І вось ахапіў мяне вялікі гнеў, і я адказаў: Такі не павінен дапускаць малако ў збанку да скісаньня. Не, ты ня той, хто там павінен прыйсьці і ўзвысіць усе даліны й ўсе горы й пагоркі панізіць і выраўняць няроўнае; мы павінны будзем чакаць некагась іншага. Але цябе яны возьмуць, і зьняславяць як ілжэцара, яны будуць цябе бічаваць, і ўскладуць на галаву тваю церне й прыб'юць цябе да крыжа, і вісецьмеш, пакуль твая кроў павольна й уся ня сплыве з твайго пяшчотнага цярплівага сэрцайка; ня агнец ёсьць той, хто зьмяняе сьвет, агнца рэжуць.
Агнец, кажа ён, вазьмі віну на сябе.
І вось я пакінуў яго стаяць на холадзе й пайшоў сваёй дарогай. Але ён пасьпяшаўся за мною ўніз па схіле гары, спатыкаючыся, няроўнай хадою, і ўсклікнуў: Не пакідай мяне, бо ў мяне больш нікога няма, і я ведаю, ніводная рука не падымецца за мяне, а ўсе адступяцца ад мяне.
Я стрымаўся ў сабе. А ён, дрыжучы, падышоў з буйнымі кроплямі поту на лобе, і я ўжо каяўся, што адштурхнуў яго ад сябе, і сказаў: Няма ніякай роўнасьці паміж табою і мною, бо я дух, а ты Сын чалавечы. Але я хачу быць з табою, калі яны ўсе пакінуць цябе, і я хачу суцешыць цябе, перш чым прыйдзе твая гадзіна. Каля мяне ты зможаш адпачыць.
Але ён пакінуў пустыню й выправіўся ў Капернаўм да рыбакоў і прапаведаваў народу, што лагодныя дабрашчасьцяцца, бо іх будзе Царства Нябеснае, і што дабрашчасныя таксама й тыя, якія тут галадаюць і прагнуць справядлівасьці, бо яны спатоляцца.
Разьдзел шосты. У якім прафэсару Лёйхтэнтрагеру аўтарытэтна паведамляецца, што мы ў ГДР ня верым у цуды, як і ў рэальнае існаваньне Вечнага Жыда