— Я хачу сказаць, — пачала яна, паварочваючыся то да прэзідыума, то да ўсіх прысутных, — хачу сказаць,—яшчэ раз паўтарыла Валя,— што цалкам і поўнасцю далучаюся да Валодзевай думкі. Сёння мы даведаліся, што Зою Булат хацелі ўладзіць на новую работу. Лабаранткай на завод медпрэпаратаў. А яна адмовілася. Захацела вярнуцца да нас. Хіба гэта нічога не азначае? А ён кажа, што трэба адсяваць, — паказала яна пальцам на хлопца.— Можа цябе адсяваць трэба, бо ты толькі што на наш завод прыйшоў, а ўжо камандуеш. Мы яшчэ цябе не ведаем, які ты і ці вельмі ты для камунізма ўжо гатовы. А Валодзя правільна сказаў. Мы павінны памагчы Зоі. Вось вазьміце Горбач. Здаецца, чалавек зусім не падаваў надзеі. Звальняць з работы хацелі. А сёння мы яе ў камсамол прынялі. Нават Ігар Барысавіч цяпер на яе благога слова не скажа. Я прашу… Уся наша брыгада просіць падтрымаць Булат… Мы за яе адказваць будзем, усёй брыгадаю,— скончыла Валя і ледзь не бягом кінулася назад у залу.
Па гоману, па шуму цяпер адчувалася, што сход на баку Зоі. Усім не спадабалася выступленне навічка, а Валодзю ведалі на заводзе даўно, яго паважалі. Спадабалася і гарачае Валіна выступленне. Калі пачалі лічыць галасы, убачылі, што пераважная большасць была за тое, каб вярнуць Зою ў цэх.
— Вось бачыш, я ж казала, што ўсё будзе добра, — гаварыла Зоі Рэня.
А Зоя сядзела з чырвонымі плямамі на шчоках ад нядаўна перажытага хвалявання. Ёй радасна было, што сход так нечакана выступіў у яе абарону. Адразу знікла пачуццё самоты, якое яшчэ нядаўна гняло яе. I ўпершыню за ўвесь апошні час Зоя ўздыхнула свабодна.
25
Зоя вярнулася ў цэх з адчуваннем, з якім выходзяць пасля доўгай хваробы на вуліцу людзі. Усё здаецца тады незвычайна свежым, харошым, радасным.
Калі яна зноў падышла да свайго месца, то спачатку сумелася. Насупраць Рэні сядзела ўжо другая вучаніца, з маленькім, як гузічак, носам. Зоя вырашыла, што Рэня больш не будзе яе вучыць, што яе пасадзяць да каго-небудзь другога. Але Рэня папрасіла Ігара Барысавіча, каб ён дазволіў ёй вучыць і Зою.
— 3 Зояй мне цяпер будзе мала работы,— прасіла Рэня.
Ігар Барысавіч згадзіўся. I калі Зоя зноў села на сваё месца насупраць Рэні, ёй здалося, што ніколі і не пакідала яна завода.
Ніхто не ўпікаў Зою, ніхто не кідаў насмешлівых позіркаў, і яна была вельмі ўдзячна ўсім дзяўчатам. Ёй хацелася зрабіць для іх нешта добрае, паказаць, што не такая ўжо яна і благая, што не дарэмна яны заступіліся за яе і што не прыйдзецца ім пасля шкадаваць. Але Зоя не ведала, як выказаць гэтыя свае пачуцці, і толькі пільней прыглядалася да баланса, каб нарэшце добра зрабіць яго.
— На рэмантуар, — чуе яна, як перадае па канвееры Люба, і гэтыя словы, такія звычайныя, якія так часта чула Зоя і раней, здаюцца ёй цяпер вельмі харошымі.
— Ну, як ідуць справы? — пытаецца ў яе Валя.
— Нішто, — адказвае Зоя і яшчэ ніжэй нахіляецца да работы.
— У тваёй лупе край адбіўся, яна, мусіць, табе муляе, — кажа Люба. — Трэба папрасіць, каб далі цэлую. У час абеду папросім у Вольгі Мікалаеўны.
— Не, нічога, — кажа Зоя, хоць сама цяпер заўважае, што лупа сапраўды даволі балюча ўядаецца ў пераноссе.
Зоя прыстаўляе і прыстаўляе лінейку да баланса. Нарэшце здаецца, што ўсё зроблена як трэба.
— На, паглядзі, — падае яна работу Рэні.
Рэня закрыла пластмасавым каўпачком падстаўку з камплектам, узяла ў Зоі з рук ляўцыркуль, нахілілася да яго і пачала правяраць баланс.
— Добра. Правільна. Не б’е, — гаворыць яна і кладзе папраўлены Зояй баланс пад пластмасавы каўпачок, да тых, якія сама паправіла.
Толькі цяпер успомніла Зоя, што на гэты баланс яна патраціла не так і многа часу.
«Дурніца, — думае яна пра сябе. — Каб не пайшла тады з завода, ужо на канвееры самастойна працавала б»…
У час абеду да іх брыгады падышоў Валодзя. У руках у яго лісток паперы і аўтаручка.
— Дзяўчаткі, хто прыме ўдзел у паходзе на лыжах?
— Пішы мяне,— адразу просіць Валя.
— Які паход, куды? — пытаецца разважлівая Люба.
— У наш падшэфны калгас. Павязём ім бібліятэчку ў падарунак. Выедзем у суботу пасля работы, там пераначуем і ў нядзелю вечарам вернемся.
— Пішы, пішы мяне,— насядае на яго Валя.
Валодзя паклаў лісток на край канвеера, пачаў запісваць.
— I мяне запішы,— вырашыла тым часам Люба.
— I мяне,— налягае на Любіны плечы Каця.
— А можна, Валодзя,— спыталася Рэня, і твар яе злёгку паружавеў,— можна каб з намі пайшоў адзін чалавек… Ён не з нашага завода. Ён сюды, у Мінск, у госці прыехаў.
— Юра? — радасна глянула на Рэню Зоя.
— Але,— кіўнула яна.
— А што там за чалавек такі? — падняў Валодзя ад лістка хітраватыя вочы. — Ці дужы ён?.. Паможа нам бібліятэчку несці?
— А як мы яе панясём? — спыталася Валя.
— Як панясём? Падумаеш! У рукзакі пакладзем кнігі і — парадак…
— Дык той чалавек, павінна я табе сказаць,— весела гаворыць Рэня,— поўны збор твораў Льва Талстога адзін у Маскву занясе!
Усе засмяяліся.
— Ну, калі так, бяром яго з сабою.
— Тады пішы… Пішы мяне, яго, Зою. Ты ж пойдзеш таксама, праўда?
— А далёка гэта?