Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Калi я разглядаю ход Вашых думак у гэтым аспекце, я магу толькi зрабiць выснову, што Вы i Ваш Iнстытут у пытаннi наяўнасцi Вечнага Жыда дэ факта, хоць i павольна, але наблiжаецеся да iсцiны, i я разважаю, цi не павiнен я прадпрыняць спробу ўгаварыць Вашага сябра на паездку ва Ўсходнi Берлiн, каб Вы пазнаёмiлiся з iм i задалi яму некаторыя пытаннi, якiя маглi б зрабiць зразумелымi эвэнтуальна яшчэ недастаткова асветленыя кампаненты гэтага рэальна iснуючага сiмвал-вобраза. Угаворы, хай ужо будуць за мною; не думайце, калi ласка, што гер Агасфер пасля не заўсёды радасных перажыванняў у нямецкiх землях прадпрыняў бы паездку туды з лёгкiм сэрцам.

Але вернемся да Вашых новых перакананняў, хоць уключэнне Вамi Агасфера ў катэгорыю з маладзёжным героем Зiгфрыдам, якi вельмi высока кацiраваўся ў часы нацыянал-сацыялiзму, мне не асаблiва да смаку. Натуральна Агасфер, побач з iншымi, таксама сiмвал-вобраз; паколькi ён яўрэй i быў iм спрадвеку, дык i ягоны лёс яўрэйскi па вызначэннi, пункт погляду i паводзiны - яўрэйскiя, яго незадаволенасць iснуючымi адносiнамi, ягоныя намаганнi змянiць iх - адпаведна яўрэйскiя. Але ён, хоць гэта ўжо не выключная яўрэйская якасць, - учалавечаны неспакой; парадак рэчаў для яго такi, каб сумнявацца ў iм i пры выпадку абвяргаць яго.

Я для маёй пярсоны маю зусiм iншае ўстанаўленне - хачу супакоiць Вас i Ваш калектыў i ўстановы Вашай рэспублiкi, якiя, мабыць, пры выдачы вiзы на ўезд грамадзянам Iзраiля паводзяцца асаблiва асцярожна. Для мяне самае пажаданае парадак; чым больш дзе-небудзь парадку, тым мне прыемней. Ужо сам мiлы Бог, якога Вы не хочаце прызнаваць, ствараючы свет, адразу стварыў для яго i законы, пунктуальна i, дзякаваць Богу, планамерна. Майму сябру Агасферу гэта прыкрасць, але я заўсёды суцяшаю яго тым, што Вы як дыялектык таксама прызнаяце, што менавiта ўсякi тэзiс нясе ў сабе i антытэзiс, трэба толькi мець цярплiвасць; але ён як сiмвал-вобраз, якiм ён ёсць, нясе ў сабе яўрэйскую нецярплiвасць.

Але ў справе з сiмвал-вобразам ёсць свае закавыкi. Як я ўжо ўпамiнаў у сваiх сцiплых зарысах пра Агасфера ў Hebrew Historical Studies, а Вы больш шырока разглядаеце ў раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" ў вашай высокапахвальнай кнiзе "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", Агасфер-легенда паўстала з самых розных элементаў, якiя маюць толькi тое агульнае, што датычацца праклёнаў вечнаму жыццю на зямлi, асаблiва бадзянню i пакутам да канчатковага вяртання Iсуса Хрыста. Вы самi ў сваiм пiсьме ўказваеце на Яна, любiмага вучня, пра якога рэбэ Ёшуа даволi двузначным манерам сказаў апосталу Пятру (Ян 21:22-23): "Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?". Гэтае выказванне ёсць зародкавая клетка думкi пра зямное далейшае жыццё сучаснiкаў укрыжаванага да яго канчатковага вяртання.

Перейти на страницу:

Похожие книги