Інзе было не пазайздросціць. Падзеі апошняга часу проста выматалі яе. Добра яшчэ, высветлілася, што Хрушчанка памёр сваёй смерцю – ад ішэмічнай хваробы сэрца (больш дакладна – адрыванне тромба), а не ад алергіі. Бо ў Інгі прычын для трывогі было больш, чым у каго. У самой алергія. Ды яшчэ ад нервовага напружання ў яе з’явіліся праблемы са здароўем. Увесь апошні час яна адчувала неверагодную фізічную ўтому. Галава балела. Шчытавідка павялічылася. Але ўсё гэта можна было лічыць драбязой у параўнанні з тым, што душа была не на месцы. З таго вечара, калі яна вярнулася дамоў пасля трагічнага фуршэту і застала мужа з Лагуном, першая думка, якая перабіла ўсё, нават смерць Хрушчанкі, была: ужо ці яшчэ не? Расказаў Лагун ці не паспеў? Толькі вялікім намаганнем волі яна прымусіла сябе супакоіцца. Але больш гэтая думка ніколі і нідзе не пакідала яе.
Самае непрыемнае, што пасля таго Лагун зачасціў хадзіць да іх. Не было вечара, каб ён не прысутнічаў. Інга ездзіла на працу, сама не ведаючы, навошта, абы не быць дома. А дома адбывалася адно і тое – кожны вечар муж з Лагуном разам праводзяць час, гуляюць, размаўляюць. Лагун робіцца тут сваім чалавекам. Спачатку Інгу непакоіла гэта, потым пачало раздражняць і, нарэшце, палохаць. Было ў гэтым сяброўстве мужа з Лагуном нешта не тое, і ўвогуле ў іхнім трохкутніку было нешта ненатуральнае, падазронае і, галоўнае, пагрозлівае, быццам яе сілай адрывалі, аддзялялі ад мужа – з разлікам, каб яе лінія жыцця пайшла асобна, а мужа з Лагуном асобна.
Яна старалася трымацца натуральна, рабіла выгляд, што нічога не адбываецца, а сама ўвесь час ліхаманкава думала, што рабіць? Што рабіць, калі муж даведаецца? А гэта рана ці позна абавязкова здарыцца. І яна рыхтавала сябе да абароны, каб быць гатовай, калі ўсё выплыве, адбівацца, як дзікая кошка, зубамі і кіпцюрамі.
Як яна цяпер раскайвалася! Як жа ясна ёй было, што дарэмна яна з Лагуном звязалася. Па дабрыні, ад шкадавання. Ад глупства. Вялікая памылка! І ўжо зусім балюча думаць, што яе ахвяра ў прынцыпе была непатрэбнай. Хрушчанка ўсё адно памёр, а не стала яго – знікла праблема са сцэнарыем, адпала патрэба кагосьці на штосьці ўгаворваць.
Цяпер дзе б яна ні была па-за домам: у краме, на працы ў кінастудыі, проста на прагулцы – калі не бачыла мужа з Лагуном, яна мучыла сябе здагадкамі. Што там адбываецца? Што яны робяць? Пра што гавораць? Ёй хацелася кінуць усё і мчацца дамоў.
А то ёй пачынала здавацца, што хітры муж даўно выпытаў усё ў наіўнага хлопчыка, і цяпер думае, як ёй, ці ім абаім, жонцы з палюбоўнікам, адпомсціць, – таму і марудзіць, вычэквае зручны момант, а сам рыхтуе выкананне кашмарнага плана, кшталту пасадзіць абаіх у бочку і кінуць у бяздонне вод.
Даходзіла да таго, што Інга нават дзяжурныя сцэнарыі чытала з практычнай цікавасцю, вывуджваючы сцэны, у якіх мужы каралі няверных жонак; з непрыемным здзіўленнем яна адкрыла для сябе, што гэтай тэме прысвечаны цэлыя тэлешоў (раней не любіла тэлевізію), а ў інтэрнэце яе пачалі цікавіць выпадкі самых хітрых, незвычайных, загадкавых забойстваў. Яна зрабілася вельмі асцярожнай у гэтым плане. Перад тым, як легчы спаць, абмацвала падлогу каля ложка, ці не разбіўся там градуснік і не разлілася ртуць. Перастала карыстацца ліфтам. Старалася як найрадзей пераходзіць вуліцу. Калі гартала кнігу або рукапіс сцэнарыя, не слініла, як раней, па-дзіцячы пальцы, баючыся, што старонкі могуць быць змазаны атрутай. Вялікую асцярожнасць праяўляла ў ванне, памятаючы, што па статыстыцы тут здараецца больш няшчасных выпадкаў, чым ў ДТЗ. Не адказвала на званкі і ўвогуле адключала тэлефон нават у лёгкі дожджык, не кажучы пра навальніцу. І быў самы ліпкі, самы брыдкі страх – гэта калі сядала ў машыну за руль і трэба было павярнуць ключ запальвання; калі яна рабіла гэта, дык заплюшчвала вочы.
Яна вярталася дамоў і бачыла адну і тую ж карціну. Муж з Лагуном у доме, на тэрасе, у садзе прагульваюцца па дарожках, прычым абсалютна шчаслівы муж і пануры, рукі ў кішэнях джынсаў, Лагун. І бедная Інга кожны раз па выразах твараў, поглядах, па інтанацыі слоў намагалася зразумець: ужо ці яшчэ не? І з палёгкаю разумела, што пакуль не. Можна было перавесці дых.
Лагун маўчаў. Яна яшчэ больш супакойвалася і пачынала думаць, што калі ён не расказаў дасюль, дык, значыць, сапраўды ўмее трымаць язык за зубамі, гэта раз, а па-другое, відаць, маўчанне выгадна яму самому. Магчыма, ён баіцца мужа яшчэ больш, чым яна, і ў гэтым плане яны – саюзнікі. Больш за тое. Ёй пачынала здавацца, што нават калі ён раскажа, зусім не факт, што муж яму паверыць. У рэшце рэшт нават калі муж даведаецца – ну і што? Ну, здрадзіла, ну, падумаеш. Дваццаць першае стагоддзе.
Калі яна пераконвалася, што ніякі сюрпрыз пакуль яе не чакае, пачуццё ўдзячнасці да Лагуна ахоплівала яе. Яна нават шкадавала яго. Што ні кажы, а яна сама ва ўсім вінавата, яна ўцягнула яго ва ўсё гэта.
А потым была вячэра. Вясёлы муж, натапыраны Лагун і Інга, напятая як струна. Яна вачыма падбадзёрвала Лагуна: “Малайчына! Добра трымаешся. Так і трэба”.