У гiсторыi часта здаралася так, што якiя-небудзь дробныя прахадзiмцы выдавалi сябе за славутасцяў, якiя ў фантазii народа яшчэ былi жывыя, - колькi бегала па свеце Iлжэнеронаў, колькi Iлжэдзмiтрыяў, i нават знакамiты капiтан з Кёпенiка, нотабэнэ шавец, як i Агасфер, адносяцца да гэтай катэгорыi, бо вобраз прускага афiцэра адначасова абуджаў i акрыляў пачуццi грамадзянаў. Нават апосталу Яну, пра якога, як Вы можаце ўспомнiць, у Новым Запавеце (пар. Ян 21, вершы 20-23) гаворыцца, што ён не памрэ, а застанецца, пакуль не вернецца Хрыстос, знайшлi iмперсанатара, аднаго такога, якi пазней быў жыўцом спалены ў Тулузе яшчэ напрыканцы ХУI стагоддзя.
Як я ўжо меў нагоду выказацца ў маёй кнiзе "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", раздзел "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда", вельмi падобна на тое, што ў выпадку з гэтым Янам, якi ў евангеллях фiгуруе як любiмы вучань, трэба бачыць правобраз Агасфера. Чаго я ў маiм галоўным пункце дасягнуў, што ў маёй толькi што названай працы магчыма крыху недастаткова акцэнтавана, але што я пасля сталага разважання i дыскусii з маiмi супрацоўнiкамi цяпер павiнен асаблiва падкрэслiць, гэта: Агасфер нiякая не, нават высветленая праз паданне, гiстарычная асоба, як i славуты iмператар Барбароса, i ўжо ж такi ён нiякi не сучаснiк адначасова Пiлата i прафесара Ёханаана Лёйхтэнтрагера; хутчэй за ўсё ён ёсць сiмвалiчная постаць, сiмвал-вобраз, i да таго ж даволi тыповы.
Як для германцаў Зiгфрыд, вечны маладзён, падступнай рукой замардаваны герой, так i для вечна касым вокам падгляданых, усюды бяздомных, вечна з-краiны-ў-краiну-вандроўных, часта нават гнаных i цкаваных яўрэяў - Агасфер. У iм персанiфiкаваны лёс яго народа. Элемент падабенства сягае аж да падрабязнасцяў яўрэйскай экзiстэнцыi. Так С.Марпурга ў сваёй "L'Ebreo errante in Italia" (Фларэнцыя, 1891) цытуе, гэта Вам несумненна вядома, паведамленне нейкага Антонiа дзi Франчэска дзi Андрэа з Сан-Ларэнца, якi нiбыта сустракаўся з Вечным Жыдам у 1411 годзе: "Ён можа заставацца ў правiнцыi толькi тры днi i ўжо спяшаецца ўпрочкi, бачна i нябачна; на iм адзенне з каптуром, аперазаны вяроўчынай, i ходзiць босы; тым не меней, хоць ён i не мае пры сабе нi машны нi кашалька, расплачваецца гатоўкай. Прыйшоўшы ў якi-небудзь прытул, есць i п'е добра, а пасля расцiскае кулак i дае столькi, колькi патрабуе гаспадар; i нiколi нiхто не бачыць, адкуль у яго бяруцца тыя грошы, i нiколi не бывае, каб яму iх не хапiла..." Гэтыя дадзеныя перакрываюцца са звесткамi, пададзенымi ў адной фламандскай народнай кнiжцы з сярэдзiны ХУII стагоддзя, выдадзенай ананiмна i без пазнакi года i месца выдання, якая, бадай, з'ўляецца перакладам з нямецкай, а насамрэч, мабыць, прыйшла ўзбочнымi шляхамi з французскай. Там гаворыцца: "Увесь ягоны скарб складаецца з пяцi штубераў, якiя заўсёды ўзнаўляюцца, колькi б ён iх нi трацiў". У многiх выданнях "Кроткаго опiсаня i розсказу про однаго жыдовiна з наiменем Агасферус", першая вядомая нам рэдакцыя якога выйшла ў 1602 годзе "ў Лейдэне ў Хрыстофа Кройцэра", дзiўным чынам падтэкставана дата "Шлезвiг 9 iунiя 1564", падаецца далейшае апiсанне, што яўрэй часта паяўляецца ў селiшчах бедны i абадраны, але праз некаторы час ужо апрануты з iголачкi ў нiтачку i нават у моднай выправе.
Тут адбiваецца натуральна не што iншае, як назiранне аўтараў народнай кнiгi, што гандлёвыя яўрэi не ездзiлi, як хрысцiянскiя купцы, з кашалькамi ў кiшэнях, яны ведалi так званы безнаяўны разлiк, каб не сказаць крэдытныя карткi, i гэтакiм чынам пазбягалi стратаў ад нападу рабаўнiкоў i падобнага зброду; так яўрэй едзе з рэкамендацыяй брата-аднаверца А. ў горадзе Б. да брата-аднаверца В. у горадзе Г. i там адразу атрымлiвае грошы, якiя здаюцца недасведчаным "гоям" грашмi з дзiўных крынiц.
У заключэнне дазвольце мне рэкапiтуляваць думку нашага iнстытута: Мы прызнаём Агасфера за яўрэйскi сiмвал-вобраз. Усё астатняе, нягледзячы на Вашы ўхiлiстыя тлумачэннi, паважаны калега Лёйхтэнтрагер, i насуперак Вашым спробам праз разнастайныя, часцей нават чыста маргiнальныя, каб не сказаць татальна абсурдныя матэрыялы пераканаць нас ў Вашай тэорыi, мы лiчым глупствам.
Застаюся, як заўсёды з найлепшымi пажаданнямi
Адданы Вам
(праф. д-р Dr. h.c.)
Зiгфрыд Байфус
Iнстытут нав. атэiзму
Берлiн, сталiца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
German Democratic Republic
3 лiпеня 1980
Паважаны друг i калега Байфус!
У Вашым пасланнi ад 9-га мiнулага месяца, якое я адразу па атрыманнi ўважлiва i грунтоўна прачытаў i змест якога з задавальненнем прыняў да ведаму, Вы тлумачыце, выступаючы адначасова i ад iмя Вашага Iнстытута, што Агасфера трэба разглядаць як сiмвал-вобраз, да таго ж вельмi тыповы. Гэта Вы робiце пасля таго, як пры ранейшай нагодзе ахарактарызавалi яго як "рэальна iснуючага, хоць i не вечнага" i зноў жа ў iншым пiсьме як "фактар, кампаненты якога яшчэ недастаткова асветленыя".