Асабiстыя прычыны, гаворка iдзе пра злосныя чуткi пра аблудныя непатрэбствы ў зняслаўленых начлежках, i непрыхiльнасць галоўнага пастара Эпiнуса да яго, прымусiлi магiстра фон Айцэна разам з яго юнай жонкай перабрацца ў Ростак, дзе ён разлiчваў быць карысным ва ўнiверсiтэце; аднак падчас славутай успышкi антыпатый мекленбуржцаў да спрытных розумам ганзейцаў яму не ўдалося дабрацца туды пеша, i неўзабаве ён вярнуўся назад у родны горад; першае дзiця, дзяўчынка на iмя Маргарэтэ ў калысцы. Гэтае дзiця, нягледзячы на гарбок i кульгавую ножку, было любiмцам мацi i павiнна было пазней стацца сумнай славутасцю: Маргарэтэ Айцэн разам са сваiм мужам, герцагскiм пiсарам Вольфгангам Калундам забiла бургамiстра Апэнрадэ Эсмарха, iхняга зяця, i была ў 1610 годзе пакараная смерцю. Але гэты невялiчкi крымiнальны раман можа цiкавiць нас толькi збольшага; важней тое, што Айцэн праз аб'яднаны ўплыў сваёй сям'i i ўплыў сваёй жонкi здабыў нарэшце духоўнае месца лектара сэкундарыўса пры саборы, г.зн. памочнiка прапаведнiка; неўзабаве аднак дзякуючы сваёй хрысцiянскай руплiвасцi i сваёй абсалютнай вернасцi лiтары Лютэра ён здабыў такую славу ў Гамбургу, што пасля смерцi Эпiнуса быў абраны тадыташнiм схiльным да тэалагiчных эксперыментаў сенатам у наступнiкi першага ў якасцi галоўнга прапаведнiка i суперiнтэндэнты. Праўда, на жаль, акадэмiчнай легiтымацыi, якую Айцэн прывёз з Вiтэнбэрга, было недастаткова; ён вымушаны быў туды вярнуцца, каб здабыць сабе доктарскi капялюш, як што ён быў абсалютна ўпэўнены, што вытрымае любы экзамен, яго выправiлi з паперай Тэалагiчнаму факультэту ў Вiтэнбэргу, у якой выбiтныя i знакамiтыя гамбургскiя пастары "хадайнiчаюць стацца паслужнымi свайму калегу i суперiнтэндэнту ў набыццi доктарскай годнасцi" i ў якой мiж iншага гаворыцца, што факультэт праз наданне такой годнасцi не толькi "privatim M.Paulum, sed etiam totam nostram Ecclesiam & civitatem", г.зн. не толькi магiстра Паўлюса "ўшаноўваюць за вялiкую рупнасць, але i забавязваюць усю гамбургскую эклезiю i грамадства да глыбокай удзячнасцi". Такой моцнай прэсii, падмацаванай старымi сувязямi Айцэна з Мэланхтонам, вiтэнбэргскi факультэт не маг супроцьстаяць, i ў вынiку вучоныя мужы, нягледзячы на яўныя плыткасцi i таўталогii ў 58 пунктах Айцэнавай вуснай дысертацыi, сталiся "паслужнымi" ў справе набыцця доктарскага тытула i тым самым умажлiвiлi яму яго наступны крок.
Цяпер у сувязi з гэтым наступным крокам, "дыспутацыяй з яўрэямi", стаiць пiсьмо Агасфера да яго ад 14 кастрычнiка 1556 года, ксеракопiю якога я прыкладаю. Паколькi Айцэн атрымаў доктарства толькi ў траўнi гаданага года, ён мусiў спешна адразу пасля свайго вяртання ў Гамбург брацца за планаванне i падрыхтоўку сваёй акцыi. Рукапiс Айцэна нялёгка расшыфроўваецца, але я мяркую, Вы ўжо здолееце ўчытацца. Я хацеў бы толькi звярнуць Вашу ўвагу на некаторыя мясцiны, якiя мне здаюцца асаблiва значнымi, скажам, адразу прыгожы пачатак:
"Дастойны доктар, добры гер суперiнтэндэнт,
я бедны жыдок, якi вандраваў гэтыя шмат гадоў з аднаго месца ў другое i многа ўсялякага, часцей дрэннага, панагледзеўся, павiнен па Вашай Годнасцi прапанове ў вялiкiм публiчным disputatio скласцi сведчанне de passione Christi, якi пракляў мяне i асудзiў in eternitatem, i павiнен сказаць абшчыне яўрэяў у Альтоне ex ore testis i пацвердзiць, што рабi быў сапраўдным сынам Бога Jahwe, хай свяцiцца iмя яго, а таксама Meschiach, якога чакаў народ Iзраiля, i павiнен я гэта зрабiць дзеля пабожнага каяння, якое я ў сабе выявiў, i ad majorem Dei gloriam".
Альбо яго пазнейшае пытанне:
"I што было б, калi б я адмовiўся? Цi не пераследаваўся б я Вамi i вышэйшым начальствам, цi не быў бы схоплены i разадраны, як авечка ваўкамi? Ad majorem Dei gloriam, кажаце Вы, але гэта хутчэй ad majorem gloriam дастойнага д-ра фон Айцэна, чым Бога, i за гэта павiнен я, бедны жыдок, апынуцца ў situationes, якiя для мяне нявыгадныя, iнакш гэта каштавала б мне галавы".
I далей унiзе:
"Але я хачу зрабiць гэта дзеля рабi, бо хто ж, як не я, зразумеў яго напраўду?"
Пасля чаго ён дапiсвае:
"Павiтайце Barbaram conjugem, я хачу здабыць для яе шэсць локцяў карычневага палатна, а таксама падвескi з Турцыi, а для маленькай Маргарэтэ чэпчык.
Вашай дастойнасцi слуга i вандроўны Жыд Агасфер".
Вось гэта, дарагi гер прафесар Байфус, што да тэзаў гера Ёгансэна i сапраўдных падзей падчас гамбургскага перыяду Агасфера.
З чым, па-сяброўску вiтаючы Вас, застаюся
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hеbrew University
Jerusalem
РАЗЬДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
У якiм дыспутуецца, цi сапраўды прыбiты да крыжа рэбэ Ёшуа быў мэсiя, а вучоны доктар фон Айцэн праз таксама вучонага жыда з Партугалii ўблытваецца ў нябесную арыфметыку, а Агасфэр абвяшчае, што кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, мае ў сабе сiлу i ўладу быць збаўцам