Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Тым часам (было так) пачынаюць ўжо патроху зьбiрацца гер-геры з Гаторпскага двара й гер-геры з сэната, i ўсе яны вытанчана ўбраныя i iхнiя брычкi багата ўпрыгожаныя гербамi й абiўкаю, i ўсё гэта тлумiцца, цiсьнецца ў вузкiх брудных вулiчках, так што можна падумаць, быццам тут нешта большае, чым князеў дзень, калi герцагi й курфюрсты зьбiраюцца параiцца наконт розных боскiх спраў, чым проста дыспут зь цьвердалобымi жыдамi, i ягоныя гамбургскiя confratres, пастары зь Вестфалii Фрызiус i Бёткер, якiя падпiсалi цудоўны лiст на Вiтэнбэргскi факультэт, таксама ўжо прыбылi й горача чакаюць дзейства; гэта ня iхняя рыба тое, што тут смажыцца, i ня iхняя слава, якая пастаўлена на карту, а рэпутацыя iх новага калегi гера superintendent, на чыiм троне кожны зь iх трохi ўжо бачыў сябе, пакуль нечакана для начальства не рашылася ўсё iнакш. А вось ужо надыходзiць i жыдоўскае людзтва, цёмны натоўп, вострыя капелюшы на галовах, цесныя засаленыя лапсердакi на целе, зьбiраюцца, цiхенька памiж сабою перашэптваюцца, гяргечуць нешта пасвойму, як гэта калiсьцi рабiлi iх прабацькi каля брамы ў Ерусалiме, калi наш Збаўца ўязджаў у горад на сваiм асьляняцi. Мне, думае Айцэн, гэтыя ня будуць сьпяваць hosannah, але ня ўчыняць i crucifige; гэта можа прыйсьцi з зусiм iншага боку, ад зайздросьнiкаў i тых, хто хацеў бы зьняславiць i перакруцiць сiлу слова багашчаснага доктара Лютэра й ператварыць хрысьцiянскую школу ў латарэйны дом, дзе можна чворыць i круцелiць, як каму прыпадзе й заўгодзiцца.

I вось цяпер ён бачыць, што ўсе спаквалютку займаюць месцы, жыды й хрысьцiяне, i чуе, як жыдоўскi старэйшына пачынае гаварыць, стоячы на alemar, драўлянай катэдры пасярэдзiне залы, i гаворыць даволi далiкатна й з паклонамi вiтае гасьцей з Гаторпа й з Гамбурга, а таксама мудраца з далёкай Партугалii, iхняга паважанага настаўнiка й майстра дона Эзэхiеля Пэрэйру, але асаблiва гера супэрiнтэндэнта вялiкага суседняга горада Гамбурга, гера доктара Паўлюса фон Айцэна, па чыёй прапанове й прадуманым клопаце яны сёньня тут, жыды Альтоны й вернападданыя слугi Яго мосьцi Адольфуса, герцага Шлезьвiга й Гаторпа, атрымалi магчымасьць прысутнiчаць на вучоным дыспуце пра тое, цi прыбiты да крыжа Iсус Хрыстос быў адзiным i сапраўдным сынам Бога, хай сьвяцiцца iмя яго, i meschiach i цi, усьвядомiўшы гэты факт, жыды не зрабiлi б лепей, калi б навярнулiся ў хрысьцiянскую веру, прынялi таiнства хрышчэньня i тым самым палепшылi б сваё жалю вартае iснаваньне й нават у вялiкiм i багатым горадзе Гамбургу маглi б прыняць грамадзянства. Але, дадаў ён, нiхто ня будзе прымушаны да хрышчэньня, калi ў гэтым disputatio пераможа дастойны гер доктар фон Айцэн.

Жыды, заўважае Айцэн, паварочваюць галовы адзiн да аднаго й зноў перашэптваюцца; але адзiн, з доўгiм вострым носам i дзiкай сiвай барадой, падымае руку й пытаецца, ужо цi не павiнны яны на прыклад goyim, жэрцi ад цела пакаранага сьмерцю i пiць ад яго крывi ў кiрсе, калi ў Пiсаньнi ясна сказана, што пракляты той, хто павешаны на дрэве?

Тут сэрца доктара Паўлюса перапаўняецца сьвяшчэнным гневам, i ўсё яго ваганьне й прыкiдкi а цi ня правiльней было б цяпер i цi не своечасовей давесьцi да добрага канца ўсё, што ён прадпрыняў, разьвеяны й разьмецены ўшчэнт, i ён падымаецца й зычна ўзьвяшчае, што тут нам дадзена зразумець, якiх жудасных памераў набыла зацятасьць жыдоў; а Хрыстос жа ў сваёй вялiкай дабрынi памёр i за грахi жыдоў, калi толькi яны гэта прызнаюць, i таму кожны хрысьцiянiн павiнен малiцца й за выратаваньне iх праклятых душ, каб, калi прыйдзе час Страшнага суду, маглi быць сабраныя Хрыстом i яны.

- Але чаму, - прамаўляе ён з высока паднятай галавой, як прарок, - жыды ня хочуць паверыць, што iх мэсiя прыйшоў у асобе Iсуса Хрыста, калi ж яны бачаць i на сваёй скуры адчуваюць, што iхнi храм разбураны й яны расьсеяны па ўсiх краiнах, каб жыць у галечы й нэндзы сярод чужых i быць бiтымi сваiмi ворагамi? Таму Бог карае зацятых i асьлеплых жыдоў з поўным правам нават i сёньняшнiм часам, таму што яны не хацелi прыняць свайго Збаўцу, а па патрабаваньнi Пiлата, згадзiлiся, каб яго прыбiлi да крыжа, i паколькi Пiлат умыў рукi й сказаў, невiнаваты я ў крывi праведнiка гэтага, тады, адказваючы яму, жыды сказалi, Мацьвей 27: "Кроў ягоная на нас i на дзецях нашых".

Перейти на страницу:

Похожие книги