Берлiн, сталiца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут
навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
German Democratic Republik
2 траўня 1980
Дарагi, паважаны калега Байфус!
Ваша такое падрабязнае са шматлiкiмi цытатамi i спасылкамi на крынiцы пасланне ад 17 красавiка дало мне масу задавальнення, i я паспяшаўся паказаць яго свайму прыяцелю з Дарогi Смутку, дзе ён над сваёй абутковай лаўкай трымае вельмi дагледжаную халасцяцкую кватэрку. Гер Агасфер сказаў мне, што ён вельмi добра памятае пра памянёную ў Ёгансэнавым артыкуле сустрэчу з Айцэнам, памятае i другiя, менш радасныя спатканнi з iм; як што пазнейшы суперiнтэндэнт Шлезвiга наогул не быў вельмi прыемны чалавек, абмежаваны, захоплены сам сабою, сквапны i iнтрыган. Увогуле артыкул Паўля Ёгансэна ў часопiсе Аб'яднання па вывучэннi гiсторыi Гамбурга мне вядомы; калi ў нашай карэспандэнцыi ён дагэтуль з майго боку не знайшоў упамiнання, дык гэта толькi ад маёй татальнай легкадумнай няўважлiвасцi.
Усё ў Ёгансэна толькi дапушчэнне, не абапертае нi на якi доказны матэрыял, якi можна было б ахарактарызаваць як навуковы. Тое нямногае, што мы ведаем пра прарока Ёрга, хутчэй гаворыць супраць яго iдэнтычнасцi з Агасферам. Ёрг прапаведуе пакаянне i пагражае няшчасцямi; Агасфер такога не робiць, ён светапераробшчык зусiм iншага кшталту. Далей, няма нiякiх сучасных альбо iншых указанняў на тое, нiбыта Ёрг калi-небудзь сцвярджаў, што ведаў Iсуса альбо што ўвогуле быў iм пракляты, як гэта мела месца з Агасферам; а iдэя назваць яго Агасферам з уражання ад карцiны з персiдскiм царом у Мiкалаеўскай кiрсе ў Гамбургу ды яшчэ i яўрэем хутчэй паходзiць з поўных фантазiямi мазгоў Ёгансэна, чым з мозгу беднага прарока. Адвага, з якою Ёгансэн указвае i на трэцюю iдэнтычнасць, з юродам Васiлём Блажэным, сапраўды подзiву вартая; у iм няма нават ценю прыкметаў такое iдэнтычнасцi, калi, канечне, не мець за такую агульную шавецкую прафесiю рускага святога юрода i яўрэйскага цудатворца. Маскоўскi жабрак-манах як правобраз Агасфера - пры ўсiм прызнаннi вялiкiх дасягненняў рускага народа гэта ўяўляецца неверагодным.
Адзiна вартаснае ў Ёгансэнавых пiсаннях - гэта канстатацыя таго, што Агасфер спыняўся ў Гамбургу. Гамбургскiя эпiзоды з жыцця Агасфера пацвярджаюцца не толькi выказваннямi яго самога мне, але i адпаведнай лiтаратурай. Пры гэтым я адрасуюся не так на розныя, пачынаючы з 1602 г. у розных варыянтах публiкаваныя народныя кнiгi, як на сведчаннi Айцэна, зафiксаваныя ў апублiкаваных у 1744 г. Cimbria Literata Ёганэса Молера з Фленсбурга i памянёныя ў Hamburgischen Ehren-Tempel 1770 г. гамбургскага гарадскога архiварыуса Нiкалаўса Вiлькенса, а асаблiва ж на дакумент, якi я нядаўна атрымаў з добрай ласкi гера Герварта фон Шадэ, кiраўнiка Нордэльбскай царкоўнай бiблiятэкi, пасля таго як падчас пераезду бiблiятэкi ў новае памяшканне гэта сталася магчымым, i аўтэнтычнасць гэтага дакумента мне здаецца гарантаванай. Дакумент, уласнаручна напiсаны Агасферам лiст, паведамляе шмат цiкавага пра Гамбургскi перыяд i пра адносiны з Айцэнам. Аднак найперш трэба Вам, дарагi калега, коратка патлумачыць, да якой жыццёвай фазы Айцэна аднесцi гэта пiсьмо.