— Разбудзіць Горбач, — перадала далей і Валя.
Але Іна, аказваецца, не спала. Яна пачула, што сказала Валя, і, не паварочваючы галавы, скасіла ў бок Валі светлыя, крыху на выкаце вочы.
— А мы думалі, што ты спіш, — засмяялася Валя.
— Гэта яна працуе так — як сонная муха,— не пакідаючы работы, нібы сама сабе, сказала Люба. — А пасля зноў гадзіннікі будуць вяртацца на дэкатаж.
Зоя раз-пораз пазірала на Іну. Тая перамяніла позу, але твар у яе быў, як і раней, сонны, абыякавы. Ён не ажывіўся нават тады, калі па радыё пачуўся спартыўны марш. Усе спынілі работу, пасталі каля сваіх канвеераў.
Зоі зрабілася весялей. Яна слухала каманду, якая перадавалася па радыё, і паглядала на Іну, якая стаяла перад ёю. Рэня і Валя таксама пазіралі на яе, моргалі адна адной і ўсміхаліся. Скамандуюць рукі ўгору — усе паднялі рукі, а Іна яшчэ стаіць, дакранаючыся кончыкамі пальцаў да наскоў чаравік. Даюць каманду — рукі апусціць, — а яна іх яшчэ толькі ўгору паднімае. А як пачалі бег на месцы, ніяк не магла патрапіць у нагу.
Некаторы час пасля зарадкі Зоя працуе весялей, а пасля пачынае пазіраць на гадзіннік — чакаючы абеду. Пасля абеду час пойдзе хутчэй, — думае яна. А там — знаёмы прыпынак аўтобуса са шчытом, на якім наклеены рэкламы кінафільмаў. Вечарам на гэтым прыпынку яе будзе чакаць Жэня. У яго ўжо ёсць білеты ў кіно.
Спачатку Зоі было нялоўка, што яна ходзіць на спатканні да хлопца, у якога ёсць жонка. А пасля неяк перастала пра гэта думаць. 3 кожным днём Жэня рабіўся ўсё больш блізкі. Ёй падабалася, калі ён гаварыў, што яна прыгожая, што яму вельмі патрэбна яе дружба. Пры гэтым Жэня ўздыхаў, і ёй здавалася, што ён нечага не дагаварвае.
I Зоя думала, што Жэнева жонка непрыгожая, злосная жанчына. Яна не любіць Жэню, не хоча да яго прыязджаць, не разумее, што яму сумна і цяжка тут аднаму.
Зоя ўяўляла, як будуць сядзець яны з Жэнем сёння ў кіно, як будзе трымаць ён яе руку ў сваёй, пасля праводзіць дахаты і гаварыць пяшчотныя словы.
У канцы рабочага дня засіпеў рэпрадуктар, рыхтуючыся пачаць перадачу.
— Няхай бы маю любімую пласцінку паставілі, — уздыхнула Валя.
Але па радыё пачулася не музыка. Сакратар камсамольскага бюро Сцяпан Шугалаў перадаваў аб’яву.
— Увага, увага, — чуўся Сцяпанаў голас, — сёння пасля работы аб’яўляецца суботнік па пасадцы дрэў на тэрыторыі завода. На суботнік выходзіць першы зборачны цэх. Збірацца ля першага корпуса.
Сцяпан прачытаў аб’яву другі раз, пасля зайграла музыка. Загарэлася лямпачка канвеера, і стужка паплыла, падносячы работніцам новыя камплекты. Яна плыла паволі, нібы пад музыку вальса, якая чулася цяпер. Пасля стужка спынілася, а Зоі здалося, што канвеер усё яшчэ рухаецца.
«Суботнік… А як жа кіно?.. У Жэні сёння выхадны, ён будзе чакаць мяне…»
— А ведаеш, Рэня, у двары гадзіннікавага завода нельга садзіць таполяў,— чуе Зоя Валін голас.
— Ведаю, — адказвае ёй Рэня. — Калі таполі пачынаюць цвісці, з іх такі пух ляціць. Дык каб ён не трапляў у цэхі завода, іх тут і не садзяць.
Зоя чуе галасы сябровак, але не разумее, аб чым яны гавораць.
«Што ж рабіць, можа не ісці на спатканне, ці на суботнік не пайсці?» — думае яна.
Зоя адчувае, што далоні ў яе зрабіліся вільготныя. Гэта ад хвалявання. А вільготнымі рукамі, яна ведае, нельга дакранацца да дэталей.
«Ат, мае ж дэталі ўсё роўна не ідуць у работу, — абыякава думае яна.— Дык якая розніца — вільготныя ці невільготныя рукі…»
8
— Слухай, Рэня, ці не пасадзіць мне тваю вучаніцу на іншую аперацыю? — спытаўся начальнік цэха Ігар Барысавіч. Ён стаяў у Зоі за спіною і цераз яе галаву гаварыў з Рэняю. Ён ужо даўно падышоў да іх канвеера, доўга стаяў ля Зоі, пазіраў, як яна працуе. Зоя хоць і не глядзела на Ігара Барысавіча, адчувала, што ён пазірае на яе рукі, бо яны зусім не слухаліся.
Яна чамусьці баялася начальніка цэха. Баялася позірку яго строгіх шэрых вачэй, яго нахмураных броваў. I варта было ёй убачыць, што начальнік цэха кіруецца да іх канвеера, як сэрца яе пачынала біцца мацней. А цяпер, пачуўшы, што сказаў Ігар Барысавіч, Зоя і зусім паклала ляўцыркуль.
— А чаму, Ігар Барысавіч? — апусціла руку з пінцэтам і Рэня.
— Ну, аперацыя гэта складаная, і, я бачу, не вельмі ў тваёй вучаніцы атрымліваецца. Можа, лепш яе на лягчэйшую пасадзіць.
— Ай, Ігар Барысавіч, — зноў узялася за работу Рэня, бо пайшоў канвеер.— Шкада кідаць, калі ўжо столькі зроблена. Ёй цяпер галоўнае — скорасць набраць. Ды вы ж самі казалі, што на праўку валаска і баланса нам патрэбны людзі… Нічога, навучыцца.
Ігар Барысавіч пастаяў, падумаў, увесь час ляпаючы па шырокай далоні ляўцыркулем, які заўсёды насіў з сабою ў кішэні халата.
— Ну, глядзі, — сказаў ён нарэшце Рэні. — На тваю адказнасць гэта паненка.
— Хі… паненка, — засмяялася Валя. — А яна ў нас і праўда трошкі паненка. Скажы, ты чаму ўчора на суботніку не была? — грозна спыталася Валя.