У сувязі з гэтым варта адзначыць: перапіска З. Байфуса з Ё. Лёйхтэнтрагерам ужо даўно кантралявалася.
Прадпрынята ацэнка сітуацыі ў сувязі са знікненнем (уцёкі?) З. Байфуса; як толькі гэты аналіз паступіць, ён будзе прадстаўлены ў сакратарыят міністэрства.
Аднос. папярэджання З. Байфуса пра грамадзян Ізраіля Ё. Лёйхтэнтрагера і А. Агасфера і пра паступіўшае яму ўказанне з боку Мін. выш. і праф. школьн. адукацыі тав. д-р В. Якш правільна паінфармаваны. Гэта паследавала на падставе прадстаўлення ІІ В і ніжэйпадаванага паведамлення нашых арабскіх сяброў у Бейруце.
Сакрэтна
Аchab Ahasver located now at 47, Via Dolorosa, Jerusalem, also known as Johannes, Malchus, Cartaphilus, Giovanni Bottadio, Joerg von Meissen, Vassily Blazhenny, longtime Jewish agent. Sepecialty: Ideological penetration. On occasion, subject was observed in the company of one Jochanaan (Hans) Leuchtentrager, said to be a professor at Hebrew University, and may be assosiated with him in secret activities.
Яшчэ раніцай 1 студзеня былі прынятыя паведамленні ў сув. з уездам вышэйазначаных А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера ў сталіцу ГДР і іх прабывання ў апошняй. Было праверана таксама ў пунктах перасячэння граніцы, ці паследаваў выезд вышэйназваных, магч. ў суправаджэнні трэцяй асобы.
Вынікі праверак адмоўныя. Даклады прыкладваюцца.
На Ваш тэрміновы запыт аднос. уезду альбо выезду грамадзян дзяржавы Ізраіль А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера паведамляю, што
1. на імя памянёных асобаў візаў намі не выдавалася,
2. у пунктах перасячэння граніцы нашымі пастамі ні ўезд, ні выезд памянёных асобаў не зарэгістраваны, ні асобна ні ў суправаджэнні трэцяй асобы.
Расследаванне аднос. нелегальнага пераходу граніцы вышэйпамянёнымі працягваецца.
З сац. прывітаннем
Аднос. Вашага тэрміновага запыту магу Вас паінфармаваць, што памянёныя Вамі ізраільскія грамадзяне А. Агасфер і Ё. Лёйхтэнтрагер ні ў снежні 1980 г. ні ў першы тыдзень студзеня 1981 г. ні ў які гатэль альбо месца начлегу ў сталіцы ГДР не звярталіся і намі не рэгістраваліся.
Натуральна, памянёныя маглі забяспечыць сябе прыстанішчам у прыватным парадку.
Нашы расследаванні працягваюцца.
З сац. прывітаннем
Прыкладзеныя паведамленні стаяць у яўнай супярэчнасці з паказаннямі жонкі З. Байфуса Гудрун, а таксама тав. д-ра В. Якша і іншых гасцей, якія ўсе засведчылі прабыванне А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера ў кватэры зніклага па вул. Ляйпцыгерштрасэ, 61 на вечары 31 снеж. 1980 г., прычым застаецца няясным, да поўначы ці пасля поўначы памянёныя былі імі бачаныя. Пададзеныя сведкамі апісанні асобаў супадаюць, асабліва ў частцы горба і кульгавасці нагі Ё. Лёйхтэнтрагера і ягоных картачных трукаў, а таксама тыпова яўрэйскага выгляду А. Агасфера, так што магчыма выкліканыя прыёмам алкаголю альбо іншых сродкаў галюцынацыі ў асобных прысутных здаюцца выключанымі, не кажучы пра рэальна існуючую адтуліну ў знешняй сцяне 8-га паверха ў доме па Ляйпцыгерштрасэ, 61 з моцна абпаленымі краямі.
Расследаванне Мін. унутраных спраў (пагранічная паліцыя) дало дадатковыя адпраўныя пункты. Яны паступілі з, на жаль, спазненнем. Даклад прыкладваецца.