Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Айцэн адразу ўспамінае пра манэту й шматок з выцьвілымі габрэйскімі словамі, і ён немаведама чаму, бо той, хто гэтыя абедзьве рэчы перадаў асьлепленаму й пасьля памерламу бацьку свайго гаспадара, акулісту з Кіцынгена, быў чалавек дапатопнага веку; а цяпер гэты жыд тут, усё яшчэ абхапіўшы рукою Маргрыт, у самым росквіце гадоў, каб яму чорт яе перасаліў.

Лёйхтэнтрагер пагладжвае бародку й кажа, вядома ж, усё ў найлепшым парадку, можаш сабе выюрвацца далей; пасьля ён накульгам ідзе да сьцяны, націскае на нейкае патайнае месца, і вось Айцэн са зьдзіўленьнем бачыць, як добры кавалак той сьцяны расхінаецца й адкрывае вачам цэлую паліцу з пузатымі з крывавым перабліскам пляшкамі. Мабыць, віно, бо Маргрыт выслабаняецца з абдымкаў свайго жыдка й выстаўляе шклянкі, з высокім майстэрствам выштукаваныя золатам. Лёйхтэнтрагер і жыд абодва сядаюць за стол, а юны Айцэн ня ведае, ці вымкнуцца яму вонкі, як пабітаму сабаку, ці заставацца; ніхто не адзываецца да яго. Але потым цікаўнасьць бярэ верх над боязьзю, і ён падсаджваецца, хоць яго й абражае, як Маргрыт вывінчваецца каля таго жыдка й прагна наровіць падласьціцца, быццам той у сваім зашмальцаваным лапсярдаку быў грэцкі бог Аданіс.

Жыд, мармычучы па-габрэйску, дабраслаўляе віно, налітае Лёйхтэнтрагерам, і адпівае глыток. П'е й Маргрыт, сьпешлівымі глыткамі, чырвоная кропля зьбягае па падбародку й па белай шыі; юнаму Айцэну вусьцішна робіцца, яму здаецца, быццам ён заглядвае ў будучыню. Яму наогул усё тут такое чужое й непрыемнае. Пакой ужо больш не пакой, і час больш ня час, і Маргрыт стаіць і падражнівае, як Ева на карціне майстра Кранаха й з такім самым разумным позіркам. Жыд і Лёйхтэнтрагер гутараць пра нейкага шаўца з горада Ерушалайма, які прагнаў рэбэ Ёшуа ад сваіх дзьвярэй, за што яго гэты й пракляў.

— Быў ілжэмэсія, — кажа жыд.

— Хто гэта ведае? — кажа Лёйхтэнтрагер. — Нельга вылічыць старога. Калі ўжо ён стварыў аж такі сьвет з такімі людзьмі, чаму ж бо яму й ня прыдумаць сябе ў двух відах ці нават у трох?

Юны Айцэн разумее, што яны гавораць пра Бога й пра вялікую містэрыю, і яго злуе, што робяць яны гэта без патрэбнай пачцівай багавейнасьці, і ўсё ж ён падазрае, што яны маглі б пра тое ведаць больш, чым ён і яго настаўнік Мэланхтон, больш нават за вялікага доктара Марцінуса, пра якога яны сама цяпер распачынаюць спрэчку.

Цяжкае віно дае яму ў галаву як мядовасьць. Яно затуманьвае мазгі й адначасова робіць яго празарліўцам. Ён чуе, як жыд нахвальвае Лютэра: ніхто так, як ён, не ўспасобіў сьвет, не разбурыў парадак, заведзены на тысячагодзьдзі, ніхто так не ўзарваў будынак вучэньня й вал закона; цяпер патоп папёр, ён парывае ўсё з сабою, нясе да прорвы, і дарма дабро супрацівіцца гэтаму працэсу.

Лёйхтэнтрагер падымае свой гарбок угору. І не таму, што ён асабіста чуў з жывых Лютэравых вуснаў, як прасякае таго страх, калі ён бачыць, што адно вырастае з другога, крывавы мяцеж з дабрапамыснай рэформы, і паўсюль — суцэльны разгардзяш; у адказ на што ён сьпешна адштурхоўвае ад сябе тых, што падтрымлівалі яго й хацелі таго самага, што й ён, і не баіцца зрабіць наступны крок і ў імя Бога аднаўляе старыя дамбы й дае шанцы былым гаспадарам.

Жыд трасе галавой. Што было, тое было, кажа ён, і ніхто, нават сам Лютэр, ня можа зрабіць таго, што было раней. І з кожнага абвалу й перавароту вырастае новае, лепшае, пакуль нарэшце вялікая думка ня робіцца рэальнасьцю і ня зробіць ягоную, жыдаву, працу, і ён зможа знайсьці спакой, спакой, спакой.

Віно. Галава ў юнага Айцэна ападае на складзеныя рукі.

— Заснуў, — кажа жыд.

— Ён нічога не разумее, — кажа Лёйхтэнтрагер. — Яму што.

Маргрыт сьцягвае жыду боты, цалуе скалечаныя пыткай ногі.

— Як вы цяпер завяцеся? — хоча ведаць Лёйхтэнтрагер.

— Ахаў, — кажа жыд.

Маргрыт зьнізу глядзіць на жыда.

— Калі вы Ахаў, хачу быць вашай Езавэляй.

— Ахаў, кажа юны Айцэн не падымаючы галавы як бы з цяжкага сну, — Ахаў быў забіты, і сабакі лізалі ягоную кроў.

А тады робіцца яму, быццам бачыць ён вогненную хмару й чуе грымоты й пякельны пошчак і рогат, а пасьля голас, які нагаворвае нешта неразборлівае, габрэйшчына, думае ён, выслоўе на кавалку пэргаманта. І ён ужо поўны жаху і роспачы, і зьяўляецца яму добры доктар Марцінус і бярэ яго за руку й кажа яму: «Узьвядзі ты царства божае, Паўль, сыне мой, і парадак, якога я хацеў».

Раніцай, прачнуўшыся тварам сярод чарэп'я шкла на стале й паўвысахлых расьцёкаў віна, бачыць, што жыд ужо зьнік разам з Маргрыт, толькі Лёйхтэнтрагер стаіць на сваіх кульгах і кажа:

— Прыйшло тут табе пісямко, Паўль, табе трэба як мага баржджэй выбірацца ў Гамбург, там твайму бацьку занядобрылася, і ён патрабуе цябе. Я ўжо перагаварыў з панамі дактарамі з унівэрсытэта; яны гатовыя праэкзаменаваць цябе з гэтай нагоды, выпрабаваць, каб ты мог прапаведаваць правільнае слова божае там, на поўначы. А як што туды вядуць і мяне мае гешэфты, дык мы з божай ласкі маглі б і выправіцца разам.

Перейти на страницу:

Похожие книги