Лёйхтэнтрагер, здаецца, усё яшчэ сядзіць на ўслончыку каля гасьцініцы, п'е сваё віно й не здагадваецца пра буру ў грудзях магістра Айцэна, якога так і падсьцёбвае ўскочыць на той памост і залезьці прынцэсе Гэлене пад камізэлю і ў шаравары, і не таму, што яму наўме нейкія там вашыя брыдоты, не, з чыстай цікаўнасьці й прагі пазнаньня; але й так куды б ён дайшоў, бо ж людзі навакол толькі хочуць ведаць, як там тое было з праклінаньнем Жыда, але, канечне, ня ён адзін хацеў бы пашураваць у гэтым вышытым капшучку, толькі ж ніхто гэтага ня робіць.
Прынцэса Гэлена тым часам павесіла на планку вялікую табліцу, на якой, табліцы, быў відзён рыжабароды Ісус, апрануты ў прыгожа афарбаваную пурпуру, зь зялёным цярновым вянком на галаве, перад ім воіны паказваюць яму язык і крывяць пачварныя твары і ўсяляк зьдзекуюцца й насьміхаюцца зь яго, а адзін нават б'е кіем па галаве.
І пры гэтым яна дэклямуе ўзьнёслым голасам і з правільным націскам:
Айцэн думае, што гэта зусім ня той задзірлівы тон, у якім Маргрыт цэлы час гаварыла зь ім, ня тая мова, якой яна карысталася; па ўсім адчуваецца, што тая, хто так свабодна, не заікаючыся, не запінаючыся, прамаўляе прыгожы вершык, паводле вымаўкі й складу, паводле таго, як спрытна хлешча языком, яна хутчэй за ўсё знатная дама, хай сабе прынцэса з Трапезунда, хай скуль бы там ні была. Тым больш гэта хвалюе яго, ён азіраецца, шукаючы свайго сябрука Лёйхтэнтрагера, бо той лепш за каго другога патрапіць сказаць яму, якія такія акалічнасьці павязваюць яго з усім гэтым; але таго зноў дух прастыў, а турчанка Гэлена тым часам выставіла новую табліцу, пасярэдзіне якой зноў-такі Гасподзь Ісус, гэтым разам у белай сарочцы, і сакавітыя пурпуровыя кроплі крыві адна за адной зьбягаюць па скажоным ад болю твары, між тым як ён, угнуўшыся пад цяжарам, нясе крыж пад мілаўбольнымі позіркамі заплаканых жанчын, якія заломваюць рукі каторыя перад грудзьмі, каторыя за галавой. Прынцэса Трапезундзкая, указваючы левай рукой на карціну, правую малітоўна ўзносячы ў неба, прасякаецца яшчэ больш палкай пабожнасьцю.
Калі толькі Айцэн нешта ведае зь Бібліі, дык менавіта гэтую гісторыю, якую сёньня ведаюць усе людзі; тым ня меней яны стаяць, як прыкаваныя, у клубах чаднага поту й цыбулі, яны амаль ня дыхаюць, у таго вунь старога сьліна цячэ па барадзе, а ён і не зважае, другі, забыўшыся, іста чухае задніцу; але прыгажуня Гэлена хуценька мяняе табліцу, новая побач з пакутнікам Ісусам паказвае чалавека ў залацістажоўтым шаломе з чырвонымі нашчочнікамі, які марна спрабуе падаць Ісусу руку. І тут жа яна гаворыць дрыготкім голасам: