Валя пабрыла па прывычцы да сябе ў шпіталь, потым схамянулася, павярнула ў лес. Вяртацца ў шпіталь не хацелася, хацелася быць на адзіноце.
Крыўда паліла яе грудзі. Яна столькі чакала, калі ён прыдзе, i, вось на табе, дачакалася! Сустрэла! Ах, чаму ўсё ў жыцці нядобра так складваецца!
Яна апусцілася на траву, легла тварам да зямлі, падлажыўшы пад галаву далоні рук. Больш ён ужо не прыдзе! Васілёк, Васілёчак. I чакаць не трэба!
Ей хацелася плакаць.
3...
Чым бліжэй падыходзіла Шабуніха да роднага сяла, тым больш хвалявалася. Праўда, з боку гэтага амаль не было відаць, здавалася яна спакойнай i заклапочанай, як заўсёды. Толькі стала нейкая безуважлівая. Пытаецца аб чым-небудзь Волька — яе заўсёды цікавяць розныя рэчы, — a маці не чуе i не адказвае. Трэба паўтарыць некалькі разоў, пакуль яна, нарэшце, схамянецца, запытаецца няўцям: «А-а? што?»
— Ці хутка, мамка, нашае сяло? — пытаецца Волька. Яна за дарогу натамілася, падбіла ногі.
— Цяпер хутка, — адказвае Шабуніха, паглядаючы ўдалеч.
Цяпер хутка. Вось як выйдзем з лесу, адразу i будуць Паплавы. Людзі добрыя, што там?! Яна мімаволі паскарае крок. Волька, як бы зразумеўшы, што хутка канец шляху, моўчкі тупае поруч, не выпускаючы матчынай рукі. Андрэй не вытрымаў, выбег наперад. Яму хочацца першаму зірнуць на сяло.
Ён неўзабаве вяртаецца. Ідзе назад дзіўна павольна, з нейкім вінаватым выглядам. Потым кінуўся да маці, уткнуўся тварам у яе грудзі.
— Мама! — прамовіў спалохана.
Унутры ў яе раптам штосьці абарвалася. Яна адчула, што здарылася тое, чаго яна баялася. Але, пагладзіўшы рукой галоўку сына, прашаптала супакойліва:
— Нічога, нічога, сынчык.
Ногі раптам сталі непаслухмянымі. Вось апошні паварот. Яна ўбачыла наперадзе тое месца, дзе раней было сяло. Малюнак, што паўстаў перад вачыма — нечаканы, незнаемы, — вельмі ўразіў яе. Яна прывыкла ўсё жыццё, ад самага маленства, бачыць адсюль стрэхі хат, саламяныя, гонтавыя, бляшаныя, высокія i прысадзістыя, якія цягнуліся ў рад. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды доўгія будыніны калгасных абор i свірнаў, уздымалася некалькі вялізных стагодніх вязаў. У сярэдзіне сяла яна бачыла заўсёды сваю крытую бляхаю хату. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока.
Цяпер перад ёй было пуста i дзіка. Віднелася толькi некалькі хлявоў ды вязы на ўзгорку, але i яны былі голыя, пакалечаныя, з кароткімі, нібы абсечанымі, каструбаватымі галінамі. Ад гэтых вязаў усё навокал здавалася яшчэ больш дзікім. Гледзячы на ix, хацелася крычаць.
Шабуніха не спынілася, не закрычала. Усё так жа, ведучы Вольку i несучы дзіця, яна ішла па дарозе да хаты, хоць хаты не было. Ішла, быццам не верыла ў тое, што бачыла сваімі вачыма. Як жа яна магла спыніцца, калі ўсе гэтыя дні столькі думала пра сваё селішча, так ірвалася да яго? Як яна магла не ісці туды, калі звыкла за жыццё лічыць, што тут цэнтр свету? Ёй здавалася, што ўсе шляхі, вялікія i маленькія, бягуць сюды. Ды i куды яна магла вярнуцца?.. Яна, неяк цьмяна адчуваючы ўсё, што з ёй дзеялася, ішла па знаёмай дарозе, чамусьці спяшалася, нібы баялася не ўправіцца ў час, i ўсё аднастайна, крыху напалохана, шаптала:
— Нічога, нічога, сынчык...
Узышла на тое месца, дзе была вуліца, павярнула амаль подбегам да сваёй сядзібы. Тут упершыню Аўдоцця разгубілася. Дзе ж гэта яно, яе даўняе селішча? Дзе хата, высокая, абвітая з вуліцы хмелем, з цынкавым дахам? Дзе яна хоць стаяла, дзе след ад яе, ад хаты?! Божа мой, няможна пазнаць! Няможна пазнаць селішча, на якім пражыла век, дзе кожны кавалачак зямлі тысячы разоў таптала. Папялішчы ўсе падобны адно на адно...
Аўдоцця не знайшла ад першага разу сваёй сядзібы, абышла, прамінула. Калі стаялі ў рад хаты, вуліца здавалася вельмі доўгаю, а цяпер нязвычна, дзіўна скарацілася. Аўдоцця прайшла крыху лішняга, вярнулася назад. Дзе ж яе хата?.. Можа, гэта яна забыла сваё сяло, ходзячы па лясных сцежках з партызанамі? Можа, гора i ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў яе памяць, замутнілі розум?
— Тут, мама, тут, — падказаў Андрэй. — Вунь стаяць нашы дзічкі. Толькі яны абгарэлі...
Так, гэта яе селішча... Увайшла ў двор, скінула клунак, што намуляў плечы. Малы Валодзька, адчуўшы пад сабой зямлю, пабег, хутка перабіраючы пухлымі ножкамі. Яго зацікавіў вялікі чорны, задымлены ліст бляхі, што ляжаў сярод двара. Валодзька пацягнуў за край бляхі. Чорны ліст загрымеў: бу-бу-бу. Гэта спадабалася хлопчыку, i ён шчасліва, заплюшчыўшы вочы ад задавальнення, засмяяўся. Праз хвіліну ён зноў пацягнуў ліст, i ліст зноў загрымеў: бу-бу-бу-бу.
— Андлей, глядзі!
Андрэй стаяў пануры i з засмучэннем паглядаў на маці, якая, падкурчыўшы пад сябе ногі, стомлена сядзела на зямлі. Аўдоцця ўлавіла гэты позірк i схамянулася: нельга так сядзець, трэба нешта рабіць. Толькі што рабіць?
Неспадзявана яе агарнула дзіўнае пачуццё. «Не, гэта не Паплавы, — падумала яна, — не Паплавы!..»
Гэта нешта чужое, незнаёмае!..
Яна азірнулася вакол. Усё здавалася чужым. Чужое, чужое! З грудзей яе на міг спаў неадступны, даўкі цяжар, стала лягчэй i вальней.