Аж дасюль хапіла дыханьня кандыдату Айцэну, а цяпер трэба было перавесьці дух і набраць паветра, як, зрэшты, і герству экзаменатарам і тым, што з гарадзкое рады, і тым, што з курфюрставай управы, якія ўсе яшчэ ніколі ня чулі на экзаменацыйных выспытках такіх абшырных да найдрабнейшых драбніц дакладных адказаў і, натуральна, былі ўражаныя перажытым. А студэнты, якія ня дужа шмат чаго чакалі ад Айцэна, затупаталі нагамі, загрукаталі кулакамі па сталах, а ў іх гэта такі звычай, што гер дэкан пачаў пабойвацца за сьцены і рухомасьць. Толькі Лёйхтэнтрагер робіць твар, быццам для яго гэта чыстая будзёншчына, крыху прыўзьнімае гарбок, і Айцэн адчувае, як яго забірае зноў і што ён павінен гаварыць далей, як колісь прарокі, зь языка, толькі ня ведае, ці ягоны язык ад Бога ці ад чаго яшчэ.
— Angeli boni sunt, — кажа ён, — qui in sapientia et sanctitae perstiterunt, — якія, такім чынам, стаяць на сваім у мудрасьці й сьвятасьці, так што яны, несапсаваныя грахамі, маглі б маліцца Богу й жыць зь яго вечных шчадротаў. Частка гэтых добрых анёлаў цяпер вызначана на службу Богу й Хрысту, а другая частка дбае й рачыць за ацаленьне людзей. Такога роду анёлы служаць асобным пабожнікам, ад маленства да іх пачэснай сьмерці, і яны, як гэта лёгка ўбачыць кожны разумны, асабліва адказныя за прапаведнікаў сьвятога слова.
Пры гэтым юны Айцэн кідае позірк поўны значэньня на Лютэра й свайго добрага настаўніка Мэланхтона, пасьля чаго паварочваецца да герства з рады й службоўцаў курфюрста і ўзьнёслым голасам працягвае:
— Але яны таксама абавязаныя сваёй палітычнай прызначанасьці, яны падначаленыя палітычным законам, падтрымліваюць слуг начальстваў, абараняюць іх ад несправядлівасьці ворагаў!
Тут, вядома ж, самае натуральнае, што герства з рады й герства ад курфюрства ківаюць і мармычуць, і шмат у каго зь іх прыкметнае адчуваньне, што прыстаўлены да іх з вышніх сфэраў ахавальнік-анёл стаіць за сьпінай, заглядвае праз плячо й кажа, кажучы: Тут я, тут, гер Першы Сакратарыус.
Пры такім узьдзеяньні яго слоў ня дзіва, што кандыдат Айцэн ўсё больш і больш натхняецца й апісвае, як добрыя анёлы дакладаюцца дапамогай і ў гасадарцы, падтрымліваючы гешэфты пабожнікаў, і вядуць да добрых удачаў, і ў сем'ях, абараняючы іх і падтрымліваючы ў іх парадак, бо сям'я ж у малым тое самае, што дзяржава ў вялікім. Аднак in summa ўсё гэта, заяўляе ён, толькі ргаерaratio для іх задач на Страшны суд, дзе добрыя анёлы маюць падрыхтаваць судовы вырак Хрыста, служачы там у якасьці асэсараў і аддзяляючы пабожных ад бязбожных, пабожных на правы бок на іх будучае месца праваруч Хрыста, а бязбожнікаў страмотыч уніз у пекла. Таму належыць кожнаму, каб мы ўсхвалялі анёлаў і любілі й асьцерагаліся сустракацца зь імі пры іх благаслаўнай дзейнасьці; пасылаць малітвы да іх — нягожа.
У Айцэна дрыжаць калені. І хоць пры гаварэньні чалавек карыстаецца толькі губамі й языком і горлам і часам рукамі, тым ня меней яму патрэбна вялікая сіла асабліва тады, калі ён хоча, каб яго прамова была адухоўленая; і як што словы кандыдата напоўнены духам пабожнасьці, у гэтым герства экзаменатары й на чале іх доктар Лютэр і магістр Мэланхтон, і ўся астатняя набрыдзь у зале перакананыя, дык Айцэн лічыць, што ўжо ён падвёў іх да добрай кандыцыі, сказаўшы пра Страшны суд і пашанаваньне анёлаў, але як што ў сьвеце ніякае Так ня бывае бязь Не, ніякае Дабро без Благога, дык ён выдае яшчэ сaput, у якім гаворка ідзе пра ліхіх анёлаў, ня так дзеля вучонага герства, якому цалкам удастаткавалася ўжо пачутага, а таму, што ён адчувае, як яно быць павінна. Але калі ён падымае вочы для інсьпірацыі, каб натхніцца, Лёйхтэнтрагера ўжо няма; у полі свайго зроку ён знаходзіць толькі доктара Марцінуса й свайго настаўніка Мэланхтона, абодва поўныя чаканьня, і нікога больш паміж дзьвюх галоў, і яму робіцца страшна й ня ведае, што сказаць, ён ведае толькі, што, хто гаворыць ад чорта, таго чорт і пад'юджвае.
Але тады раптам адчувае, што гэны як рыхтык тут каля яго, гэта ягонае дыханьне, ня больш, і ён бачыць, як збоку на яго глядзіць Лёйхтэнтрагер, якраз як мінулай ночы, калі той на поўны язык заявіў, што ўся тэалёгія — гэта толькі пустая слоўная малатарня. «Angeli mali sunt, — гучыць з Айцэнавых вуснаў, — qui in concreata sapientia et justitia non perseverarunt», і ён ня ведае, ці сапраўды кажа гэта альбо празь яго маўляе нехта іншы, і зьдзіўляецца, што ніхто з герства экзаменатараў не пратэстуе супроць прысутнасьці кагосьці іншага на баку кандыдата, бо такое, увогуле, не практыкуецца, калі не забаронена зусім. Але гаворыць далей пра ліхіх анёлаў, якія не застаюцца ў дадзенай ім мудрасьці й справядлівасьці, а па сваёй волі зьвіхнуліся і ўхіліліся ад Бога й шляхоў праведнасьці й гэтым самым зрабілі сябе закончанымі ворагамі Бога й людзей.