Айцэн думае, што гэта зусiм ня той задзiрлiвы тон, у якiм Маргрыт цэлы час гаварыла зь iм, ня тая мова, якой яна карысталася; па ўсiм адчуваецца, што тая, хто так свабодна, не заiкаючыся, не запiнаючыся, прамаўляе прыгожы вершык, паводле вымаўкi й складу, паводле таго, як спрытна хлешча языком, яна хутчэй за ўсё знатная дама, хай сабе прынцэса з Трапезунда, хай скуль бы там нi была. Тым больш гэта хвалюе яго, ён азiраецца, шукаючы свайго сябрука Лёйхтэнтрагера, бо той лепш за каго другога патрапiць сказаць яму, якiя такiя акалiчнасьцi павязваюць яго з усiм гэтым; але таго зноў дух прастыў, а турчанка Гэлена тым часам выставiла новую таблiцу, пасярэдзiне якой зноў-такi Гасподзь Iсус, гэтым разам у белай сарочцы, i сакавiтыя пурпуровыя кроплi крывi адна за адной зьбягаюць па скажоным ад болю твары, мiж тым як ён, угнуўшыся пад цяжарам, нясе крыж пад мiлаўбольнымi позiркамi заплаканых жанчын, якiя заломваюць рукi каторыя перад грудзьмi, каторыя за галавой. Прынцэса Трапезундзкая, указваючы левай рукой на карцiну, правую малiтоўна ўзносячы ў неба, прасякаецца яшчэ больш палкай пабожнасьцю.
Вось ён iдзе угору з крыжам,
сухiя губы сьмягла лiжа,
але далей iдзе Iсус,
пакутны тарабанiць груз.
Жанчыны плачуць. Iм Хрыстос:
"Iду! Пакiньце вашых сьлёз!"
Калi толькi Айцэн нешта ведае зь Бiблii, дык менавiта гэтую гiсторыю, якую сёньня ведаюць усе людзi; тым ня меней яны стаяць, як прыкаваныя, у клубах чаднага поту й цыбулi, яны амаль ня дыхаюць, у таго вунь старога сьлiна цячэ па барадзе, а ён i не зважае, другi, забыўшыся, iста чухае заднiцу; але прыгажуня Гэлена хуценька мяняе таблiцу, новая побач з пакутнiкам Iсусам паказвае чалавека ў залацiстажоўтым шаломе з чырвонымi нашчочнiкамi, якi марна спрабуе падаць Iсусу руку. I тут жа яна гаворыць дрыготкiм голасам:
Вось афiцэр тут убаку
пабрацку падае руку,
але ня зрыць Iсус нiчога,
бо толькi ж думае пра Бога.
I афiцэру ўжо вядома,
што чалавек той - ecce homo.
Як заўсёды, калi Айцэн чуе два падрад лацiнскiя словы, а гэтым разам асаблiва, пры еcce homo яму мароз дзярэ па скуры, ён упэўнены, што прыгожая красамоўнiца заўважыла яго падчас сваёй мастацкай дэклямацыi; блiснула вока, невялiкая паўза, можа, усяго на адзiн перавод духу, але ён выразна адчуў пазнала; Маргрыт, якую ён ведае, i прынцэса Трапезундзкая сплываюцца ў ягоным мазгу ў адно; еcce homo, думае, з храпы гэтай чорта-жыдоўскай лярвы, аж галава неяк пайшла, а пасьля думае, ну, хто я такi, каб быць стражэйшым за самаго Госпада Iсуса Хрыста, якi, пасьля таго як грэшнiца ўмыла яму ногi сьлязьмi й пацалавала iх i абсушыла iх сваiмi валасамi й памазала алеем, сказаў пра яе: многiя грахi ёй даруюцца, бо яна многа любiла; толькi што Маргрыт ня мела нiякай схiльнасьцi да ўсiх пералiчаных параметраў i ног яму ня мыла, каб аблашчыць iх, але ж такi яшчэ далёка ня вечар. I вось там на памосьце ўжо вiсiць новая таблiца, i на ёй зьлева вiдаць нашага Госпада Iсуса зь ягоным цяжарам, як ён дрогка падгiнаецца ў каленях, а справа ад яго жыд у чорным каптане, вельмi, здаецца, падобны на таго, зь якiм Айцэн пазнаёмiўся ў той лёсавызначальны вечар, а за жыдам дом з каланадай, i памiж касымi калонамi выпiрае нейкая штанга, на якой прымацаваная таблiчка, дакладней, зялёны вянок i ўсярэдзiне яго прыгожы пурпуровы бот. Прынцэса Гэлена прыматкабожылася каля карцiны, i па ёй вiдаць, што яе гiсторыя наблiжаецца да таго пункту, дзе вузел, якi яна з такiм дбаньнем завязала, разьвязваецца й сьледуе магутны ўдар грому; грудзi ў яе ўздымаюцца й апускаюцца, касмач на турбане дыбiцца ўгору, i яна паглядае паверх людзкiх галоў, быццам там удалячынi бачыць ясную ўяву, i кажа:
Габрэй Агасфэр адмыслова
там правiў рамяство шаўцова,
меў лаўку, дом свой i машну.
Гасподзь падумаў: адпачну,
хоць дух траха перавяду
ў цяньку дзьвярэй, бо не дайду.
I тут, натоўп ахае як з адных грудзей, - той ужо стаiць каля прынцэсы, у сваiм заношаным лапсярдаку й круглай ярмолцы на галаве, такой самай фарбы, што i ў Госпада Iсуса на таблiцы й на вялiкай карцiне, дзе ён вiсiць на крыжы. Стаiць вось, як з каноплi выскачыўшы, не, думае Айцэн, - як зь пекла выскачыўшы, Вечны Агасфэр, якi ня можа нi адпачыць, нi памерцi, а павiнен бадзяцца па сьвеце ўдоўж i ўпоперак, у холад i ў сьпёку, угору праз горы i ўнiз праз пустынi, праз зарасьлi цярноўнiку й чартапалоху, па скалах i кручах, праз таросы й валуны, праз рэкi й моры, бясконца, бясконца, i восека ён ужо тут, на рынку ў Гэльмштэце, гатовы да пытаньняў i адказаў пра тое, як яно было насамрэч зь iм i нашым Госпадам Iсусам i чаму ён так жудасна пракляты.