1607-ы — новая бяда. Верхні замак знішчаны пажарам. Агонь не злітаваўся і над Сафійскім саборам. Паслы Полацкага ваяводства прывезлі з сойма пастанову: «Руины церкви старой святой Софии забудовать и поправить, абы там коштам своим обыватели книги земские и градские своего воеводства ховали». Адбудоваю святыні кіраваў арцыбіскуп (архіепіскап) полацкі і віцебскі Ясафат Кунцэвіч. Як сведчаць дакументы, ён аднавіў старажытныя муры, «а ў чатырох рагавых вежах непатрэбныя вярхі, што царкве ніякай красы не дадавалі, скінуў, а сярэднюю вежу, прыгожа аздобіўшы, зрабіў яшчэ больш высокаю».
Ясафат Кунцэвіч быў уладыка не праваслаўны і не каталіцкі, а уніяцкі. Уніятам ужо належала і святая Сафія, што ў 1620 годзе зноў прыняла вернікаў.
Хто ж такія уніяты?
Пасля дзяржаўнай уніі Кароны і Княства на беларускіх землях пачынае ўзмацняцца каталіцтва, што нясе з сабою пагрозу паланізацыі. У Масковіі тым часам з’яўляюцца свае патрыярхі, якія заадно з царамі глядзяць на Літву-Беларусь як на сваю вотчыну і дзеля яе захопу збіраюцца выкарыстаць праваслаўную веру нашых продкаў. Дапамагчы пазбавіцца ад прэтэнзій Варшавы і Масквы, а таксама ад небяспекі рэлігійнае варожасці ў самой краіне магла новая вера, якая паяднала б у адным храме каталіцтва з праваслаўем. Гэта разумелі і свецкія, і духоўныя асобы Вялікага Княства — прыхільнікі яго самастойнасці.
Такую веру магла даць рэлігійная Унія.
3 лаціны гэтае слова перакладаецца як адзінства, аб’яднанне.
Ідэя уніі ажыццявілася ў 1596 годзе на Берасцейскім саборы. Літоўскія-беларускія і русінскія-ўкраінскія праваслаўныя ўладыкі прызналі вяршэнства рымскага папы, але захавалі ўсе свае ранейшыя, «грэцкія» абрады. Вялікі князь Жыгімонт Ваза адразу выдаў прывілей пра зраўнаванне ў правах грэка-каталіцкага духавенства з рыма-каталіцкім і пра вечную падтрымку уніяцкай царквы ўладай.
Пад саборнай граматай аб уступленні ў унію стаіць і подпіс полацкага ўладыкі: «Григореи Герман, милостью Божою архиепископ Полоцкий, владыка Витебский и Мстиславский, рукою властною». Гэта ён 9 кастрычніка 1596 года ў берасцейскай царкве святога Міколы ўрачыста прачытаў напісаны на пергамене тэкст уніі, абвясціўшы гэтым самым пастанову сабора.
Кажучы пра гістарычны лёс беларусаў, некаторыя аўтары параўноўваюць унію з перамогаю пад Грунвальдам. Разгром тэўтонцаў адвёў пагрозу фізічнага вынішчэння продкаў, аб’яднанне цэркваў выратавала ад смерці духоўнай. Выратавала найперш дзякуючы жывой народнай мове, якая жыла ва уніяцкіх храмах і манастырах — у казаннях, у навучанні і царкоўных спевах. У грэка-каталіцкай царкве верніку не трэба было спяваць на незразумелай стараславяншчыне. (Упадзімір Караткевіч быў, магчыма, не надта далёкі ад праўды, калі пісаў, што нашы прабабкі замест «И супдам во гробех живот даровал» старанна выводзілі сваімі галасамі — даруй ім, Госпадзі! — «I сухі верабей заплот паламаў».)
Ва уніяцкім Сафійскім саборы палачане спявалі:
Новая царква стала адной з дзяржаўных рэлігій Рэчы Паспалітай і была падпарадкаваная непасрэдна папу. Яна паступова пераможа як сапраўды народная, таму што будзе аб’ядноўваць большасць хрысціянскага насельніцтва Літвы-Беларусі, найперш сялянаў, і шырока карыстацца мовай народа. Як народную яе разглядалі Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, а таксама, між іншым, і Фрыдрых Энгельс, які грунтоўна вывучаў гісторыю Рэчы Паспалітай.
У канцы XVIII стагоддзя грэка-католікамі былі тры чвэрткі ўсіх жыхароў Беларусі. Уніяты добра ведалі, што яны не палякі і не расійцы. Таму, як мы пазней убачым, так ненавідзелі унію маскоўскія цары ды іх верныя прыслужнікі ў рызах. Царскі сатрап М. Мураўёў, які атрымае пасля распраў з паўстанцамі Каліноўскага мянушку «вешальнік», цалкам слушна казаў, што уніяты замінаюць «пашыраць рускі дух на беларускіх землях».