«Ну і што тут дрэннага, калі я згадзілася», — лежачы ў ложку, спрачаецца з некім Зоя. Хіба і сапраўды нельга сябраваць з хлопцам толькі таму, што ён жанаты? Бедны Жэня»,— уздыхнула яна, успомніўшы, які сумны твар быў у яго, калі ён гаварыў пра жонку.
Цікава, а што б сказалі ўсе тыя, хто быў сёння на вечары, каб даведаліся, што яны з Жэнем дамовіліся сустрэцца? Перад Зояй усплыў твар Валодзі — чырвоны, разгарачаны. «Які ён сур’ёзны,— з павагаю падумала Зоя.— I які разумны».
А Рэня… Што б сказала Рэня? Гэта ж падумаць, яна, аказваецца, ў дзіцячым доме жыла… А я і не ведала»..
— Мама,— ціха паклікала Зоя Антаніну Іванаўну, глянуўшы на дзверы спальні.— А гэтая Рэня, ведаеш, у дзіцячым доме гадавалася… У яе няма ні бацькі, ні маці.
Але Антаніна Іванаўна нічога не адказала. Відаць, яна ўжо спала. Ды і Зоі раптам вельмі захацелася спаць. Яна паднялася на ложку — у доўгай белай, з тонкімі карункамі каля шыі, начной кашулі, пацягнулася да выключальніка, націснула на невялічкую чорную кнопку. Адразу зніклі і зубчаты цень на сцяне ад люстры, і сама люстра, і сцены. Усё паглынула чарната. Зоя апусціла галаву на падушку і, як толькі дакранулася да яе, нібы зноў падхапіў, закруціў яе танец, адрываючы ад зямлі. Яшчэ раз глянулі на яе Жэневы вочы, і пасля ўсё — і музыка, і танец, і дзяўчаты, і Жэня — усё змяшалася разам і знікла.
Зоя моцна заснула.
7
— Паглядзі, Рэня, ці добра я зрабіла,— падала Зоя пінцэтам баланс з валаском.
Рэня скончыла правіць свой баланс, дастала яго з ляўцыркуля, паклала пад празрысты пластмасавы каўпачок, узяла Зоін. Яна штурхнула пальцам баланс, уважліва праз лупу прыглядаючыся, як ён круціцца.
— Яшчэ крышку б’е,— сказала Рэня. Яна прывычным рухам узяла пінцэт, паправіла ў адным месцы, у другім, вызваліла баланс з ляўцыркуля, перадала пінцэтам Зоі.— Вось так будзе добра. Ты не спяшайся, рабі памалу,— параіла яна Зоі.
Зоі было і прыкра, і крыху сорамна. Сорамна, што Рэня папраўляла работу, на якую яна патраціла пятнаццаць мінут. Добра гаварыць Рэні — не спяшайся. Калі яна не будзе спяшацца, то ёй паўгадзіны прыйдзецца сядзець над кожным балансам. А стужка ж канвеера рухаецца цераз кожныя дзве мінуты. Калі ж яна сядзе працаваць самастойна? Яе нават за канвеер для вучняў, які рухаецца цераз кожныя пяць мінут, невядома калі пасадзяць. Не, нічога, мусіць, з яе не выйдзе.
Зоя штурхае і штурхае баланс, папраўлены Рэняю, і не хочацца ёй вымаць яго і ўстаўляць новы. Як гэта, аказваецца, марудна і нудна ўсё. Каб можна было скоранька навучыцца ды сесці працаваць самой — зусім бы іншае было. А так — не, у яе няма ніякага цярпення. Век не навучыцца яна так спрытна ўсё рабіць, як Рэня. Але некалі ж і ёй здавалася, што век не навучыцца яна ўстаўляць баланс у ляўцыркуль, што век не паправіць яна ніводнага валаска. Ды вось жа навучылася. I як нечакана… Яшчэ за дзень да гэтага не магла зладзіць з балансам. То ён вывальваўся з ляўцыркуля, то так заціскаўся, што і пакруціць было немагчыма, то ламаліся цапфы. А назаўтра раніцаю яна ўзяла пінцэт у рукі, падхапіла баланс, і ён нібы сам ўскочыў у ляўцыркуль. Той дзень так лёгка было працаваць. I час хутчэй пайшоў, і спіна не балела. Аднак скора аказалася, што гэта была толькі адна перамога, і Зоя зноў засумавала. А цяпер — ні канца не відаць, ні краю.
Нядаўна яна спяшалася папраўляць баланс, каб патраціць на яго праўку як мага менш часу, а цяпер сядзіць і толькі штурхае і штурхае жоўтае колца, заціснутае ў ляўцыркулі, і не шкада ёй мінут, што праходзяць дарэмна.
Сэрца пачынае працінаць сум, а за сумам прыходзіць стомленасць, хоць рабочы дзень яшчэ толькі пачаўся. Калі сумна рабілася сядзець на ўроку, можна было пашаптацца з сяброўкаю, перакінуць якую запіску альбо проста ўзяць цікавую кніжку і пачытаць. А тут жа ні з кім не пашэпчашся. Усе заняты, усе працуюць.
3 нейкаю абыякавасцю дастала яна свой баланс з ляўцыркуля, умацавала другі, няпраўлены. Падставіла лінеечку, узяла пінцэт. Доўга круціла, прымервала, правіла пінцэтам, зноў круціла. Зноў брала пінцэт, зноў правіла. Раптам здалося, што яна сама цяпер усё сапсавала. Сама скрывіла дэталь. А стужка канвеера ідзе, ідзе. Ужо некалькі разоў загараўся чырвоны агеньчык. Ужо некалькі балансаў паправіла Рэня, і яны паплылі, паехалі па стужцы канвеера. А ў Зоі зусім апусціліся рукі. 3 сумам пазірае яна на вялікі электрычны гадзіннік, што вісіць у цэху. «Хоць бы гімнастыка хутчэй, ці што», — думае яна. Але да гімнастыкі яшчэ больш чым паўгадзіны.
— Глядзіце, ды яна, здаецца, спіць, — пачула Зоя прыглушаны шэпт Любы. Зоя схамянулася. Ёй здалося, што гэта пра яе сказалі. Яна глянула на Любу, але тая пазірала не на яе, а некуды ў канец канвеера, за Рэню. I Рэня, і Зоя паглядзелі туды і зразумелі, пра каго гаворыць Люба. Іна Горбач сядзела, нізка схіліўшыся над канвеерам у нейкай нязручнай позе. Рот у яе быў крыху адкрыты, твар нібы не жывы, як у чалавека, які спіць.
— Разбудзіць Горбач, — сказала Люба Рэні такім тонам, якім звычайна перадаюць па канвееры якую-небудзь просьбу або загад. Рэня перадала тое самае Валі.