на жонку, ні на дзяцей, ні на дастойнга гера галоўнага пастара; ён глядзіць толькі на гэтага жахлівага, агіднага жыда, сузірае толькі яго разгарачанымі вачыма, бо гэты Агасфэр зусім не падобны на зморшчанага, скукшанага, сьлязьлівага старалюдка, якім ён яго сабе ўяўляў, і пытаецца:

— Дык гэта праўда, што Вы, вечны вандроўнік, і што вы бачылі нашага Госпада Ісуса ў асобе ды так за абы што й прастарэкавалі зь ім?

Яўрэй ківае галавой.

Перейти на страницу:

Похожие книги