А я ёсьць дух ад духа Бога; я чыню абсалютна й без пачцівасьці, таму й ня маю патрэбы ў нікім, хто праліваў бы сваю кроў за грахі, якія я ўчыніць ня дам сабе рады. А цяпер дай мне срэбранік, які ты мне вінен.
І тады спалохаўся Юда Іскарыёт і таропка даў мне срэбраны дынар, які я патрабаваў, і пабег. Але праз хвілю, калі ўжо пайшло на шостую гадзіну, ён вярнуўся й сказаў, што астатнія дваццаць дзевяць ён занёс у храм і кінуў сьвятарам; але тыя не захацелі іх браць, бо гэта былі грошы за кроў. Пасьля гэтага ён павярнуўся й пайшоў да дрэва, якое расьце там вышэй за маім домам, і ўзяў вяроўку, якою водзяць аслоў, і павесіўся.
А я ўбачыў, як пацямнела неба, і з гор пацягнула халодным ветрам. І прыбеглі людзі, яны крычалі, што вялікая заслона ў храме разадралася напалам, быццам расьсеклася вялікай рукою, і ўвесь горад у страху перад Божай карай.
А я ведаў, што рэбэ Ёшуа памёр, і я схіліў сваю галаву й плакаў па ім.
Разьдзел трынаццаты. У якім ставіцца богазьневажальнае пытаньне, ці сапраўды чалавек ёсьць богападобны, альбо ж Бог больш чалавекападобны, і вядзецца гаворка пра супярэчнасьці, якія пагражаюць парадку
Я ведаю, што ведаю.
Я пазнаю голас Бога. Ён у гуле вады, у бушаваньні полымя, у завываньні буры, і ён магутнейшы за гэта; але нават і ў шалясьценьні цярноўніку ён ёсьць, подых, ледзь улоўны. Ён можа гнаць вас да краю сусьвету, прычым на ўжо даўно патухлых зорках і на такіх, што толькі зараджаюцца, і ён можа быць у табе як чарвяк, што сьвідруе цябе, і як лёгкае брунжаньне ў вуху.
І ўзвысіўся голас Бога й сказаў: Я адвёў руку Сваю ад цябе, Агасфэр, і скінуў цябе з вышыняў у шосты дзень а трэцяй гадзіне, і гэта зарабіў Я, бо Мой парадак табе ня быў парадкам і Мой закон у тваіх вачах — зьдзек; дык вось, як што ты асуджаны блукаць па глыбінях, замест таго каб кволіцца й цешыцца на нябёсах і славіць Маю цудоўнасьць, ты ўсё яшчэ імкнешся перавярнуць верх пад спод, ніз паставіць угары, і сумняваешся ў маім тварэньні.
А я абяртаю аблічча сваё ўгору ў пазахмар'е, адкуль прыйшоў голас, і кажу: Я найперш сумняваюся ў чалавеку, пра якога сказана, што яго стварыў Ты паводле твайго вобразу, паводле вобразу Божага, і сумняваюся ў Сыне чалавечым, пра якога кажуць, што ён пасланы Табою за грахі іншых, і на чые грудзі я клаў сваю галаву падчас апошняй вячэры.
І зноў узвысіўся голас і сказаў: Сьвет поўніцца цудамі з раніцы да вечара. Адна адзіная малекула ўжо мае такую складаную канструкцыю і адначасова так геніяльна простая ў сваёй канцэпцыі, што яе мог толькі нехта прыдумаць, і менавіта Я. І ты ўсё яшчэ сумняваешся?
Тады схіліўся я перад Богам і сказаў: Далёкі я быў ад таго, каб сумнявацца ў Тваіх цудах, о Госпадзе, і ў Тваіх малекулах; я сумняваюся ў Тваёй справядлівасьці і ў богападабенстве чалавека, якога Ты стварыў.
І вось рассунуліся хмары над хмарамі і ў пазахмар'і, і прабіўся промень сьвятла, ён сьвяціўся як сьвятло тысячы сонцаў і ўсё ж не сьляпіў, і ў промні вачам адкрылася лесьвіца, яна стаяла сама, ніхто яе ня трымаў, і была такая высокая, што верхні канец яе зьнікаў у бясконцасьці вышыні; а па гэтай лесьвіцы падымаліся ўгору й апускаліся ўніз анёлы, добрыя анёлы, вядома, не такія, як Люцыпар альбо я, так што выглядала ўсё, быццам па той лесьвіцы ўгору-ўніз караскаліся процьмы мурашак з ружовымі галоўкамі й празрыстымі мігатлівымі крылцамі. І былі там яшчэ такія, якія несьлі вялікі трон па лесьвіцы ўніз і вельмі высільваліся, бо трон быў цяжкі і ўпрыгожаны рознымі каштоўнымі камянямі, якія пераліваліся ўсімі колерамі вясны, блакітныя й зялёныя й чырвоныя й залатыя, а парэнчы той лесьвіцы былі разьбёныя й на канцах сваіх мелі галовы двух хэрувімаў, а чатырма ножкамі былі ільвіныя лапы, а завяршэньне задняй парэнчы было ўтворана зь дзьвюх блішчастых зьмеяў, целы якіх былі скручаныя ў вузел, тым часам як галовы змагаліся адна з адной. А на троне ня было нікога, так што здавалася, быццам ўсё гэта давалася руплівым анёлам проста, так сабе нешта зь лёгкай мэблі.
І як што нарэшце той трон старабанілі ўніз, яны прынесьлі яго да мяне й паставілі перад мною, і ў дадатак услончык-падножжа, прымацаванае да трона залатымі загінамі-фальцамі, і пасьля гэтага яны адляцелі, лапочучы крылцамі й кашулькамі. Але голас Божы ўзвысіўся зноў і сказаў: Як што ты сумняваешся ў богападабенстве чалавека, дык я хачу паказаць табе Сябе.
І сьвятло нябеснае аблілося вакол трона, быццам вянком, і ў вянку сьвятла паказалася як бы паласа ранішняга туману. Але гэты туман увачавідкі ўшчыльніўся і ў ім распазнаваліся як бы цень і форма й істота й цялеснасьць, і сядзеў нехта на седзішчы трона, у белым убраньні, з бліскучымі вачыма й хвалістымі валасамі й кучаравай барадою, муж у найлепшым веку, і усё вакол яго было дасканалае й незвычайнай прыгажосьці.