Увечары пачаўся маскарад, што доўжыўся да трэцяй гадзіны ціхай і цёплай ночы. Рынак, вуліцы, храмы — увесь горад гарэў агнямі. Перад касцёлам святога Стэфана ўздымаліся чатыры залітыя залатым святлом драўляныя піраміды, роўныя вышынёю самому храму. На адной пераліваўся рознымі колерамі лацінскі надпіс: «Слаўная перамогамі і яшчэ больш славутая дабрачынствам», на другой — «Страх ворагаў, апірышча сяброў, любоў падданых». Пятая расквечаная ліхтарамі піраміда была пад царыцынымі вокнамі. 3 верхняга яруса вежаў езуіцкага сабора плыла музыка. Базыляне ў аздабленні сваіх будынкаў нічым не саступалі суседзям. Яўрэйскі кагал наладзіў ілюмінацыю проста на Дзвіне.
Другі полацкі дзень, асабліва візіт да езуітаў, пакінуў у душы ў царыцы найлепшыя ўражанні. «Я была у них нынче утром, — пісала яна, — слушала «Тебе Бога хвалим» и посетила их дома. Там полное веселие. Вчера, въезжая сюда, я была поражена великолепием их представительности. Все остальные католические ордена — свиньи в сравнении с ними. Одно только, что эти люди не пляшут. К нам они пожаловали изо всех стран. Ей-ей покладные люди! У них здесь прекраснеишая церковь. Мне они наговорили всяческих сладостей, на всяких языках, кроме только тех, впрочем, которые я разумею. Ах, что за плутовские физиономии есть между ними!» I яшчэ: «С тех пор, как я здесь, постоянный куртаг. Здесь большое стечение мужчин и женщин высшего полета, приехавших из Польши… Везде ленты голубые, да красные, и духовные лица всякого покроя. Вчера я смотрела город и посетила коллегию иезуитов. Последние — народ очень веселый».
3 падзеяў трэцяга дня адзначым абед на сто персон («при питии за высочайшее здравие производилась пушечная стрельба») і баль у палацы, дзе танцавала паўтысячы гасцей. Царыцу чакалі ў той дзень у кафедральным Сафійскім саборы, але да уніятаў яна не завітала — нібыта з тае прычыны, што праваслаўныя знарок зацягнулі службу ў Богаяўленскай царкве, дзе малілася Кацярына. Полацк зноў зіхацеў агнямі. На пірамідзе перад вокнамі палаца цяпер быў партрэт яе вялікасці, абкружаны гербамі галоўных гарадоў імперыі.
Праводзілі Кацярыну гэтаксама пышна, як і віталі: пад званы, страляніну і крыкі «ўра!». За пяць вёрст ад горада, на віцебскім тракце, імператрыцу сустракаў арцыбіскуп Ясон Юнаша-Смагаржэўскі. Там, у Струні, месцілася летняя рэзідэнцыя полацкіх уніяцкіх уладыкаў. Смагаржэўскі пабудаваў у ёй царкву з дзвюма падобнымі да мінарэтаў вежамі пры браме і дванаццаццю круглымі келлямі-капліцамі, зробленымі ў зубчастай каменнай агароджы. Арцыбіскупаў дом стаяў у садзе, паміж домам і царквою серабрылася сажалка з дагледжанымі берагамі. Сёння аб тым маляўнічым кутку забылі ўжо і струнеўскія старажылы. Апошняя знойдзеная мною згадка пра яго датуецца 1925 годам.
Кацярынін візіт у Полацк засведчыў што, царскі двор пакрысе набывае хоць вонкавую цывілізаванасць. Прынамсі, тым разам нікому з палачанаў не сцялі галавы, нікога не зарэзалі на малітве ў храме. Дзякуй і за гэта.
У Полацку для імператрыцы сабралі звесткі пра горад і губерню. Калі ім верыць, суды і прысутныя месцы «отправляли дела с успехом», у губерні не было ніводнага небяспечнага злачынца-калодніка, а недаборы па падатках складалі ўсяго дваццаць рублёў. Кацярына даведалася, што напярэдадні далучэння да імперыі Полацк, ведама ж, «имел одно токмо именование города, и кроме евреев, мелкий торг производящих, в нем не было почти других мещан». Пад мудрым кіраўніцтвам новай улады горад, зразумела, надзіва хутка багацее і дасягае таго, што палачане адпраўляюць за год збожжа, пянькі, лёну і паташу на 25 тысяч рублёў, а па ўсёй губерні гэтая лічба складае 300 тысяч. Зноў жа, дзякуючы Расіі, «умножилось изобилие и дешевизна в съестных припасах».
Жыта тым часам прадавалася па кошце ад 1 руб. 60 кап. да рубля за чвэрць (210 л), авёс — ад 1 руб. 20 коп. да 80 кап. Пуд сена каштаваў меней за дзесяць капеек, фунт мяса — найбольш дзве капейкі. У сумеры тагачасных расійскіх цэнаў гэта напраўду даволі танна, ва ўсякім разе, значна танней, чым у глыбіні імперыі.
Губерня мела шэсць розных вучэльняў з трыма сотнямі шляхецкіх дзяцей і 130 мяшчанскімі. «Дороги и почты в надлежащей исправности находятся, — дакладвалі царыцы. — В Полоцке и Витебске построены особливо каменные магазейны для хлеба. Нищие в богодельнях призрены, больницы же заводятся». Ідылію, праўда, трохі парушалі скаргі месцічаў на адсутнасць медных грошай і залатых ды срэбных манет на размен асігнацый.
Імператрыца прыкінула свае магчымасці, дастала гаманец і адлічыла 500 рублёў на Богаяўленскі праваслаўны манастыр, па 100 — на гарадскія школы, па 50 — на дваццаць чатыры губернскія багадзельні і 320 рублёў — на жабракоў. Не ўсё ж аддаваць фаварытам!