План перабудовы Полацка быў зацверджаны ў 1778 годзе. Згодна з ім выраслі будынкі магістрата і ўправы, рэзідэнцыя губернатара (сёння гэта адпаведна дамы № 4, 6 і 8 на праспекце Карла Маркса), дамы віцэ-губернатара, каменданта і будынак пошты (завулак Замкавы, 2 і 4; вуліца Еўфрасінні Полацкай, 3). Іх аўтар — губернскі архітэктар I. Зігфрыдэн.
Скажам колькі словаў пра дарогі, пракладзеныя пры Кацярыне II праз Полацкую губерню.
На загад генерал-губернатара Захара Чарнышова каморнікі неадкладна размецілі накірунак і шырыню новых шляхоў і праз кожную вярсту (700 сажняў або 1,5 км) паставілі паласатыя верставыя слупы. Сем вёрст складалі мілю, якую пазначалі мураванаю цаглянаю пірамідай на паўтара сажня вышынёю. На новых дарогах выраслі паштовыя станцыі, праз рэкі ды балоты пралеглі масты і грэблі. Шляхі ў два рады абсадзілі бярэзінамі, што пазней утварылі цудоўныя прысады, падобныя да жывога зялёнага калідора. Усцяж, асабліва на раздарожжах і скрыжаваннях, мясцовыя жыхары набудавалі прыгожа крытых гонтай і ўвянчаных каванымі крыжамі драўляных і мураваных каплічак з выявамі Хрыста і Багародзіцы.
За будаўнідтва дарог (патрэбных найперш дзеля хуткага руху войскаў, каб больш надзейна трымаць захопленыя землі пад сваёй уладай) генерал-маёр Кахоўскі ў 1774 годзе атрымаў званне генерал-паручніка, і гэта была заслужаная ўзнагарода. Нямала пракладзеных тады гасцінцаў захавалася, і людзі дагэтуль завуць іх кацярынінскімі.
На дарогах новыя гаспадары наладзілі сваю паштовую службу. 3 усіх, хто ехаў праз Полацкае намесніцтва, на станцыях бралі па 12 капеек за дзесяць вёрст на каня; той, хто патрабаваў ад васемнаццаці да трыццаці коней, плаціў удвая болей. Паштальёны ў прыдзвінскім краі выглядалі імпазантна: каптан з чырвонага сукна з зялёнымі закаўрашамі, зялёны картуз, на грудзях — мядзяны дзяржаўны герб, цераз правае плячо — таксама мядзяны паштовы ражок на чорна-жоўтым гарусным шнуры. На ўтрыманне пошты ў беларускіх губернях з кожнае душы збіралі па 12 капеек, а з яўрэяў — па 24.
Колькасць паштовых коней знаходзілася ў непасрэднай залежнасці ад рангу падарожніка. Капітаны ездзілі двойкай, палкоўнікі — чацверыком, генералы — шасцерыком.
На самым пачатку XIX стагоддзя па кацярынінскіх шляхах праз Прыдзвінне праехаў расійскі акадэмік В. Севяргін, аўтар выдадзеныху 1803-м «Записок путешествия по западным провинциям Российского государства». Заезджы вучоны пакінуў найпадрабязнейшае апісанне прыродных багаццяў Полаччыны, сярод якіх былі адзначаныя «крамяні шэрыя і бурыя, агат стракаты і буры, ружовы кварц, граніт, яшма кававага і іншых колераў, серпенцінавы камень… гаршковая, трубкавая і цагляная гліна, гліністыя вохры, вапнавы камень, белы алябастр…» У езуіцкім фальварку «Спас», які займаў тады тэрыторыю Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, акадэмік агледзеў мінеральную крыніцу, адкуль бегла каламутная вада з «серкава-пячонкавым пахам». Пасля адстойвання яна рабілася «светлай, смачнай і здаровай». Педантычна было занатаванае і ўсё пабачанае на полацкіх гародах: бульба, капуста, буракі, гарох, боб, морква, агуркі, рэдзька, мак, часнок, цыбуля, хрэн, пятрушка, сельдэрэй, пастарнак. Калі гэты пералік параўнаць з сённяшнім, не будзе хапаць хіба толькі памідораў.
Іншы расійскі падарожнік А. Башняк, батанік і па сумяшчальніцтве царскі шпіён, прыстаўлены да Пушкіна, у сваіх апублікаваных у 1820-я гады «Дневных записках путешествия в разные области Западной и Полуденной России» сярод іншага падае полацкі рэцэпт нарыхтоўкі агуркоў, які можа прыдацца і сённяшнім гаспадыням: «Агуркі на зіму соляць добрым спосабам — кладуць іх у бочкі радамі, перасцілаюць дубовым і вішнёвым лісцем, дамешваюць кропу, у меру перасыпаюць соллю і, не заліваючы нічым, апускаюць на вяроўках у калодзежы або ставы. Прыгатаваныя такім чынам агуркі не толькі вельмі доўга захоўваюцца, але і набываюць дужа прыемны смак».
Новая ўлада адчыніла ў 1789 годзе ў Полацку народнае вучылішча з чатырма класамі. У кожным праводзіліся заняткі па расійскай мове, арыфметыцы, катэхізісе і «свяшчэннай гісторыі». Вучні трэцяга і чацвёртага класаў праходзілі таксама фізіку, механіку, геаметрыю, прыродазнаўства, расійскую гісторыю і геаграфію. У першы навучальны год установу ўшанаваў візітам «его превосходительство генерал-аншеф двора ея императорского величества действительный камергер, сенатор и разных орденов кавалер» беларускі генерал-губернатар Пётр Пасек. На гістарычную падзею настаўнік Сакольскі адгукнуўся одай: