Служба: А ён што, не мог пайсцi праз дзверы?
Гiрш: Я спытаўся i ў жонкi. А яна сказала, навошта ж тады пралом? Тады я паехаў на Ляйпцыгештрасэ з таварышам Рудэльманам.
Служба: I?..
Гiрш: Стаяў натоўп каля дома. I сапраўды там быў вялiкi пралом, чорная дзiрка там, наверсе, добра вiдаць. Але ўнiзе не было нiчога, нiякага трупа, нi крывi на бруку, нiчога.
Служба: А ў кватэры?
Гiрш: Пралом быў цёмны па краях, як бы апалены, быццам сцяну прашыла ракета, з адпаведнай тэмпературай. Але госцi кажуць, што нiчога не чулi, нi стрэлу, нi выбуху. Яно канечне, вонкi ж быў феерверк, грукату хапала.
Служба: Што яшчэ вартага ўпамiнання?
Гiрш: На стале ляжала запiска, шрыфт нейкi вельмi ж дапатопны, цяжка прачытаць.
Служба: Яна ў вас? Паспрабуйце прачытаць.
Гiрш: З Богам - маiм - узыходжу - на - мур. I пад гэтым напiсана: Псальма 17, двухкроп'е, 30.
Служба: Значыца, усё-такi ўцёкi. Адкуль вы тэлефануеце?
Гiрш: З кватэры на Ляйпцыгерштрасэ.
Служба: Госцi яшчэ на месцы? Вазьмiце ў iх прозвiшчы i адрасы i скажыце людзям, каб нiчога нiдзе не гаварылi пра здарэнне. I вы i таварыш - як вас? -Рудэльман? - каб i вы не распускалi язык. Служба сама паклапоцiцца пра далейшае. Канец.
Ранiцай 1 студзеня 1981 г. мне была пададзена сраваздача пра здарэнне, i я прыняў меры. Улiчваючы магчымыя ўскладненнi, я асабiста правёў некаторыя допыты.
Гутарка з грамадзянкай Г.Байфус у iх кватэры, як i грунтоўны агляд яе (фотаздымкi кабiнета З.Байфуса i пашкоджанай знешняй сцяны прыкладзены) далi не большы вынiк, чым паведамленне обермайстра палiцыi Гiрша. У пакоi не выяўлена нiякiх прыкметаў барацьбы. На маё пытанне ў сувязi з гэтым фраў Г.Байфус паказала, што пакой не прыбiраўся i ў iм не рабiлася нiякiх перастановак, толькi дзiрка ў сцяне была занавешана кiлiмам, каб занадта не задзiмала халодным ветрам. Шукаючы мужа, яна першая зайшла пасля поўначы ў пакой, убачыла дзiрку i ўстанавiла выразна непрыемны пах, прыкладна як бы серны, але менш рэзкi. У той час, як яна ведала, усе госцi яшчэ былi ў поўнай колькасцi, 18 запрошаных, у большасцi мужавыя калегi па працы з жонкамi цi сяброўкамi, i iншыя, дакладную колькасць якiх яна не магла ўспомнiць дакладна, прыведзеных, як гэта водзiцца на Сiльвестар гасцямi з сабою; сам муж прывалок з сабою нейкiх двух замежнiкаў, яшчэ паполуднi i замест таго, каб ёй i дачцэ Урзуле дапамагчы ў прыгатаваннях да вечарыны, выправiўся з iмi ў кабiнет, замкнуўся i доўгi час бурна i гучна там дэбатавалi; пазней, праўда, адзiн з iх, такi невысокi кульгавы гарбун, выказаў вялiкую гатоўнасць дапамагчы ў гарнiраваннi блюдаў i ўладкаваннi буфета, раптам даў 6 пляшак вiна, вiно аказалася для прысутных дам надзвычай узбуджальным, сама ж яна з таго, на жаль, нiчога не спажыла; апрача таго гер захапляў незвычайнымi картачнымi трукамi i па тых жа картах многiм з гасцей вычытаў iх мiнулае i будучае.
З паказанняў прысутных на вечарыне гасцей толькi адзiн таварыш Якш даў звесткi, якiя маглi б пралiць дадатковае святло на знiкненне З.Байфуса. Пратакол прыкладваецца.
Маё iмя Якш, Вiльгельм, д-р фiл., нар. 3 верасня 1944 у Пазэвальку, праж. 117 Берлiн, Шнэевiтхенштр. 23. Я навуков. супрацоўнiк Iнст. навуков. атэiзму i яго прэс-рэферэнт, член партыi.
Ужо на пачатку 1980 г. я заўважыў пэўныя анамалii ў паводзiнах кiраўнiка iнстытута праф. д-ра Dr. h. c. З.Байфуса, неспакой i няўпэўненасць, якiя паяўлялiся ў сувязi з пэўнымi навуковымi пытаннямi, i паступова набывалi ўсё большы аб'ём. Увосенi 1979 г. З.Байфус апублiкаваў кнiгу "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", якая, як i большасць яго публiкацый, складалася з часткова пераробленых дакладаў членаў яго калектыву; толькi раздзел "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" належыць ягонаму пяру i грунтуецца на пошуках i даследаваннях. На прадмет гэтага Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, якi меў iмя Агасфер, пачаў iзраiльскi грамадзянiн праф. Ёханаан Лёйхтэнтрагер працяглую перапiску з З.Байфусам, у ходзе якое апошнi высноўваў усё новыя i новыя тэорыi пра рэальны змест Агасфер-вобраза, тым часам як праф. Лёйхтэнтрагер сцвярджаў, што ў свой час пракляты Iсусам яўрэй сапраўды жыве больш як 1900 гадоў i сёння ўпраўляе абутковай лаўкай у Ерусалiме. Пры нагодзе службовых гутарак з З.Байфусам, якiя, праўда былi ўсё радзейшыя, я выклаў свой пункт погляду, паводле якога iзраiльскi прафесар альбо звар'яцеў, альбо збiраўся прафанiраваць нас i наш iнстытут; пазней ў мяне з'явiлася падазрэнне, што тут можа заходзiцца пра план тайных службаў i праз наш iнстытут яны хочуць пранiкнуць у рады навукоўцаў ГДР i разлажыць iх, i я своечасова паiнфармаваў адпаведныя органы. Мне вядома, што З.Байфус у сваёй якасцi кiраўнiка iнс. нав. атэiзму папярэджваўся з боку Мiн. выш. i прафесiйнай школьнай адукацыi пра дзейнасць Ё.Лёйхтэнтрагера i А.Агасфера i яму было прадпiсана паведамiць апошнiм, што вiзiт з iхняга боку ў сталiцу Рэспублiкi непажаданы.