Пасля ўзяцця Полацка князь Канстанцін Лукомскі павёў частку нашага войска на Туроўлю. Маскавіты палічылі, што на іх ідзе ўся варожая сіла, і разбегліся, пакінуўшы ваяводаў на вырак лёсу. Праз колькі дзён князь з радасці загадаў страляць з усіх гарматаў і фартэца згарэла, аб чым М. Стрыйкоўскі напісаў: «Лёгка здабытае лёгка і загінула».
Пад Сокал кароль паслаў палякаў і немцаў. Гарматчыкі выпусцілі па драўляных вежавых умацаваннях тры распаленыя ядры, чаго хапіла, каб падпаліць сцяну. Напалоханы пажарам гарнізон кінуўся бегчы ва ўсе замкавыя брамы. Шарамецьеў з конніцай стаўся здабычаю палякаў. Людзям ваяводы Шэіна пашанцавала меней. Яны наскочылі на немцаў, а тыя ўчынілі разню, якая ўразіла нават жорсткія сэрцы тагачасных ваяроў. Немцы на плячах маскавітаў уварваліся ў замак. Разумеючы, што літасці не будзе, стральцы зачынілі браму і перабілі блізу пяцісот Батуравых ландскнехтаў, каб неўзабаве самім загінуць ад агню і жалеза. Найміт Веер, які бачыў на сваім вяку нямала еўрапейскіх бітваў сцвярджаў, што такога мноства наваленых трупаў нідзе раней не сустракаў. Яго апісанне немагчыма чытаць без жаху. Толькі адна дэталь: нямецкія маркітанткі даставалі з забітых чалавечы тлушч, які прыкладалі да ранаў.
Вестку пра страту Полацка і Сокала цар атрымаў у Пскове. Ён паспешліва ад’ехаў у глыб дзяржавы, а з дарогі паслаў у замак Суша грамату, дзе, адступаючы ад свайго звычаю, дазваляў гарнізону адысці, але папярэдне закапаць у зямлю абразы і сапсаваць гарматы ды порах. Выканаць волю цара яго людзі не захацелі або не паспелі. Мураваны замак з сямю вежамі здаўся, і шасці тысячам заваёўнікаў было дазволена ад’ехаць з маёмасцю ў Масковію. Полацкі ваявода Мікалай Дарагастайскі ўзяў у фартэцы 21 вялікую гармату, 136 гакаўніц, 123 даўгія рушніцы, 100 бочак пораху вагаю 2500 пудоў і тры тысячы жалезных ядраў.
Дзеля аматараў гістарычных даследаванняў паспрабую паведаміць больш дакладнае месцазнаходжанне бліжэйшых ад Полацка замкаў, ад якіх сёння не засталося ніякіх бачных слядоў. У гэтым мне дапаможа публікацыя Аляксея Сапунова ў зборніку «Полоцко-Витебская старина» за 1912 год.
На месцы Тураўлянскай фартэцы, паведамляе ён, цяпер урочышча Гарадзішча паблізу вёскі Туроўля. «Замак Красны, відаць, стаяў там, дзе цяпер пас. Гарадок, на захад ад пагоста Цётча, за 33 вярсты ад Полацка». Сцены Сітна падымаліся на высокім беразе аднайменнага возера, дзе сёння вёска з такой самаю назвай. Казьян быў там, дзе ў 1912 годзе ішоў кацярынінскі шлях з Полацка ў Гарадок, на месцы, вядомым тамтэйшым жыхарам як Гарадзішча — водбліз вёскі Красамай.
Замак Суша стаяў на выспе пасярод возера з такою ж назваю, за дзесяць вёрст ад сяла Бачэйкава, якое цяпер у Бешанковіцкім раёне. Пра Сокал А. Сапуноў піша наступнае: «Сёння тут ляжыць мыза Сакалішча, а недалёка і вёска таго ж наймення. Сяляне дагэтуль знаходзяць тут рэшткі зброі, косткі ды інш. Мясцовасць гэтая адметная яшчэ і тым, што якраз тут, у сутоках рэк Нішчы і Дрысы, на роўнай лугавіне, узвышаецца выцягнуты, даволі стромкі пагорак, парослы старымі бярэзінамі; на гэтым пагорку, званым «Гарадзец» або «Гарадок», у засені бярэзін быў спачатку пахаваны герой Айчыннай вайны 1812 года Я. П. Кульнеў, забіты вёрст за 5 ад гэтага месца, каля Сівошына перавоза».
Пра выгляд фартэцаў часоў Полацкай вайны мы можам меркаваць па малюнках сакратара каралеўскай кароннай канцылярыі Станіслава Пахалавіцкага. Яму ж належыць і план-малюнак Полацка часоў аблогі, на якім аўтар пакінуў такі надпіс: «Да часоў узяцця горада маскавітамі ён па колькасці і дабрабыту сваіх жыхароў пераўзыходзіў самую Вільню».
Пасля вайны Полацк і ваколіцы так абязлюдзелі, што на адбудову гарадскіх умацаванняў бралі сялянаў з-пад Магілёва.
Жудасную карціну спусташэння ствараюць дакументы зробленай у 1580 годзе каралеўскай рэвізіі горада і вызваленай часткі Полацкага ваяводства.
«В том селе замковом на Вличох, — пісалі рэвізоры, браслаўскі стараста Фёдар Скумін і князь Юры Друцкі-Сакалінскі, — было людей отчычов чоловеков сорок… Повинность тых людей быша: ку двору владычнему уроком на год по шесть недель служат; дани меду пуд один, солоду шестнадцать четьверток, овса дванадцать четьверток, сена чотыры возы, хмелю пуд один… к тому по реце Ушачы и по реце Сосне на владыку бобры гонять. Там же, на Вличох, чоловек один с пашни своее всякого збожа четьвертый сноп даеть. А по взятию непрыятеля господарьского Московского Полоцка тое село спустошало, ни одного чоловека нет, все в пусте».
«В пусте», гэта значыць зусім без жыхароў стаялі таксама полацкія вёскі Крынкі, Дзяготкі на Каменцы, Вяркуды, Усвіца, Завечалле, Варонічы, Вусце, Мосар, Сосна, Мошнікі, Забаровічы, Нешчарда, Міхалаўшчына, Захарнічы, Якунцы, Чарніцы, Шашо, Груздзівічы, Бортнікі, Домнікі, Тросніца, Яўкавічы, Глыбокае, Копцева… Згодна з тагачаснымі сведчаннямі, усё Прыдзвінне на пяцьдзесят вёрст вакол Полацка ператварылася ў лясную пустэльню.