Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Вучань Ян, як i шавец Агасфер абодва несумнена былi яўрэi; а вось цi былi яўрэямi ўсе астатнiя, пра якiх паведамляецца, што яны падганялi Iсуса ў яго дарозе на Галгофу альбо нават бiлi i ўжо вядомым спосабам былi праклятыя, гэта, прынамсi, пад пытаннем. Можа, яўрэем быў Малх, называны таксама i Маркам, палiцэйскi шпег, якому Пётр у Гефсiманскiм садзе адсек мечам вуха i якi, пасля таго як Iсус на вачах ва ўсiх прыставiў яго на месца i загоiў, наступнага дня свайму дабрачынцу на допыце ў першасвятара Каяфы жалезным кулаком ударыў у твар? Яўрэйская палiцыя была да заснавання сучаснай дзяржавы Iзраiль толькi ў гета, дзе яе арганiзавалi нацысты; яўрэйская традыцыя хутчэй - нехарошую, часта брудную працу ката i палiцэйскага шпiцаля даручаць неяўрэям, на якую сваiм часам меў сваiх крэцi i плецi, з крыцянаў i палесцiнцаў, сам цар Саламон. Альбо Картафiлус, па-грэцку Karta Philos, шматлюбасны, якi служыў брамнiкам пры Пiлаце i ў гэтай сваёй якасцi вельмi няласкава абышоўся з Iсусам? Неверагодна, каб такiм важным чыноўнiкам рымскага намеснiка ў Юдэi мог быць яўрэй; як ужо гаворыць само яго iмя, быў ён хутчэй грэк, а таму - язычнiк; пазней, як вядома, пры Ананii, якi хрысцiўся ў апостала Пятра, ён быў навернуты i называў сябе Язэпам. Альбо той невядомы, якi пазней будзе называцца ў Iталii Джыаванi Батадыё альбо Бутадэўс, што па-нямецку - Богазабойца, ён што? быў яўрэй? Малх, - як паведамляе аўстрыйскi барон Торнавiц, у 1643 годзе была паказана яму ў Ерусалiме туркамi за вялiкi бакшыш, "патайная забрукаваная зала пад зямлёю, дзе ўтрымлiвалiся нявольнiкi ў сваiх старых рымскiх хабiтах i гiнулi i былi бiтыя часам аб сцяну, часам у грудзi, - там быў прыведзены да прызнання, што ён, Малх, бiў Iсуса бязвiнна ў яго святы твар". Пра Картафiлуса, пазнейшага Язэпа, пiша англiйскi манах Ражэ дэ Уандовэр ў "Flores Historiarum", якая разглядае падзеi ад стварэння да 1235 года, што anno 1228 у кляштар св. Альбана ў Англii прыбыў адзiн армянскi арцыбiскуп, i, будучы апытаны пра Картафiлуса-Язэпа, тлумачыць, што ён яшчэ незадоўга да свайго ад'езду частаваў яго за сваiм сталом. Картафiлус жыве сярод бiскупаў i прэлатаў Арменii i iншых краiн Усходу, чалавек святой маралi i святога красамоўства, якi пры нагодзе расказваў i пра блiжэйшыя акалiчнасцi ўкрыжавання i ўваскрэсення, прычым ён не рабiў нiякай тайны са сваёй сумнай ролi. Але Ганс Богазабойца альбо Джыаванi Батадыё ў 1267 годзе ў iтальянскiм горадзе Форлi ў час паездкi да святога Якава сведчыць, а менавiта астролагу Гвiда Банаццi з таго ж горада, сваiм часам ён быў вядомы чалавек, бо Дантэ ўпамiнае яго ў Песнi ХХ свайго "Inferno" ў адным радзе з чарадзеем Мiхаэлем Скотусам.

Але ўласна Агасфер-лiтаратура, i гэта Вы ведаеце, паважаны калега Байфус, паўстае толькi пасля Рэфармацыi, менавiта каля сярэдзiны 16 стагоддзя; i гэтаксама след нам думаць, што i такi яго найважнейшы гарант i пратэстанцкi руплiвец, як суперiнтэндэнт Гамбурга i пазней Шлезвiга Паўль фон Айцэн. (Прагледжаны мною ў архiве Высокай Порты даклад пра працэс над радцам iмператара Юлiяна Апастаты ў гэтым кантэксце каштуе гэтак жа мала як i Кумранскi скрутак 9QRes, бо нi той, нi другi не маглi зрабiць уплыву на ўзнiкненне Агасфер-легенды ў сiлу таго, што першы таму, што стагоддзi ляжаў пад замком, другi - таму што зусiм нядаўна быў знойдзены.) У 1602 годзе з'яўляюцца першыя друкi пра Агасфера, пасля, аднак, iх ужо цэлая гара, перакладаюцца на розныя мовы i навадняюць усю паўночную Еўропу. Чаму? Чаму ўсплывае Агасфер, цяпер ужо асоба, незалежная ад апостала Яна, шпега Малха, брамнiка Картафiлуса, "богазабойцы" Батадыё, менавiта пасля Лютэра, i адразу ж з неабвержнымi ўказаннямi на фiнансавы характар? Адпавядаў ён настроям часу? Стаўся ён актуальным, можа, таму што быў яўрэй, Вечны Жыд? I цi магла быць звязанай гэтая актуальнасць са змененай роляй яўрэяў у эканамiчных дачыненнях пратэстанцкiх абласцей Еўропы - пытанне, на якое Вы, дарагi гер прафесар Байфус, Вы, хто так ахвотна спасылаецца на свае марксiсцкiя светапогляды, не павiнны былi б не спакусiцца з адказам?

Вядома, i да Лютэра была пэўная цiкавасць да некаторых яшчэ жывых сведкаў гiсторыi пакутаў рэбэ Ёшуа alias Iсуса Хрыста; царква разлiчвала скарыстацца гэтымi сведчаннямi супроць паняверцаў i ератыкоў i, натуральна, супроць яўрэяў. Але цiкавасць гэтая была абмежаваная, i сведкi такiя былi рэдкасцю, калi наогул былi, i даводзiлася апасацца, што яны разыдуцца даволi шырока i сваёй рэлiгiйнай даставернасцю словам i думкам укрыжаванага змогуць супрацьпаставiцца практыцы клiру.

I нiхто з верагодных сведак, як i заўсёды iх iмёны, не стаўся сiмвал-вобразам, тым больш яўрэйскiм.

Перейти на страницу:

Похожие книги