На драўляным рыштаваньнi стаiць жанчына, на ёй зялёныя шаравары, як на карцiнах з Турцыi, бачаных iм у кнiгах, i чырвоная вышываная камiзэля паўзьверх белай кашулi, а на галаве нейкi блакiтны турбан з блiскучаю зашчапкаю, з-пад якое ў паветра вылазiць белы касмач валасоў. Твар у яе густа расфарбаваны, хто там ведае, што ў яе пад шмiнкаю, можа маршчынiстая старакабетная скура. Толькi вочы, вялiкiя i блiскучыя, як пэрлы, маладыя, i гэтыя вочы ён пазнае, i тут жа ўсхоплiваецца з услона, бяжыць туды да сьцiжмы людзей вакол рыштаваньня, рассоўвае, расштурхоўвае iх убакi, не зважаючы на буркатню i лаянку, i ўжо стаiць перад жанчынай i тапырыцца на яе, як чалавек, што ўбачыў здань, i празь яе кашулю i шаравары бачыць формы грудзей i сьцёгнаў, i ў роце яму перасыхае, як ад пяску, i ён хоча закрычаць: Маргрыт! але анi гуку з горла.
А жанчына падымае руку i, убачыўшы, што людзi ўраз захлябенiлi пашчы, заяўляе звонкiм, урачыстым голасам, што яна прынцэса Гэлена, малодшая й самая любiмая дачка Трапезундзкага князя, якi, як высокi герцаг, служыць пры двары магутнага султана; але што яна пакiнула бацьку й мацi й прыгожы гарэм у Канстанцiнопалi, дзе ёй толькi птушынага малака не хапала, дзе было ўсё, чаго толькi душа жадала, убраньне i ўборы й шаўковыя падушкi й чорныя рабы ў абслузе, каб вахлярамi абмахвалi, бо ў ноч перад яе васемнаццатым днём нараджэньня зьявiўся ёй Вечны Жыд Агасфэр, асуджаны нашым Госпадам Iсусам Хрыстом на вечнае блуканьне аж да суднага дня, i яна навярнулася ў правiльную веру ў нашага Госпада Iсуса Хрыста, у вечнасьць. I з таго часу ўсюды сьледуе за Вечным Жыдам Агасфэрам, якi ня можа памерцi i ўвесь час пастаянна ўзнаўляецца на шляхах сваiх, а яна яму як бы нябесная нявеста, каб сьведчыць людзям пра велiч Бога й пакуты нашага Госпада Iсуса Хрыста, якiя Вечны Жыд бачыў на свае жывыя вочы, i ён потым сам выступiць i пакажа ўсяму народу свае памечаныя крыжавымi стыгматамi ногi й простымi словамi раскажа, як наш Гасподзь Iсус гутарыў зь iм i як пракляў яго за вялiкую бессардэчнасьць, у якой ён, небарака й гаротнiк, вось ужо тысяча пяцьсот дваццаць два гады раскайваецца. А каго не кране шчырая гiсторыя-споведзь, той хай пасьля спакойна дыбае сваёй дарогай, Вечны Жыд усё iм даруе, i наш Гасподзь Iсус Хрыстос даруе таксамака; калi ж каму дойдзе да мозгу касьцей, як яно й павiнна даходзiць шчыравернаму хрысьцiянiну, той пасьля можа купiць iлюстраваны, выдатна надрукаваны скрутак з гiсторыяй пракляцьця Вечнага Жыда Агасфэра i ўкiне сваю лепцiнку ў кубак, якiм яна абнясе людзей, бо яна й гер Агасфэр хацелi б i ў iншых месцах далучыць людцаў да гэтай весткi.
Айцэну як зарвала, так i стаiць усё яшчэ. Цi мог ён тады, пасьля той вечарыны ў доме ў магiстра Мэланхтона, сваёй затуманенай вiном галавой нават блiзка падумаць, што той настырны малады жыдок, якi трымаў Маргрыт на каленях i рабiў зь ёю i так i гэтак, мог мець хоць якое б там нi было дачыненьне да Вечнага Жыда, але ў сьвятле наступнага дня адагнаў яго ад сябе як чыстую прымару й насланьнё. А тут яшчэ й каб сама прынцэса Гэлена з Трапезунда, якая служыла ў яго сябра пакаёўкай, апратвала нанач пасьцель i выносiла начны посуд за iм, былым студыёзусам Айцэнам, i пры гэтым два мясiстыя паўмесяцы ззаду пад спаднiцай так панадна перашавельваюцца: вой, няўжо мы й праўда ўсе "сукупнасашчэпленыя", i хто ж тады той другi, што засеў у iм?
Лёйхтэнтрагер, здаецца, усё яшчэ сядзiць на ўслончыку каля гасьцiнiцы, п'е сваё вiно й не здагадваецца пра буру ў грудзях магiстра Айцэна, якога так i падсьцёбвае ўскочыць на той памост i залезьцi прынцэсе Гэлене пад камiзэлю i ў шаравары, i не таму, што яму наўме нейкiя там вашыя брыдоты, не, з чыстай цiкаўнасьцi й прагi пазнаньня; але й так куды б ён дайшоў, бо ж людзi навакол толькi хочуць ведаць, як там тое было з праклiнаньнем Жыда, але, канечне, ня ён адзiн хацеў бы пашураваць у гэтым вышытым капшучку, толькi ж нiхто гэтага ня робiць.
Прынцэса Гэлена тым часам павесiла на планку вялiкую таблiцу, на якой, таблiцы, быў вiдзён рыжабароды Iсус, апрануты ў прыгожа афарбаваную пурпуру, зь зялёным цярновым вянком на галаве, перад iм воiны паказваюць яму язык i крывяць пачварныя твары i ўсяляк зьдзекуюцца й насьмiхаюцца зь яго, а адзiн нават б'е кiем па галаве.
I пры гэтым яна дэклямуе ўзьнёслым голасам i з правiльным нацiскам:
Вы бачыце, як зброд служак
сьмяецца з Госпада ўсяляк,
шалёна зьдзекуецца, б'е
i шкумутанiць, i плюе.
Ён церпiць зьдзекi, глум i сьмех
за нашыя правiны й грэх.