Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

— Чым жа, зрэшты, заслужыліся мы ў жыдоў на жудасны гнеў і зайздрасьць і нянавісьць іхнюю? Мы ж не называем іх шлюхамі, як яны называюць дзеву Марыю, не называем дзяцьмі шлюхі, як яны называюць нашага Госпада Хрыста, мы ня крадзем і не пратыкаем шылам іхніх дзяцей, не атручваем ім ваду, ня прагнем іхняй крыві. Наадварот: мы робім дзеля іх толькі ўсяляк памыснае дабро; яны жывуць з намі ў дамах, пад нашай абаронай і аслонай, карыстаюцца нашымі дарогамі, нашым рынкам, нашымі вуліцамі; князі дазваляюць жыдам браць зь іхніх кашалькоў і скрынак, колькі тыя хочуць, дазваляюць сабе й сваім падданым праз жыдоў займацца ліхвярскім зьдзірствам і смактаць кроў.

З гэтым і падступаецца да таго, што, як ён ведае, ўзрушае ягоную парафію яшчэ больш, чым тое Пілатава ўмываньне рук і поцемкі жыдоўскага роду й нібыта божае выбраньніцтва габрэяў. І тут ужо ён абазнаны няма ладу як і выкладвае — і пра дом свой і пра словы цёткі-спадчынадаўцы ў Аўгсбургу. І ўскрыляе рукі ўгору й крычыць:

— Любасныя! Ці бачыў хто калі з вас, каб жыд працаваў, як працуеце вы ў гарач і ў холад, ад рана да позьняга? Не, гэта, як самі жыды кажуць: мы не працуем, у нас добрыя, леныя дні, праклятыя гоі хай працуюць на нас, а мы мецьмем іхнія грошы; зь імі мы паны, а яны нашыя слугі. Так яны кажуць і гэтым самым сьледуюць свайму закону, як пра тое сказана ў Другім Законе 23:20: «Іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю». Іх дыханьне сьмярдзіць язычніцкім золатам і срэбрам, бо няма такога другога народу пад сонцам, каб быў прагнейшы й сквапнейшы за іх. І вось я чую, як кажуць, што жыды давалі вялікія грошы князям і панству й тым яны нібыта карысныя. Так, а з чаго яны давалі? З добраў тых самых панстваў і іх падданых, з таго, што ўкрадзена й нарабавана ліхазьдзірствам.

Ён азіраецца вакол і бачыць вочы сваіх слухачоў і як яны прыляпіліся да ягоных вуснаў, і заўважае раптам, якая вялікая сіла зыходзіць ад яго, калі ён, вось ён, стаіць на высокай катэдры ўгары й разумее, што сапраўдны прапаведнік павінен казаць толькі слушныя словы, у патрэбны час, каб усе яны падняліся і рушылі й рабілі тое, да чаго ён іх заклікае. І з гэтымі ўзьнёслымі думкамі ў сэрцы ён падводзіць увесь sermon да добрага канца, рупліва падагульняючы, чым дыферэнцыруюцца пракляты жыд і пабожны хрысьціянін.

— Жыды ж, менавіта, — абвяшчае ён, — хочуць мець мэсію з краіны дурняў і гультаёў, каб насычаў іх сьмярдзючыя гізунталы, сьвецкага караля, каб перабіў нас, хрысьціян, падзяліў сьвет паміж імі й зрабіў іх валадарамі. Але мы, хрысьціяне, маем свайго мэсію, які робіць так, каб мы не баяліся сьмерці й ня дрыжалі перад абліччам гневу Гасподняга й каб маглі ўшчаміць хваста д'яблу. Нават калі ён і не дае нам золата, срэбра й іншага багацьця, дык і ад такога мэсіі ў нас сэрца гатовае выскачыць з грудзей ад радасьці, бо сьвет ператвараецца ў рай. І за гэта мы дзякуем Богу, айцу ўсякай мілаты й дабрамыснасьці. Аман.

Кажа й асьцярожна патыкаецца ўніз з катэдры, чапляючыся за каменныя поручы, бо якраз цяпер ён і адчувае слабасьць ва ўсім целе; так адважна й шчырадушна мала хто калі тут гаварыў у сваёй першай казані, падобна таму, як бы леў паказаў пазуры, толькі ў сьвятарскай хабіце, зразумела. Пасьля ён ідзе да аўтара й схіляе калена й прамаўляе малітву Богу Ўсемагутнаму, але безь сьвядомасьці й разуменьня, механічна, толькі словы ў патрэбнай пасьлядоўнасьці, бо толькі цяпер, калі ён усё завяршыў, у душы яго паўстае поўная яснасьць таго, што такое казань, як і вучыў вялікі доктар Лютэр: прапаведнік павінен быць і воінам і пастухом, а гэта найцяжэйшае мастацтва. Пасьля ён паварочваецца да парафіянаў і падымае рукі, урачыста скіроўваючы позірк угору да скляпеньня храма, і прамаўляе дабраславеньне, якое калісьці сказаў сьвятар Аарон: «Хай Гасподзь дабраславіць цябе й ахавае цябе; Госпадзе, яві свой твар над табою ў зьзяньні й будзь мілажальны з табою», і жахаецца пры думцы, што з гэтага моманту ў ягонай сіле павінна быць права й моц выслоўліваць Божае дабраславеньне й раздаваць яго, быць сапраўдным пасрэднікам паміж гэтымі тут і тым там угары, і ён кажа: аман, і чуе, як зазваніў звон на званіцы, магутна й чыста, вітаючы сьвежасьпечанага гера пастара.

А на вуліцы каля брамы, як што ўжо паклаў свой таляр у скарбонку, ён сустракае Лютэра, які, здаецца, чакаў яго на замкавым двары й хоча пагутарыць зь ім.

— Малады чалавек, — кажа Лютэр і выпрабавальна зьмервае яго адным здаровым вокам ці тое з сумнівам, ці тое з прызнаньнем, — вы проста прачыталі з маёй галавы мае думкі, што вы сёньня выклалі пра жыдоўскі народ. Але слухаючы вас, я быў падумаў сабе: такі, як ён, як усё адно адмыслова створаны, каб падупадаць сатанінскім змустам; паверце мне, я маю досьвед у гэтым. Таму я раю вам, заставайцеся пастаянна ў скрусе духу й сэрца вашага й час ад часу акідайцеся вокам цераз плячо, ці не стаіць ён ужо ў вас за плячыма. І прыміце гэта; гэта пісямко, якое я хачу даць вам у дарогу.

Перейти на страницу:

Похожие книги