Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Падымаецца гнеўнае вурчаньне, і Айцэн ведае, супроць каго яно, супроць жыдоў, ня супроць яго, вурчаньне мацнее, робіцца ўсё больш пагрозьлівым, і Айцэн чакае, што яму адкажа жыд, ці не зарве яму назусім, і разважае сабе, як даказаць красуні Гэлене, што яна павінна вышчаміцца з гэтага памоста й праціснуцца да яго, пад ягоную аслону, але не знаходзіць спосабу гэта зрабіць. І вось тут якраз каля яго азываецца ягоны сябар Лёйхтэнтрагер і так дзіўна глядзіць на яго і, скрывіўшы рот, сьмяецца й кажа:

— Ну ж, уцінай далей Паўль, брава, Бог табе сплаціць, калі яны кінуцца-рынуцца на жыда й разьдзяруць яго разам з прынцэсай Трапезундзкай.

Тым часам неба пацямнела, завалаклося чорнымі хмарамі, што насунуліся справа й зьлева, і толькі паласа сьвятла яшчэ заставалася пасярэдзіне, дзе якраз стаіць жыд, а за ім вялікі партрэт рыжага ўкрыжаванца, як ён там вісіць паміж шахраяў, а яшчэ далей ззаду высокая вежа кірхі з вострым дахам і залатым пеўнікам-флюгерам наверсе. Сяму-таму робіцца вусьцішна, і ён думае, што вось зараз настане божая кара таму, хто тут, над душою стоячы, гаварыў падлыжна, жыду зь ягонай прынцэсай ці маладому чалавеку ў магістарскай шапачцы зь першага раду.

Але жыд, як прарок, уздымае рукі. Апошні гул галасоў аціхае. Вочы ў жыда, як два каменьчыкі, бліскуча-шэрыя і цьвёрдыя, і ён кажа:

— І будзе калі-небудзь нехта ашуканы кімсьці, хто лепш абазнаны. А я кажу вам, сапраўды, я Вечны Жыд, завуся Агасфэрам, і пракляты нашым рабі, бо я прагнаў яго ад сваіх дзьвярэй, калі ён хацеў адпачыць у мяне ад цяжару крыжа, і калі гэта чыстая праўда, дык той залаты певень угары на вежы тры разы кукарэкне, перш чым усмаліць першая божая маланка.

Айцэн ведае, што цяпер яму трэба на поўнае горла зарагатаць, каб усе чулі й каб паламалася вядзьмарства; певень на шпіцы вежы мог паказваць надвор'е, але каб на кукарэкі ўспасобіцца, — яшчэ ў ніводнага пеўня-флюгера ня было такога горла й сапраўднай дзюбы. Ён азіраецца на свайго сябра Лёйхтэнтрагера й шукае ў ягоных вачах і на твары запэўненьня, вядома, певень ёсьць певень, а бляха ёсьць бляха; але той падымае руку да вуха й кажа:

— Слухай!

І тады, спачатку ціха й нясьмела, як з маладога пеўніка, які яшчэ ня верыць у самаго сябе й спрабуе галасок, а пасьля ўжо гучней і гучней і ўжо ўпэўнена, і трэйці раз залівіста й далёкачутна: пеўнеў крык, ён разганяе цені й сутнасьць цёмных шалаў.

Усё як скамянела. Толкі ўкрыжаваны, здаецца, як бы варушыцца, але гэта ад ветру й непагадзі, што налятае парывамі й шавеліць карціну, на якой ён намяляваны. Маланка, якая за гэтым перыць, яркая, шыпучая, разрывае здранцьвеньне; яна цаляе ў драўляныя рыштаваньні й падпальвае іх, полымя шугае ўгору й паліць іх разам з выявай укрыжаванага й дэманстрацыйнымі табліцамі й іншымі прычындаламі, а тым часам, з выцьцём і лямантам люд сьцебануў на ўсе бакі, толькі спадніцы й полы лапаталі.

Айцэн адчувае, як яго схапілі за локаць і пацягнулі прэч.

— Давай хутчэй адгэтуль, — чуе Лёйхтэнтрагераў голас, — бо людзям можа стрэліць у галаву забіць цябе.

<p>Разьдзел дванаццаты. У якім разьдзіраецца вялікая заслона ў храме, і Агасфэр тлумачыць Іскарыёту, як чалавек, хоць ягоны лёс і вызначаны наперад, тым ня меней сам ім распараджаецца</p>

Праўды ня ведае ніхто, апрача мяне самога й рабі, але ён мёртвы ўсе гэтыя доўгія гады, а мёртвыя маўчаць.

А дзень быў як ніколі прыгожы; зямля, яшчэ вільготная ад зімовага дажджу, пахла ўзаранай ральлёю, лілеі стаялі ва ўсёй сваёй раскошы, і неба яшчэ не паблякла ад летняй сьпёкі, а цёмным блакітам скляпенілася над горадам і храмам. Дзень для жыцьця, а не для сьмерці; але гэта быў дзень, пярэдадзень сабата, і што павінна было быць зроблена, павінна рабіцца сёньня, бо ў дзень сёмы Бог спачываў, і ні адна рука ў Ізраілі ў гэты дзень не павінна нават варухнуцца.

Перейти на страницу:

Похожие книги