Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Юнаму магiстру фон Айцэну застаецца толькi паслухацца, ён падымаецца, iдзе. У хлопца ўжо пастарская паходка, думае хворы, такая разьмераная, разважлiвая i ўсё ж амаль нячутная: нельга ўспалошыць грэшнiка, пакуль яго ня ўдасца забрытаць. З кiм-кiм, а з жыдам пакумекацца ён патрапiць, думае й спрабуе намаляваць сабе перад вачыма, як мае выглядаць зь сябе той, у каго на горбе ўжо столькi гадоў, дрыгатлiвенькi чалавечак са сьлязьлiвымi вочкамi, зморшчаны, скурчаны й скуксабочаны, скура й косьцi, а вакол яго смурод гнiлiзны й цьвiлi. З такiмi думкамi ён i засынае й прычынаецца толькi тады, калi чуе ў памяшканьнi галасы й думае, што гэта яго сын, магiстр, разам з жыдам Агасфэрам, ён падымае галаву, каб пабачыць iх; але гэта сямейнiкi, а менавiта яго цёртая баба, Ганна, i старэйшы сын Дзiтрых, а таксама дочкi Марта й Магдалена, ўсе з жалобай у вачах, жанчыны патузваюць хусьцiнкi, а каля iх гер галоўны пастар Ёган Эпiнус, прыйшоў-такi, каб палегчыць гаротнiку апошнюю гадзiну, што хвораму зараз ужо зусiм не дарэчы, бо ён яшчэ мае шмат у чым памеркавацца з кiмсьцi зусiм iншым.

Але гер галоўны пастар Эпiнус з тых, хто заўсёды стрымгалоў ляцiць па сьледзе галоўнай задачы, няважна, каму наступаючы пры гэтым на пяты, а тут якраз прысьпела наставiць на правiльны шлях душу, добра прэпараваную i падрыхтаваную ў даль-дарогу - пахвальны чын i служба дружбы звыш таго. I ён адсылае жонку й дзяцей хворага з пакоя, як вялiкi птах шырокiмi размахамi, бо для сьвятой таемнасьцi споведзi прадпiсана, каб ён быў сам-насам з грэшнiкам. Пасьля падыходзiць да краю ложка, на якiм ляжыць хворы, такi ацiхлы й бледны, з потам страху на лобе, i загаворвае зь iм голасам, якi гучыць, быццам ужо спатойбоч магiлы:

- Калi прызнаеш ты, Райнгард Айцэн, што грашыў i раскайваешся ў гэтых грахах сваiх, дык адказвай - так.

Хворы моцна палохаецца пры гэтых словах, якiя ён ведае. Няўжо зайшло аж так далёка, што я мушу адгарнуцца ад сьвету, калi яшчэ зусiм не гатовы да гэтага; i дзе мой сын Паўль з абяцаным мне жыдам?

Галоўны пастар Эпiнус хоць i не пачуў з вуснаў хворага нiякага "так", аднак прымае журботны позiрк хворага ўгору да бэлек на столi за пажаданы адказ, строга кашляе й пытаецца далей:

- Калi прагнеш ты, Райнгард Айцэн, дараваньня тваiх грахоў у iмя Iсуса Хрыста, адказвай - так.

Хвораму здаецца, быццам ён чуе галасы з гоману за дзьвярыма. Там яны ўжо за чубы пабралiся, хоць я яшчэ не ахалонуў; усё гэта пустая марнасьць i марная трата, а той хто павiнен даць патрэбную мне пэўнасьць, дзе ён?

Усё яшчэ ня было нiякага "так" з вуснаў хворага, ня было нават слабенькага кiўка, але галоўны пастар Эпiнус прымае стомленыя ўздрыгi павекаў у хворага за пажаданы адказ i задае сваё трэцяе пытаньне, самае цяжкае й сур'ёзнае, ад якога залежыцьме, цi гэты вось, прасьветлены i ўжо свабодны, праз хвiлiну-другую ўзьнясецца ўгору да мiлажальных анёлаў, i ён кажа ўрачыстым i прыглушаным тонам:

- Калi верыш ты, Райнгард Айцэн, што Iсус Хрыстос вызвалiў цябе ад усiх тваiх грахоў i што дараваньне, якое я табе выказваю, ёсьць дараваньне ад Бога, адказвай - так.

Гэтым разам, аднак, на радаснае зьдзiўленьне гера Эпiнуса, хворы спрабуе загаварыць, вусны яго варушацца, хрыплы шэпт, неразборлiвы. Гер галоўны пастар нахiляецца да хворага, вухам да самых вуснаў, i разумее, што той кажа, а менавiта: "Дзе жыд? Дайце мне жыда!" - але ўсё яшчэ не разумее, што мае рабiць нейкi там жыд памiж тым, хто рыхтуецца Туды, i яго спавядальнiкам? Таму ён думае, што дух хворага ўжо блукае, як гэта часта бывае пры сконе, i што цяпер ужо час дакладна адмераны на адпушчэньне грахоў i прычасьце, i хуценька шэпча absolve te, быццам ягоны язык пайшоў навыперадкi з чортам:

- У сiлу наказу, якi даў Гасподзь сваёй царкве, абвяшчаю табе, Райнгард Айцэн: усемагутны Бог умiлажалiўся зь цябе й праз пакуты й сьмерць i ўваскрэсеньне Госпада Iсуса Хрыста даруе табе ўсе грахi. Аман.

I пасьпешна асяняе знакам крыжа й сьпяшаецца да дзьвярэй адчынiць, бо жонка й дзецi хворага павiнны засьведчыць, што той паспытаў ад сьвятога прычасьця й сам стаў часьцiнкай ад плоцi й крывi Госпада, - апошняя вячэра перад далёкай дарогай на гэтым сьвеце; але толькi дзьверы з рыпам адчыняюцца, як у iх урываецца магiстр Паўль, цягнучы за руку нейкага рыжага жыда й на ўсё горла абвяшчаючы: "Вось ён!" - i гэта ў вушы брату Дзiтрыху й сёстрам Марце й Магдалене, а таксама жонцы Ганьне, апошняя ў моцным хваляваньнi абураецца, што во якое нахабства, што во якая ганьба - задрыпаны жыдзюга каля чыстага хрысьцiянскага адра.

Перейти на страницу:

Похожие книги