Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Папярэдняя ацэнка ўстаноўленага стану фактаў, а таксама паказанняў відавочцаў і данясенні даюць наступную карціну здарыўшагася: Ізраільскія грамадзяне праф. (?) Ё. Лёйхтэнтрагер і А. Агасфер 31.ХІІ.1980 прыкладна ў 11–00 гадзін паяўляюцца ў Інстытуце навуковага атэізму, 108 Берлін, Бэрэнштрасэ 39а, дзе калектыў Інстытута ў гэты час урачыста адзначаў гадавую справаздачу аб праробленай працы і поспехі яго дзейнасці за шкляначкай віна. Кіраўнік інстытута праф. д-р Dr. h. c. Зігфрыд Вальтэр Байфус выпраўляецца з абодвума прыбыльцамі ў яго кабінет, дзе адбываецца гарачая дыскусія; прапанова дапусціць да ўдзелу ў гутарцы сведак была з боку З. Байфуса адхілена. Кантакт іншых супрацоўнікаў інстытута з абодвума ізраільскімі грамадзянамі адсутнічаў.

Каля 14–30 таго ж дня З. Байфус згодна паказанняў швейцара ў суправаджэнні двух іншаземцаў пакідае інстытут праз галоўны яго ўваход; каля 17–00 гадзін ён уваходзіць у сваю кватэру на 8 паверсе дома па Ляйпцыгерштрасэ 61, дзе коратка прадстаўляе жонцы і дзецям сваіх суправаджаючых як сваіх старых сяброў праф. Лёйхтэнтрагера і шматпадарожнага гера Агасфера і неўзабаве пасля гэтага пераходзіць з імі ў свой кабінет. Звестак пра тое, дзе ён і яго суправаджаючыя правялі дзве з палавінай гадзіны ў прамежку, не зафіксавана.

Прыкладна а 19–00 гадзіне З. Байфус і абодва замежныя госці пакідаюць кабінет. З гэтага моманту З. Байфус, Ё. Лёйхтэнтрагер і А. Агасфер знаходзяцца ў прысутнасці і зрокавым кантакце жонкі і дзяцей З. Байфуса, у тым ліку і гасцей сільвестраўскай вечарыны. Гэта мела месца да 0-00 гадзін, калі З. Байфус быў выяўлены як адсутны; ізраільскія грамадзяне Ё. Лёйхтэнтрагер і А. Агасфер у гэты час таксама ў наяўнасці не паяўляліся.

Больш за тое гэтыя двое разам з забраным імі З. Байфусам выбылі вонкі праз пралом на 8 паверсе дома па Ляйпцыгерштрасэ 61. Трэба ўзяць пад увагу, што не выключалася магчымасць пакідання кватэры рэгулярным шляхам, г. зн. праз дзверы кватэры, па лесвіцы, а пралом быў выкарыстаны толькі ў мэтах маскіроўкі. У кожным разе памянёныя асобы рухаюцца ад дома па Ляйпцыгерштрасэ 61 паветраным шляхам уздоўж Ляйпцыгерштрасэ ў заходнім кірунку да перасячэння Ляйпцыгерштрасэ і Фрыдрыхштрасэ, дзе яны павярнулі на апошнюю, пераляцелі памежныя ўмацаванні ў пункце пераходу граніцы і з заходнеберлінскага боку пункту пераходу з рэзкім наборам вышыні зніклі.

На ўсё гэта ўказвае і знойдзеная паліц. — обермстр. Гіршам на рабочым стале З. Байфуса запіска невядомага паходжання. Нашы расследаванні паказалі, што тэкст у запісцы фактычна паходзіць з Бібліі, г. зн. быў складзены да ўзвядзення памежнай сцяны.

Паколькі да сённяшняй даты З. Байфус нідзе не аб'явіўся і не знойдзена ніякага следу яго, яго знікненне з ГДР належыць разглядаць як неабвержна канчатковае. Ці можна тут гаварыць пра яго захоп альбо пра ўцёкі, канстатаваць канчаткова не ўяўляецца магчымым; супроць апошняга сведчыць той факт, што ніякіх дадзеных аб прысутнасці памянёных на тэрыторыі Федэратыўнай рэспублікі альбо іншых заходніх краін у наяўнасці няма.

З боку Галоўнага аддз. ІІ В (13) робіцца запыт на рашэнне Мін, на прадмет, ці належыць перад тварам міжнародных аспектаў здарэння падключаць да расследавання І А (27), магч. IV G (4).

З сац. прывітаннем

Подп.: Пахнікель, маёр

Гал. аддз. ІІ В (13)

<p>Разьдзел дваццаць восьмы. У якім вучоны супэрінтэндэнт фон Айцэн з дапамогай вучэньня пра прадвызначэньне спрабуе ўвінуцца ад д'ябла, але пры гэтым трапляе ў сетку сваіх жа слоў і сам у трох іпастасях вылятае праз камін</p>

У старасьці мы зьбіраем ураджай жыцьця, і калі яно было добрае й падабалася чалавеку, дык ён багаты й дабраславёны, і, слова Божае, як калісьці ў такога чалавека як Паўль фон Айцэн, якому слова сам Бог уклаў у вусны, пабожна сыходзіць зь іх. У яго ня толькі выходзіць у сьвет «Нямецкі зборнік казаняў» (Deutsche Postille), куды прадумана й старанна ён уключыў усе свае нядзельныя і сьвяточныя пропаведзі, каб ягоныя падначаленыя службовыя браты на будучае ведалі, што й як яны, зь лёгкімі, мясцова абумоўленымі ariatviones, павінны гаварыць сваім авечачкам; ён ня толькі субмітуе прыхільнай публіцы сваё «Хрысьціянскае настаўленьне, як, зыходзячы з двух пастулатаў хрысьціянскага вучэньня і веры, пра сьвятую эўхарыстыю нашага любаснага Госпада Ісуса Хрыста, з чыстай праўды Боскага слова, даказваючы шчырую ісьціну супроць усякага роду сэктаў і аблудаў, можна сьціпла й бяз прыкрай лаянкі весьці казань», і сьпешна прысьвячае яго пасьля заўчаснай сьмерці свайго літасьцівага князя і герцага наступніку Ёгану Адальфу; не, цэлы сьвет, асабліва пратэстанцкі, і на чале яго новы герцаг, згодныя, што без намогі й стараньня супэрінтэндэнта ў Шлезьвігу з герцагства ніколі ня сталася б царства божага, да якога, кажучы словамі прарока Ісаі, натоўп ля мора навяртаецца.

Перейти на страницу:

Похожие книги