Ужо праз год пасля смерці Рым прызнаў айца Ясафата блажэнным (на ўрачыстасцях з гэтай нагоды ў Полацку гучалі прамовы па-беларуску, лацінску і польску), а ў 1867-м папа ПійIX абвясціў яго святым. Пасля Другой сусветнай вайны мошчы полацкага пакутніка перавезлі з Вены, дзе яны тады захоўваліся, у Рым і ў 1963 годзе пахавалі ў галоўным храме католікаў свету — саборы святога Пятра ў алтары Васіля Вялікага.
Кроў арцыбіскупа і яго забойцаў нагадала вернікам, што яны зайшлі занадта далёка. Змаганне праваслаўных з уніятамі ў Прыдзвінні хоць і працягвалася, але ўжо ніколі не было такім жорсткім.
Вялікі князь Уладзіслаў IV загадваў праваслаўнаму архіепіскапу Сільвестру Косаву, каб у Полацк не прыязджаў і набажэнства там не служыў. Архіепіскап, карыстаючыся тым, што жыве ў талерантнай краіне, насуперак манархавай волі прыязджаў і служыў. У адказ полацкі, кіеўскі і галіцкі уніяцкі арцыбіскуп Антоні Сялява падаваў каралю скаргу, а полацкі ваявода выдаваў загад, «каб уніяты схізмацкай праваслаўнай царквы не наведвалі, а па нядзелях і святочных днях бывалі б у Сафійскай, пры базылянскім кляштары».
Асуджанаму на смерць злачынцу, які дакляраваў прыняць з усёй сям’ёй унію, гарадскія суддзі пакінулі жыццё. Мешчанін, што згадаў імя Кунцэвіча без нададзенай яму папам годнасці, мусіў пасядзець у астрозе, а палачаніна Івана Хадыку за пераход з уніяцтва ў праваслаўе мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі ў 1682 годзе аддаў анафеме і пазбавіў апекі свецкіх і духоўных законаў. Праваслаўнае жыхарства таксама скардзілася вялікаму князю, ад якога прыходзіў мітрапаліту наказ «не чыніць цяжкага прыгнёту да спакусы ўсяго хрысціянскага свету». Для той эпохі ўсё адбывалася досыць цывілізавана, прынамсі, без нялюдскіх катаванняў і спаленняў, як у Масковіі, дзе выкаранялі «раскольнікаў».
У полацкай магістрацкай кнізе за 1646 год захавалася яшчэ адно цікавае сведчанне рэлігійнае барацьбы — скарга лянтвойта Есмана на кушняра Фёдара Алексяевіча, які сцвярджаў, што Унія — спараджэнне д’ябла. Лянтвойт быў на гасціне ў бурмістра пана Крыштофа Старымовіча. Позняй парою ў той самы дом заявіўся, відаць, пад добраю чаркаю, згаданы кушнер і, як паведамляе скарга, «наступал на веру светлую униатскую, мовечы и повтараючы не раз, не десять, же то есть дьябельская и шатанская вера униатская и не от Бога, але от дьябла тая вера вышла шалберская».
Тым часам застоліца працягвалася. Лянтвойт, «видечи оного кушнера легкомысльность, почал того кушнера навпоминати, абы он, рачей не блюзнечы веру святую, скромнее седел». Не стрываўшы далейшага п’янага блюзнерства, ён падняўся ад стала, «а пан бурмистр Старымович, яко господарь, его милости пана лянтвойта не пущал. А в том он Федор, кушнер, прыпадшы до его милости пана лянтвойта, шкленицою в палец руки правое его милости кроваве обронил и зранил».
Напэўна, і пазней знаходзіліся такія, як кушнер Фёдар, але праваслаўе няўхільна здавала пазіцыі. Яго духавенства ў большасці сваёй вылучалася кансерватызмам і неадукаванасцю. Яно амаль не ведала лацінскай і грэцкай моваў, было адарванае ад навуковых ды культурных дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі. Перакладчык Евангелля Васіль Цяпінскі пісаў, што праваслаўныя папы часта не атрымлівалі ніякай адукацыі і нават не разумелі славянскае мовы, на якой маліліся. Разам з тым яны варожа ставіліся да мовы народа: не дапускалі яе ў храм, не дазвалялі друкаваць на ёй кнігі. Праваслаўная царква не дала ў XVII стагоддзі прыкладаў заступніцтва за нацыянальныя правы, а часам наогул падтрымлівала захопнікаў. Таму палачане, як і жыхары іншых гарадоў нашае зямлі, пакідалі змаганне за праваслаўе (асабліва пасля жудаснай вайны з Масковіяй у 1654-1667 гадах) і мірна рабіліся грэка-католікамі.
Адметна, што супроць Уніі выступалі пераважна гараджане, а не вяскоўцы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што хрысціянізацыя сельскага жыхарства па-ранейшаму заставалася досыць павярхоўнай. Яе паглыбленне адбудзецца ў 2-й палове XVII-XVIII стагоддзі, што супадзе з пашырэннем і перамогаю грэка-каталіцкай царквы.
Уніяты Рэчы Паспалітай мелі Полацка-Віцебскае арцыбіскупства і дзевяць біскупстваў. Полацкая грэка-каталіцкая дыяцэзія (акруга) саступала толькі кіеўскай і была на Літве-Беларусі найбуйнейшай. Яе межы абдымалі Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы. У 1664 годзе ў ёй налічвалася болей за тысячу цэркваў. Полацкія грэка-каталіцкія ўладыкі афіцыйна называліся арцыбіскупамі полацкімі, біскупамі віцебскімі, мсціслаўскімі, аршанскімі, магілёўскімі. 3 полацкіх арцыбіскупаў звычайна выбіралі мітрапалітаў. Горад з яго кафедральным Сафійскім саборам, дзе захоўваліся мошчы Ясафата Кунцэвіча, зрабіўся сталіцаю грэка-католікаў і Меккаю ўсіх уніяцкіх паломнікаў.