Імперыя набыла тры мільёны новых падданых. Каб ні ў кога не засталося сумневу ў намерах Кацярыны II, ва ўсіх храмах на далучаных землях чыталі маніфест: «С особливым соболезнованием ее императорское величество всегда взирало на те притеснения, которым земля и грады, к Российской империи прилеглые, некогда сущим ее достоянием бывшие и единоплеменниками ее населенные, созданные и православною христианскою верою просвещенные и по сие время оную исповедующие, подвержены были… И потому имеет все и каждый, начиная от знатнейшего дворянства, чиновников и до последнего, кому надлежит, учинить в течение одного месяца торжественную присягу в верности. Если же кто из дворянства и из другого сословия, владеющии недвижимым имением, небрежа о собственном своем благополучии, не захочет присягать, тому дозволяется на продажу недвижимого своего имения и добровольный выезд вне границ 3-месячный срок, по прошествии которого все остающееся имение его секвестровано и в казну взято быть имеет. Духовенство высшее и нижнее долженствует подать собою, яко пастыри душевные, первый во учинении присяги пример и в повседневном Господу Богу публичном принесении теплых молитв о здравии ее императорского величества всемилостивейшей государыни и дражайшего ее сына и наследника цесаревича великого князя Павла Петровича и всего высочайшего императорского дому по тем формам, которые им для сего употребления дадут».
Каб «узаконіць» падзел, па волі імператрыцы ў Горадні склікалі сойм, які ўвайшоў у гісторыю пад назваю «нямога». Пратэстуючы, дэпутаты тры дні маўчалі. Царыцыных назіральнікаў цяжка было збіць з панталыку: хтосьці з іх задаволена абвясціў што маўчанне — знак згоды.
Продкі не збіраліся пратэставаць адно маўчаннем.
Увесну 1794 года Літва-Беларусь і Польшча выбухнулі паўстаннем, правадыром якога стаў беларус з паходжання Тадэвуш Касцюшка. На літоўскіх-беларускіх землях інсургентамі кіраваў трыццацітрохгадовы палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён быў гарачы прыхільнік ідэяў Французскай рэвалюцыі, хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялянаў вершаваныя пракламацыі. Паўстанцы спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:
Паўстанцы ўзялі Браслаў. Недалёка адтуль ваяваў атрад Міхала Клеафаса Агінскага, які напісаў не толькі славуты паланез, але і «Марш паўстанцаў 1794 года». 3 занятай інсургентамі Вільні іх 3-тысячная калона набліжалася да Паставаў. У шэрагах змагароў ваяваў ужо немалады пасол сойму і патрыёт Вялікага Княства Тадэвуш Корсак, малой радзімаю якога была полацкая вёска Заскаркі. На пачатку паўстання ён з’явіўся ў Вільні на чале некалькіх дзесяткаў узброеных уласных і навакольных сялянаў. У жніўні 1794-га Корсак атрымае ад Касцюшкі званне генерал-маёра, а ў лістападзе загіне падчас абароны Пражскага прадмесця Варшавы і разам з Якубам Ясінскім знойдзе вечны зямны прыстанак пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».
Паўстанне не мела шанцаў на перамогу. Касцюшка баяўся абаперціся на просты народ. Яго палохала рэвалюцыйная праграма Якуба Ясінскага і намер таго аднавіць дзяржаўную самастойнасць Вялікага Княства. Адначасова царызм вёў хітрую прапаганду сярод беларускіх сялянаў, абяцаючы ім забраную ў «паноў-бунтаўшчыкоў» зямлю.
Жалезнай хваткаю душыла паўстанне рэгулярная, загартаваная ў захопніцкіх паходах армія. На чале яе стаяў Аляксандр Сувораў. На працягу ўсёй сваёй кар’еры ён аддана служыў жандарскай палітыцы царызму і, дарэчы, не ўдзельнічаў ні ў адной абарончай вайне. Для Расіі ён сапраўды выдатны палкаводзец, для Беларусі — найперш карнік, камандзір захопнікаў. За здзейсненыя яго салдатамі ў 1794 годзе крывавыя подзвігі імператрыца падаравала Сувораву Кобрынскую воласць і іншыя беларускія землі з 13 279 душамі прыгонных сялянаў-мужчын. Значыцца, агулам генерал-фельдмаршал атрымаў у падарунак болей за 25 тысяч беларусаў.
Пазбаўленыя нацыянальнае годнасці нашчадкі паўстанцаў будуць зусім спакойна ўспрымаць тое, што імем Суворава названыя ў Беларусі 60 вуліц у гарадах і мястэчках. Гэта пры тым, што вуліцы імя Касцюшкі ў нас можна пералічыць на пальцах адной рукі. А ёсць жа яшчэ сувораўская вучэльня, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава.