Муж, увогуле вялікі аматар пагаварыць, не сунімаўся нават за сталом, прычым умеў развіць любую тэму, якую сам перад сабой і ставіў; нават на адно слова гатовы быў даць разгорнуты адказ.
– …Трэба заўважыць, – казаў ён, забыўшы кавалак катлеты на відэльцы, – што, разглядаючы наш час, ды і любы асобна ўзяты час, без папярэдняга, як нешта самастойнае і асаблівае, – тое самае, што разглядаць і вывучаць кончык пазногця безадносна ўсяго цела, уключаючы змесціва
– …Не памятаю, хто сказаў, што цяперашняя руская літаратура – гэта падвыпітая пажылая дама, якая па звычцы яшчэ какетнічае, але ў якой ужо ўсё ззаду, а наша беларуская – яшчэ школьніца, нават не старэйшых класаў, з шырока расплюшчанымі сінімі цікаўнымі вачамі, у якой усё наперадзе…
– …Тое, што адбываецца ў свеце, гэта не інтэрнэтызацыя, а даведзенае да найвышэйшай ступені абсурду пераможнае шэсце чалавечага Закона, інакш – юрыспрудэнцыі. Дзіўна ці, наадварот, заканамерна, што ў другім і трэцім тамах “Мёртвых душаў” паўставала менавіта тэма – юрыста як Вялікага Інквізітара. Пасля Дастаеўскі падхапіў яе і, канечне, сапсаваў…
– …Ні я, вядома, ды і ніхто іншы ніколі не зможа даказаць існаванне Бога. Затое я лёгка магу даказаць, па-першае, заганнасць тэорыі эвалюцыі – калі б існаваў натуральны адбор, чалавек не застаўся б голы, не выношваў бы так доўга плод і не мучыўся б у родах; па-другое, я магу даказаць безгрунтоўнасць атэізму. Шукаць Бога ў людскіх установах, гэтак званых храмах, тое самае, што спадзявацца на чалавечы юрыдычны суд. Таго не трэба шукаць, хто ў цябе за спіной, хто і так з табою. Бог, у маім разуменні ёсць уласна жыццё, гэта паветра, якім мы дыхаем. Мы не бачым, не шукаем яго і не думаем пра яго, таму што яно і так заўсёды з намі. Мы можам жыць толькі калі дыхаем; калі ж Бог нас пакідае, нібы перакрываецца кісларод, і мы проста гінем ад удушша.
Тое, што муж балбатун, Інга заўсёды ведала. Але лічыла, што, каб выгаварыцца, яму хапае яе. Праўда, яна не была ідэальнай слухачкай – магла ўстаць і выйсці пасярод размовы, гмыкала, перабівала на паўслове. Мо менавіта таму, натрапіўшы на Лагуна, ён адводзіў душу. Іншым разам Інга парадавалася б, што не ёй адной слухаць усё гэта. Цяпер жа яна адчувала ўкол рэўнасці. Ужо ёй хацелася да сябе ўвагі. Акрамя таго Інзе прыходзіла ў галаву (а ёй цяпер усё прыходзіла ў галаву), што яна мала ведае мужа. А што, калі паміж імі нешта большае за проста сяброўства? Мо ў гэтым і ёсць яго, мужава, помста? Такая па-езуіцку вытанчаная.
І хоць яна сама сябе пераконвала, што нічога такога асаблівага не адбываецца, усё нармальна, яна бачыла, разумела і адчувала, што ўсё зусім ненармальна. Муж і Лагун падабаюцца адзін аднаму. Лагун тут зусім па-тарцюфску асвойваецца. Прывыкае. Не трэба патураць іх сяброўству. Нельга Лагуна прывучаць. Нават калі ён нічога не раскажа, усё адно ад яго трэба пазбаўляцца, каб ён перастаў хадзіць.
Нарэшце яна знайшла момант, каб пагаварыць з ім сам-насам.
Начаваць яго катэгарычна не пакідалі. Гэта была ўмова Інгі. Таму яна за вячэрай знарок цягнула час, а потым, скарыстаўшыся тым, што позна, прапанавала яго падвезці. Яна спыніла машыну, крыху не даязджаючы да метро, у завулку-“апендыксе”. Было каля дзесяці вечара. Празрыстыя майскія прыцемкі, як туман, ужо ахуталі горад. Запаліліся ліхтары, і машыны ўключылі фары. Галіна каштана ў святле ліхтара была ўжо не толькі ў лісці, а і ў сваіх белых стаячых кветках. Інга сама здзівілася, як яна прапусціла – і калі паспелі вырасці?
Яна збольшага прадумала, як пачынаць і аб чым гаварыць, каб неасцярожным словам не напалохаць яго. Інтанацыя павінна быць мяккай, а змест такім, нібыта паміж імі адбылася самая звычайная будзённая падзея, не вартая нават згадкі.
– Ты ж разумееш, то была хвілінная слабасць. Я не зусім здаровая, пасля хваробы…
Ён зняў з пляча рэмень бяспекі і моўчкі, панура слухаў.
– Ты павінен ведаць. Гэтага ніколі больш не паўторыцца. – І адразу ж змякчыла. – Канечне, не ў тым сэнсе, як ты можаш падумаць! Не. Ты харошы. Але – муж! Сам бачыш. Такія дабракі, калі іх раззлаваць, вельмі небяспечныя. Ён нам абаім галовы знясе.
– І што рабіць?
– Перастаць хадзіць. Бо гэта не жартачкі.
– Што ж я зраблю? Калі ён сам прыязджае і цягне мяне за руку.
– Не слухай яго. Ты не дзіця.
Лагун нічога не адказаў.
– Ён да цябе прывыкае, прывязваецца. Гэтае сяброўства трэба спыняць. Дарэчы! А ты не дапускаеш, што ён ужо ўсё ведае? І знарок заманьвае цябе? Толькі чакае зручнага выпадку?
– Так і ёсць. Ён зваў мяне ў Піцунду.
Інга пачула спалох у яго голасе і ўзрадавалася гэтай сваёй хоць маленькай перамозе. Лагун міжволі сам падказаў ёй матыў і план: Піцунда, скала. Трэба толькі замацаваць яго страх.
– Вось бачыш, – усклікнула яна. – Ён калі не ведае, дык прынамсі здагадваецца. Так што не хадзі больш!