- Страх, - кажа ён, - у мяне страх перад Нiчым. Раней, пры папiстах, тады панаваў добры купецкi парадак: столькi а столькi срэбраных гамбургскiх пфенiгаў за столькi а столькi гадоў сьпiсаньня пякельнага агню й iншых плягаў, i ты адпушчаны самiм сьвятым Айцом. А цяпер, пасьля таго, як твой доктр Лютэр узьмяцежыўся супроць? Хто сёньня той, што дасьць мне адпушчэньне паперай зь пячаткай, хто запэўнiць, як яно пойдзе далей пасьля сьмерцi альбо ў дзень паўстаньня зь мёртвых, калi сатлелыя косткi зноў складуцца разам i адуховяць згнiлае цела, i мёртвыя вочы засьвецяцца зноў, каб сузiраць бляск i вялiкую лепнасьць? Хто гарантуе гэта, i якi жыд пазычыць мне на тое хоць адзiн заваляшчы зашмуляны грош?
Сын кажа:
- Але апостал Ян абвяшчае, што ўсе, хто верыць у Госпада, атрымаюць вечнае жыцьцё. Вы павiнны верыць, спадару тата.
Я паслаў хлопца вучыцца, думае хворы, ён павiнен вучыцца, растапырыўшы вушы, каб уведаць, як там яно з апошнiмi таемнасьцямi й неўмiручай душой; хто яшчэ павiнен у гэтым разьбiрацца, як ня вучоныя геры дактары зь Вiтэнбэрга? I што ж ён мне цяпер кажа, сам ходзячы ў магiстарстве й шукаючы царкоўнай службы, каб усю тую пачэрпнутую мудрасьць вытрасьцi на галовы грамадзян нашага горада? У што я павiнен верыць?
- Верыць, так, - кажа ён. - Але крэдыт, сынку, даецца толькi пад пэўнасьць. Чым жа можаш запэўнiць мяне ты?
Гэта ўжо пацэлена трапна. Наколькi юны магiстр, сын дома Айцэн, палатно й шэрсьць, разумее ў гандлi-шмандлi, дык гэта што той, каму залежыць на веры й вернасьцi, вельмi нават лёгка можа страцiць тавар i ўсю маёмасьць, яшчэ й штаны да таго ж. А яно як у гешэфце, так i ў рэлiгii.
- Вы абяцаеце нам вечнае жыцьцё, - кажа хворы. - Вы духоўныя айцы. Ах, як бы я хацеў прыняць яго й ахвяраваў бы за яго ўсё, i грошы й дабро, я на каленях папоўз бы да самага сабора сьв. Пятра, а геру галоўнаму пастару Эпiнусу пацалаваў бы край яго мантыi альбо й край тваёй. Але ж дзе яна, тая пэўнасьць?
Сын ведае многiя выслоўi зь Сьвятога Пiсаньня й зь iншых вучоных кнiг i мог бы файненька iх прамовiць, гэтаму ён навучаўся ў Пiлiпа Мэланхтона i ў добрага доктара Марцiнуса; але якая карысьць ад тых суцешлiвых слоў чалавеку, якi шэсьць разоў на тыдзень разгортвае разьлiковую канторскую кнiгу, а малiтоўнiк толькi раз i якi прывык узважваць Мець супраць Павiнен? Такому досыць жывога сьведкi, якi выказваецца надзейна, думае сын i адразу ўжо ведае, што гэтая думка даўно засела яму ў галаве; сьпяваньне меднага пеўня ў Гэльмштэце ўразiла яго да глыбiнi душы й мiтрэнжыла ўсю дарогу да самага Гамбурга, i ён разважае сам у сабе, што праклён, якi аднаго асуджае на векi вечныя, да вечнага ж дабраславеньня можа абярнуцца другому.
- Пэўнасьць, - кажа ён, - я хачу даць Вам пэўнасьць, спадару тата. Я хачу расказаць Вам пра жыда Агасфэра, якога я сустракаў шмат разоў, i як тры разы закукарэкаў певень на вежы кiрхi.
Хворы прыслухоўваецца да сынавых слоў. Яны - бальзам на нябогае сэрца, якое адчувае, быццам вакол яго сьцiскаецца жалезнае колца; ён хоча да Бога, ён мог бы разарваць тое колца, але ведае, што калi разарвецца яно, разарвецца й сэрца. А гэты жыд, думае ён, а што, калi б тое было праўдай, што ён ёсьць, кiм хоча быць, быў бы самы неабвержны доказ i добрая пэўнасьць, i калi хлопец не выпрабоўваў памянёных жыдоў i сам чуў, як тройчы закукарэкаў медны певень на рыначным пляцы i як маланка й гром джыганулi зь яснага неба? I калi б яно было, тое вечнае жыцьцё, на якое нехта асуджаны праклёнам, як жа тады, каб другi памiраў, хай сабе й дабраславёным i ў мiры з самiм сабою й iз Богам?
- I дзе ж, мой сыне, - кажа ён, - той Вечны Жыд цяпер?
Гер магiстр забыўся падумаць, а гэта магло б прывесьцi хворага, як Банадыка да "аману", што ён будзе мусiць таго памянёнага Агасфэра валачы сюды на суцяшэньне й на зьмёртвыхустаньне. Але йсьцi шукаць жыда на вузкiх вулiчках, сярод гэтага людзкога тлуму, ды яшчэ, магчыма, прасiць ласкi ў таго, не, на такое ён ня можацца хоць бы ўжо праз тую прынцэсу Трапезундзкую, чыiх кпiнаў ён баiцца, i таму, што хацеў нацкаваць на iх абаiх людзей у Гэльмштэце, каб iх там пабiлi.
- Дзе той жыд сёньня? - кажа ён. - А чорт яго ведае дзе, чорт дзiрку знойдзе, куды ўшыцца.
Хворы бачыць, як малады магiстр юрзае заднiцай па крэсьле, думае пра ягоную долю ў гешэфце, але менавiта цяпер якраз i забывае распытацца пра жыда, цi насамвоч ён бачыў нашага Госпада Iсуса жывым i гаварыў зь iм i пасьля тысячу пяцьсот гадоў зь лiшкам бадзяўся па сьвеце. Певень туды, певень сюды, жыда клянуць, а жыд - як ягада, але гэты жыд не ашукае мяне, у мяне нюх на людзей, iнакш бы я ўжо тройчы збанкрутаваў, гэта моцны гешэфт, палатно й шэрсьць, у iм махляроў, шмугляроў i прайдзiсьветаў больш, чым сумленных людзей.
- Мой сынку, - кажа ён, - прывядзi мне сюды твайго жыда. Мне мус паталкаваць зь iм.
Хлопец хоча запратэставаць, але хворы са стогнам падводзiцца й кажа:
- Гэта мая воля, апошняя. Iдзi.